Кожны дзень у Беларусі затрымліваюць, садзяць людзей за іх погляды, чытанне альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Палітвязняў, толькі афіцыйна прызнаных, паўтары тысячы. Ці можа стацца так, што Лукашэнка возьме курс на лібералізацыю, чым выгодныя жорсткія рэпрэсіі Крамлю і каму на руку смерць экс-міністра МЗС Беларусі Уладзіміра Макея. На гэтыя пытанні для Польскага радыё адказаў палітык Аляксандр Мілінкевіч.
— Чаму рэпрэсіі маюць такі маштаб, не спыняюцца? І, як мяркуеце, гэта ў інтарэсах толькі Лукашэнкі?
— Уладу ўжо нельга называць аўтарытарнай, яна таталітарная. Гэта сталіншчына. Тое, што адбываецца, на маю думку, ідзе з цяжкай траўмы Лукашэнкі – гэта асабістае пачуццё непакою, вялікага страху. Агонія рэжыму відавочная, не ведаю, ці адчувае ён гэта. Чалавек застрашаны, і гэта правакуе такую рэакцыю: ён б’е вельмі балюча, столькі прайшло праз турмы – дзясяткі тысячаў, столькі людзей з’ехала – разумных, актыўных, адукаваных. І, з аднаго боку, можна пайсці ў адчай. Але я для сябе знаходжу пазітыўнае назаўтра, што памірае рэжым, гэта яго смерць, хоць яна і можа доўжыцца доўга. Што тычыцца ліквідацыі беларускага грамадскага сектару, асабліва прабеларускіх арганізацый, моўных арганізацый, медыя і г.д., я абсалютна веру, што ў гэтым найбольш зацікаўлены Крэмль. Для Крамля мы не можам быць беларусамі ў той ідэі, якую яны агалошваюць вуснамі Пуціна. Ён увесь час кажа, што ні б6еларусаў, ні ўкраінцаў не павінна быць. Што гэта хітрыкі палякаў, якія папсавалі сваіх суседзяў, адабралі ў іх расійскую вялікадзяржаўную ідэю. І таму я лічу, што Крэмль вельмі актыўна ўдзельнічае. І гэта не канспіралогія, абсалютна.
Я ўдзельнічаў ва ўсіх выбарах прэзідэнцкія пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі, пачынаючы ад 2001 года, і заўсёды Масква мела сцэнары на нашы выбары. Часцей хацелі не зняць Лукашэнку, фінансуючы нейкіх кандыдатаў, а напалохаць яго, як ён кажа «нахіліць», пасварыць з Захадам, пасварыць паміж сабою апазіцыю. І сёння яны, канешне, маюць сцэнары на Беларусь. Паглядзіце, Украіна адыходзіць. Яна не застанецца ў рускім міры – ні-ко-лі! Яна свядомая, арыентаваная, цэніць і любіць сваю зямлю. А калі і Беларусь адыдзе, то імперская ідэя гіне. Гэта апошні астравок, які трэба захапіць, падпарадкаваць цалкам, зрабіць рускамоўным. І толькі тады, можа, будзе пэўны шанц на ажыццяўленне мары — імперыі 1917 года.
Я хачу сказаць, што ўсе мы, грамадзянская супольнасць, нясем адказнасць за тое, што значна зменшылася падтрымка палітвязняў, падтрымка сем’яў. Раней нашы праваабаронцы мелі цэлыя сістэмы дапамогі, урэшце і Бяляцкі сядзіць за тое, што падтрымліваў палітзняволеных. А цяпер гэтай падтрымкі мала. І мова не толькі пра фінансы, але і пра маральную падтрымку, яе вельмі не хапае. Калі мы кажам пра культуру, адукацыю, медыя, усё трэба падтрымліваць, шукаць магчымасці. Але на першым месцы для мяне палітзняволеныя і іх сем’і.
— У працяг вашай думкі, што гэта апошнія доўгія дні, якія могуць расцягнуцца на гады. Але хіба немагчыма пакінуць гэтую даволі трывала выбудаваную сістэму, каб яна далей функцыянавала, ці так яна завязаная на аднаго чалавека? Тым больш з псіхалогіяй беларусаў, якія схільныя не бунтаваць, выконваць загады.
