Беларуская Служба

Украінцы хваляць польскія «Крабы»

18.05.2023 22:01
Генерал Сырскі паказаў у сваім Тэлеграм-канале, як украінцы з дапамогай польскай САУ «Краб» знішчылі расійскі мінамёт пад Бахмутам.
    ()
Польская самаходная артылерыйская ўстаноўка (САУ) «Краб»фота: Ministerstwo Obrony Narodowej

Камандуючы Сухапутнымі войскамі Узброеных сіл Украіны, генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі паказаў у сваім Тэлеграм-канале, як украінскія абаронцы з дапамогай польскай самаходнай артылерыйскай устаноўкі (САУ) «Краб» знішчылі расійскі мінамёт пад Бахмутам, паведамляе Gazeta Wyborcza. «Якасная праца нашых герояў», напісаў Сырскі.

Украінцы зазначаюць, што на фронце «Краб» працуе нават лепш, чым паказвае афіцыйная характарыстыка зброі. САУ Польшча пастаўляла Украіне практычна з самага пачатку канфлікту. Першапачаткова Варшава паставіла 18 «Крабаў», але потым іх колькасць сістэматычна павялічвалася да 54 штук. Такім чынам, на дадзены момант найбольшай колькасцю гэтых гаўбіц валодае не Польшча, а менавіта Украіна. Прычым пасля таго, як Варшава бясплатна паставіла гаўбіцы, Кіеў дадаткова замовіў 48 САУ на камерцыйных умовах, што сведчыць пра тое, што польскія ўстаноўкі добра сябе зарэкамендавалі на фронце.

«Краб» – самаходная гусенічная артылерыйская ўстаноўка, якую прадпрыемства Huta Stalowa Wola вырабляе з 2018 года. Пры вазе 48 тон САУ можа развіваць хуткасць да 30 км/г у палявых умовах і да 60 км/г на цвёрдым пакрыцці. Максімальны запас ходу – 400 км.
Гаўбіца ўзброеная гарматай калібрам 155 мм, які з'яўляецца стандартам у краінах НАТА. Вытворца прагназаваў магчымасць знішчэння цэляў на адлегласці прыкладна ў 37 км, але на практыцы яна можа быць павялічаная да 50 км. Акрамя гаўбіцы, экіпаж можа выкарыстоўваць буйнакаліберны кулямёт і дымавы гранатамёт.

«Краб» зʼяўляецца адным з самых сучасных відаў зброі такога тыпу. САУ мае шмат электронных сістэм, уключаючы аўтаматызаваную сістэму камандавання, сістэму навігацыі і сувязі ды сістэму лазернага папярэджання.

Вытворчасць гаўбіц будзе працягвацца як мінімум да 2027 года. Польшча хоча папоўніць свае запасы, якія вычарпаліся ў выніку дапамогі Украіне, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс