У Расіі меў месца чарговы напад на прапагандыста і апалагета агрэсіі на Украіну. Пасля Дар’і Дугінай цэллю атакі стаў адзін з ініцыятараў «рускай вясны» на Данбасе – Захар Прылепін. Украінскі бок не каментуе сваёй датычнасці да нападу, але заяўляе, што ў рамках вызвалення будзе забіваць расіян. Масква назвала атаку – тэрактам і абвінаваціла Украіну. ЦІ ёсць у вайны межы законнага супраціву?
«Забівалі і будзем забіваць», так пракаментаваў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Кірал Буданаў забойства расійскіх прапагандыстаў. Журналісты Yahoo News спыталі Буданава, ці сапраўды яго ведамства датычна да замахаў на расійскіх прапагандыстаў.
«Давайце не будзем працягваць гэтую тэму. Усё, што я скажу: мы забівалі рускіх і будзем забіваць рускіх у любым пункце свету да поўнай перамогі Украіны», - адказаў Буданаў за некалькі тыдняў да меркаванага нападу двух дронаў на Крэмль і падрыву аўтамабіля з Захарам Прылепіным.
Расія пакуль не змагла даказаць прычаснасць менавіта Украіны да атак на прапагандыстаў. Кіеў дадзеныя справы не каментуе, аднак дазваляе сабе называць гэта законнымі дзеяннямі па спыненні агрэсіі ды вызваленні краіны. Наколькі гэта прымальна ва ўмовах вайны, мы запыталіся ў палітолага Паўла Усава.
- Гэта законнае змаганне. Ніхто не ставіць пытанне, ці тэрарызмам было забойства Гейдрыха – аднаго з набліжаных да Гітлера генералаў, адказнага за генацыд габрэяў у Еўропе. Такой дылемы не ўзнікала – ішла вайна. Тэрарызмам з’яўляецца тое, што робіць Расія: бамбардаванне мірных гарадоў, дэпартацыя мірных жыхароў, дзяцей. Сам факт агрэсіі – гэта парушэнне усялякіх міжнародных норм. Прапагандысты нясуць такую ж адказнасць за ваенныя злачынствы як і вайскоўцы. Прыцягнуць іх да адказнасці будзе магчыма толькі тады, калі Расія прайграе ў вайне. Да гэтага вельмі далёка, таму ўкраінцы дзейнічаюць як Ізраіль у дачыненні да агрэсара. Гэта правільная палітыка.
Слухайце размову ў аўдыёфайле
Размаўляў Юры Ліхтаровіч