Украіна перайшла ў контрнаступленне, але не на ваенным фронце, а рэлігійным. Высяленне манахаў з Кіева-Пячэрскай лаўры – гэта частка барацьбы з расійскімі агентамі ўплыву – чытаем у выданні Do Rzeczy. Удар па ўсёй Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату, замест па канкрэтных калабарацыяністах, выклікае спрэчкі. Аднак гэта не пераслед рэлігіі – мяркуе аўтар. Кіеў аддае перавагу Украінскай Праваслаўнай Царкве.
Пячэрская лаўра ў Кіеве, збудаваная ў сярэдзіне XI стагоддзя – адзін з першых манастырскіх комплексаў, створаных пасля прыняцця хрысціянства Руссю – агульнай калыскай дзяржаўнасці Русі, Украіны і Беларусі. Менавіта кіеўскі князь Уладзімір прыняў праваслаўе, якое пазней стала неад’емнай часткай самабытнасці і культуры трох усходнеславянскіх народаў. Апошнія 300 гадоў лаўра належала Праваслаўнай Царкве. У савецкі час яе афіцыйным уладальнікам была дзяржава. Пасля здабыцця Украінай незалежнасці тэрыторыю манастыра аддалі ў арэнду манахам навастворанай Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату.
Кантракт дзейнічаў да канца сакавіка гэтага года. Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны вырашыла яго не падаўжаць. Царква абскардзіла рашэнне ў судзе, манахі адмовіліся пакідаць установу. У іх абарону каля лаўры збіраюцца вернікі. Падзелы паміж прыхільнікамі і праціўнікамі УПЦ МП не такія адназначныя, як можа здавацца. Праўда, па баку абаронцаў лаўры большасць – прыхільнікі «рускага міру», але здараюцца сярод іх таксама ўкраінскія патрыёты, якія не разумеюць закідаў з боку афіцыйных уладаў. «Нашы манахі моляцца за нашых салдат, за перамогу над Расіяй», – можна пачуць ад абаронцаў.
Відаць, найбольш рознагалоссяў выклікае перш за ўсё постаць мітрапаліта Паўла, якога называюць яшчэ «Паша Мерседэс» з-за любові да дарагіх аўтамабіляў. Ён быў заключаны пад хатні арышт у сувязі з падазрэннямі аб супрацы з Расіяй. Гэта вельмі каларытная постаць, вядомая не толькі яго любоў да мерседэсаў, але таксама нелюбоў да журналістаў, якія задаюць невыгодныя пытанні. Было здарэнне, калі мітрапаліт кінуўся на журналістку і адабраў у яе тэлефон, на які яна запісвала яго выказванне.
Стаўленне Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату да нападзення Расіі неадназначнае. Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый ужо 24 лютага мінулага года заклікаў Пуціна спыніць вайну, а вернікаў – змагацца з агрэсарам. У частцы прыходаў перасталі маліцца за патрыярха Кірыла, які падтрымаў вайну. Але не ў лаўры. «Паша Мерседэс» нават выкінуў з манастыру манаха, які адмовіўся маліцца за Кірыла.
нг