Беларуская Служба

Недачакаўшыся рэакцыі ЕС, Польшча ўвяла ўласныя абмежаванні на імпарт украінскага збожжа

17.04.2023 13:01
У адказ Еўракамісія папракнула палякаў, што гандлёвая палітыка ўваходзіць у кампетэнцыю Еўрасаюза.
Аўдыё
  • Недачакаўшыся рэакцыі Бруселя, Польшча ўвяла ўласныя абмежаванні на імпарт украінскага збожжа
Здымак мае ілюстрацыйны характарskyradar/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча патрабуе ад Еўрасаюза ўвядзення ахоўных мер на ўзроўні ўсяе супольнасці, калі гаворка ідзе пра імпарт і транзіт збожжа з Украіны. У суботу польскія ўлады ўвялі забарону на ўвоз і транзіт шэрагу сельскагаспадарчых прадуктаў Украіны. У адказ Еўракамісія папракнула палякаў, што гандлёвая палітыка ўваходзіць у кампетэнцыю ЕС і краіны-члены не могуць самастойна прымаць рашэнні ў гэтай сферы. Брусель запатрабаваў ад Польшчы тлумачэнняў па гэтай справе.

У суботу міністр развіцця і тэхналогіі Польшчы Вальдэмар Буда падпісаў пастанову, якая забараняе ўвоз часткі сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны ў Польшчу. Рашэнне будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня бягучага года і распаўсюджваецца на 18 прадуктаў.

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павел Яблоньскі(Paweł Jabłoński) лічыць, што пастанова аб забароне на ўвозу сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны поўнасцю адпавядае заканадаўству ЕС:

- Існуе распараджэнне ад 11 сакавіка 2015 года аб супольных правілах, датычных імпарту. У артыкуле 24-м гаворыцца пра тое, што ў надзвычайных сітуацыях членскія дзяржавы могуць уводзіць свае абмежаванні, якія вынікаюць, напрыклад, з меркаванняў публічнага здароўя.

Павел Яблоньскі паведаміў, што Польшча ўжо раней інфармавала Еўрасаюз пра крызісную сітуацыю з украінскім збожжам, таму крытыку з боку польскай апазіцыі і часткі СМІ, ён назваў неадказным дзеяннем на шкоду краіны:

- Пра неабходнасць умяшальніцтва мы гаворым ужо даўжэйшы час. Тры тыдні мінаюць ад часу, калі прэм’еры пяці краін накіравалі пісьмо ў Брусель. Еўракамісія не рэагавала. Калі мы зараз чытаем, што ўвядзенне забароны, прадыктаванае надзвычайнай сітуацыяй, гэта замах на ЕС, то відаць зараз мы пачуем ад апазіцыі, што Еўразвяз мае рацыю і абмежаванні трэба зняць.

Віцэ-кіраўнік польскага МЗС адзначыў, што Польшча, абараняючы свой рынак сельскагаспадарчай прадукцыі, фактычна абараняе таксама еўрапейскі рынак. Ён дадаў, што Польшча патрабуе ад Еўрасаюза ахоўных мер на ўзроўні ўсяе супольнасці.

Кіраўнік польскага Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Робэрт Тэлюс(Robert Telus) паясняе, што пастанова аб забароне імпарту ўкраінскага збожжа – гэта спроба паўплываць на палітыку Еўракамісіі:

- Мы хочам шырэйшай дамовы: з Еўрасаюзам і Украінай, каб не было, што мы самі пра нешта вырашаем. Хочам сур’ёзнай размовы, паколькі нам здаецца, што да гэтай пары ніхто не ставіўся да гэтай праблемы сур’ёзна.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Анна Гембіцка(Anna Gembicka) паведаміла, што польскі ўрад шмат месяцаў інфармаваў Еўракамісію пра неабходнасць прыняцця канкрэтных захадаў адносна ўкраінскага збожжа.

- Трэба было прыняць канкрэтныя рашэнні, каб можа таксама сама Еўракамісія апамяталася. Мы хочам размаўляць з камісіяй і гэта робім. Прэм’ер Матэвуш Маравецкі разам з прэм’ерамі іншых краінаў, у якіх падобная праблема, накіравалі ў Еўракамісію пісьмо па гэтай справе. Мы адкрытыя на перамовы. Аднак наш прыярытэт – дапамога польскім фермерам.