— Канешне, яна завязаная з Лукашэнкам у многім, хаця заўсёды ёс2ць людзі, гатовыя служыць злу. Але гэта персанальная дыктатура. Усе гэта разумеюць, ніхто яго не заменіць, каб выбудоўваць такую сістэму. Можа быць таксама дыктатар, можа прыйсці да ўлады нейкі сілавік, які пачне расстрэльваць. Гэтага нельга выключаць. Але ўсё ж сама пабудова сістэмы ўлады, калі ўсё трэба ўзгадняць з адным чалавекам і адзін палітык у краіне ўсё вызначае, такога не будзе больш. Я ўпэўнены, калі пасля яго прыйдзе іншы чалавек і паспрабуе захаваць гэтую сістэму, яму не ўдасца. Згадайце, калі Сталін адыходзіў, побач з ім былі людзі, у якіх рукі ў крыві – Берыя, Хрушчоў, іншыя. Але ўсе яны казалі пра лібералізацыю, бо думкамі былі на той пазіцыі, што калі працягваць, то будзе выбух, мора крыві. Я думаю, што і ў нас новая ўлада, якая б яна не была, – я не веру, што адразу прыйдзе дэмакратычная ўлада – пойдзе на паслабленне, будзе выпускаць палітвязняў.
І свет цяпер каб’яднаны, мы – экспартна-арыентаваная рэспубліка, эканоміку Паўночнай Карэі не выбудуеш. Але мы радуемся, што гэтая сістэма не выжыве, толькі старт наш пасля Лукашэнкі будзе з цяжкіх умоваў, людзі будуць галодныя і будуць думаць пра страўнік, а не дэмакратыі. Ну, гэтага трэба чакаць, рыхтавацца.
Тым не менш, я ўпэўнены, што беларусы сталі еўрапейцамі ў сваёй большасці, гэта праўда. І яны паказалі ў 2020-ым годзе, хаця шмат хто і кажа «не пайшлі на штурм, не ўзялі». Хацелася б перамогі тады, але, калі б пайшлі на штурмы, сілавікі пачалі б страляць масава. І кошты такіх крывавых рэвалюцый высокія. Паглядзіце, французы пакутавалі больш за сто гадоў пасля светлай рэвалюцыі, светлых ідэалаў. Таму не крывавыя змены, якія ўвесь час прапануюць беларусы, прадэмакраты, праеўрапецы, – гэта абсалютна правільны шлях. Мы прыйдзем з мінімальнымі ахвярамі да іншай сістэмы.
– Гэтыя тысячы палітвязняў выйдуць толькі пасля таго, як сыдзе Лукашэнка? Ці магчыма, што ўсе гэтыя людзі выйдуць на свабоду, не адседзеўшы свае драконаўскія тэрміны, нават калі ён будзе пры ўладзе?
– У нас ні раз былі выбары з пратэстамі, потым арышты-турма, затым Захад кажа, давайце пачнем з вамі дыялог, часцей гэта была нават прапанова з боку Лукашэнкі, бо Масква таксама насядала. І былі выпадкі, калі Лукашэнка выпускаў палітвязняў. Гэтым разам відавочна, што ён не перажыве сваю траўму: ён баіцца ўсіх і кожнага, яму здаецца, што калі ён пачне выпускаць, то на вуліцу выйдуць людзі, прыйдзе Полк Каліноўскага ці нешта яшчэ. Страх яму засцяліў вочы, хаця гэты шлях і вядзе ў нікуды, ён шкодзіць будучыні Беларусі пасля яго, шкодзіць сям’і – унукам будзе сорамна насіць прозвішча Лукашэнкі. Не ведаю, ці ўвогуле ён разважае такімі катэгорыямі.
Яму трэба гарантыі, але цяпер няма такіх палітыкаў, у тым ліку і ў Еўропе, каму ён верыць. У падобных перамовах важны давер, а ён згублены.
Смерць Макея – для мяне відавочна, што яна ненатуральная. Ён не быў дэмакратам, але быў беларусам
І смерць Макея – для мяне відавочна, што яна ненатуральная. Гэта смерць чалавека, які пры ўсёй сістэмнасці служыў Лукашэнку і лічыў, што Лукашэнка гарантуе незалежнасць. Я асабіста гэта знаў з размоваў з ім. Ён не быў дэмакратам, але быў беларусам, хацеў пабудаваць унутры стасункі паміж грамадзянскай супольнасцю, праеўрапейскімі беларусамі. І часам гэта ўдавалася. Яго мусілі забіць, бо ў гэтым выпадку ён перашкода, калі ідзе вайна. Гэта крыло для Лукашэнкі, каб паспрабаваць зрабіць тое, пра што мы з вамі кажам, магчыма, лібералізаваць сітуацыі. Цяжка ўявіць, што гэта адбудзецца пры Лукашэнку, хаця ніколі не кажы ніколі.
вх