Беларуская Служба

Кіраўнік украінскага парламента ў Сейме пра Валынь: Мы прымем праўду, якой бы балючай яна ні была

25.05.2023 14:45
«Разам мы знойдзем праўду і дадзім справядлівую ацэнку», – паабяцаў падчас выступу ў польскім Сейме старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук, згадаўшы валынскія злачынствы.
Szef Rady Najwyższej Ukrainy w Sejmie: Zbliża się rocznica straszliwych wydarzeń na Wołyniu.
Szef Rady Najwyższej Ukrainy w Sejmie: Zbliża się rocznica straszliwych wydarzeń na Wołyniu.PAP/Tomasz Gzell

У сваім выступе Стэфанчук адзначыў, што «вораг зробіць усё, каб нас пасварыць», піша Rzeczpocpolita.

«Набліжаецца 80-я гадавіна жудасных падзей на Валыні. Мы разумеем ваш боль ад страты блізкіх. Выказваю шчырыя спачуванні і ўдзячнасць усім сем'ям і нашчадкам ахвяраў тагачасных падзей на Валыні за захаванне светлай памяці продкаў. Памяць, якая не заклікае да помсты і нянавісці, але служыць папярэджаннем, каб нічога падобнага ніколі не паўтарылася паміж нашымі народамі», – сказаў спікер украінскага парламента.

«Чалавечае жыццё аднолькава каштоўнае, незалежна ад нацыянальнасці, полу, расы і веравызнання, – адзначыў украінскі палітык. – І з гэтым усведамленнем мы будзем супрацоўнічаць з вамі, дарагія польскія сябры, прымаючы праўду, якой бы балючай яна ні была. Разам мы павінны вытрымаць гэты складаны, але надзвычай неабходны экзамен, каб формула «прабачаем і просім прабачэння» набыла сапраўдны сэнс і практычнае вымярэнне».

«Разам мы знойдзем праўду і дадзім справядлівую ацэнку. Хачу, каб мы паважалі і не забываліся пра слаўнае братэрства нашай зброі, пра тое, як мы больш за стагоддзе таму разам вызвалялі Кіеў і выратавалі Еўропу ад нашэсця бальшавікоў, як нашы народы абʼядналіся ў Студзеньскім паўстанні супраць расійскага прыгнёту. Няхай памяць аб гэтых гераічных падзеях абʼядноўвае нашы народы і нашы дзяржавы«, звярнуўся старшыня Вярхоўнай Рады Украіны.

У выніку злачыннай дзейнасці ўкраінскіх нацыяналістаў на Валыні і ва Усходняй Галіцыі загінула каля 100 тыс. чалавек, этнічных палякаў. Актывісты польскіх памежных арганізацый у большасці выпадкаў беспаспяхова спрабавалі правесці эксгумацыю ахвяр масавых забойстваў. З 2017 года ўкраінскія ўлады забаранілі пошук і эксгумацыю парэшткаў польскіх ахвяраў войнаў і канфліктаў на тэрыторыі Украіны. Нядаўна ўкраінскі бок даў дазвол польскаму фонду на правядзенне пошукавых работ у мястэчку Пузнікі  былой Тэрнопальскай губерні.

Пяць гадоў таму, у ліпені 2018 года, прэзідэнт Анджэй Дуда ўсклаў вянок на ніве, такім чынам аддаўшы сімвалічную даніну памяці ахвярам генацыду на месцы неіснуючай польскай вёскі Покуць на Валыні. На могілках у Олыцы прэзідэнт тады звярнуўся да ўкраінскіх уладаў з просьбай аднавіць магчымасць эксгумацыі ахвяраў Валынскай бойні.

Нацыянальны дзень памяці ахвяраў генацыду, учыненага ўкраінскімі нацыяналістамі супраць грамадзян Другой Польскай Рэспублікі — 11 ліпеня, быў заснаваны Сеймам у 2016 годзе.

вх