Намеснік міністра дадала, што ўрад хоча, каб украінскае збожжа, якое зараз запаўняе элеватары ў Польшчы, было вывезенае з краіны да ўборкі. Адсюль, па яе словах, і рашэнне закрыць мяжу і субсідаваць польскае збожжа:

- У міністэрстве праходзіць шмат сустрэчаў, у тым ліку з польскімі экспарцёрамі, якія паведамляюць, што зараз польскія фермеры не прадаюць свайго збожжа з-за нізкай цаны на яго. Адтуль і розныя прапановы з мэтай стабілізацыі цаны збожжа на рынку, што павінна паўплываць на яго прапанову.

Віцэ-міністр сельскай гаспадаркі i развіцця вёскі Анна Гембіцка таксама паведаміла, што ў бліжэйшыя дні будзе апублікаваны поўны спіс кампаніяў, якія за апошнія месяцы імпартавалі збожжа з Украіны. Яна таксама выказала надзею, што дзеянні пракуратуры высвятляць, каторыя з гэтых кампаній гандлявалі збожжам з Украіны несумленна:

- Збожжа, якое ўязджала ў Польшчу, як фуражнае і спажывецкае – праходзіла адпаведную праверку. Аднак, да кастрычніка мінулага года здараліся выпадкі, калі збожжа, якое ўязджала ў Польшчу як «тэхнічнае», пазней мяняла назву, напрыклад, на «фуражнае». Згаданыя выпадкі зараз расследуе пракуратура, паколькі гэта нелегальныя дзеянні.

Анна Гембіцка выказала надзею, што расследаванне, якое вядзе пракуратура, будзе завершана хутка, што дазволіць прад'явіць абвінавачанне парушальнікам.

Прадстаўнікі ўкраінскага боку хочуць аднаўлення магчымасці транзіту збожжа праз Польшчу. Міністр сельскай гаспадаркі Украіны Мыкола Сольскі нагадаў, што бакі абмяркоўвалі часовае прыпыненне імпарту ўкраінскага збожжа ў Польшчу і ўшчыльненне транзіту. Ён выказаў спадзяванне, што ўдасца дасягнуць кампраміс:

- Тэкст быў падрыхтаваны, але ў той жа час былі змены, з-за якіх нам прыкра. Мы разумеем складаную сітуацыю на польскім рынку ў выніку блакавання ўкраінскіх партоў. Спадзяёмся, што мы зможам вырашыць гэтыя пытанні і аднавіць транзіт. Акрамя таго, мы хочам дамовіцца па іншых пытаннях, што дагэтуль нам у асноўным удавалася.

Сітуацыю з украінскім збожжам падаграваюць пратэсты польскіх фермераў, якія наракаюць на нізкую цану на збожжа на рынку. Іх непакоіць таксама тое, што ў польскіх элеватарах застаецца шмат украінскага збожжа, а час уборкі набліжаецца.

Між тым, па прыкладзе Польшчы, таксама ўрад Венгрыі і Славакіі забаранілі імпарт збожжа з Украіны. Аднак вугорцы захавалі магчымасць транзітных перавозак праз сваю краіну. Мыкола Сольскі ўжо размаўляў пра гэта з міністрам сельскай гаспадаркі Венгрыі, сёння размаўляе з польскім калегам. На гэтым тыдні кіраўнік украінскага Міністэрства сельскай гаспадаркі таксама плануе візіты ў Браціславу і Бухарэст.

IAR/аз

Міністр юстыцыі анансаваў следства па справе нелегальнага імпарту збожжа з Украіны

13.04.2023 18:07
Збігнеў Зёбра падкрэсліў, што гэткія дзеянні былі небяспечнымі для Польшчы і харчовай бяспекі краіны.

Міністры Польшчы і Украіны працягнуць перамовы наконт украінскага збожжа

17.04.2023 09:41
17 красавіка міністры сельскай гаспадаркі Польшчы і Украіны працягнуць перамовы па ўкраінскім збожжы.