Беларуская Служба

Прэзідэнт Дуда: Я прыняў рашэнне падпісаць законапраект аб стварэнні Камісіі па расследаванні расійскіх уплываў

29.05.2023 13:20
Рашэнні, якія можа прыняць камісія ўключаюць, сярод іншага: адмену адміністрацыйнага рашэння, прынятага ў выніку ўплыву Расіі; выдачу забароны на выкананне функцый, звязаных з распараджэннем дзяржаўнымі сродкамі на тэрмін да 10 гадоў.
   .
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.fot. Jakub Szymczuk/KPRP

14 красавіка гэтага года Сэйм прыняў акт аб стварэнні Дзяржаўнай камісіі па расследаванні расійскіх уплываў на ўнутраную бяспеку Рэспублікі Польшча ў гадах 2007-2022. Прэзідэнт Дуда прыняў рашэнне падпісаць гэты законапраект, паведамляе niezalezna.pl

- Грамадства павінна скласці сваё меркаванне аб тым, як дзейнічаюць яго прадстаўнікі, у тым ліку абраныя на ўсеагульных выбарах, як яны выконвалі гэтыя функцыі, як яны разумелі інтарэсы Рэспублікі Польшча,  адзначыў у заяве прэзідэнт Анджэй Дуда.

Я падпісваю законапраект, бо лічу, што ён павінен уступіць у сілу. Мяркую, што парламент адказна падыдзе да выбару членаў гэтай камісіі, каб іх кандыдатуры і канчатковы склад не выклікалі ў грамадскасці сумневаў наконт таго, аб'ектыўна ці неабʼектыўна будзе працаваць камісія, тлумачыў сваё рашэнне прэзідэнт.

Дуда адзначыў, што законапраект не прадугледжвае, што вердыкт камісіі можа вырашаць аб выцясненні чалавека з грамадскага і палітычнага жыцця. Прэзідэнт падкрэслівае, што «ёсць варыянт звярнуцца ў суд».

Рашэнні, якія можа прыняць камісія ўключаюць, сярод іншага: адмену адміністрацыйнага рашэння, прынятага ў выніку ўплыву Расіі; выдачу забароны на выкананне функцый, звязаных з распараджэннем дзяржаўнымі сродкамі на тэрмін да 10 гадоў.

Галава дзяржавы вырашыў, што падпіша законапраект, але адначасова перадасць яго ў Канстытуцыйны суд, каб той выказаўся па пытаннях, якія выклікаюць сумненні.

Супраць закону аб стварэнні камісіі па расследаванні расійскага ўплыву выступаюць апазіцыйныя колы.

Крытыкі камісіі лічаць, што гэты закон, створаны для таго, каб перад выбарамі ліквідаваць Дональда Туска з палітычнай сцэны або прынізіць яго ў вачах выбаршчыкаў – таму закон неафіцыйна называюць «lex Tusk».

Wiadomosci.gazeta.pl сцвярджае, што члены камісіі атрымаюць права прызначаць допыты, ператрусы і назіранне, а таксама (у рамках «сродкаў прававой абароны») пазбаўляць чалавека права займаць дзяржаўныя пасады на тэрмін да 10 гадоў або забараніць доступ да сакрэтнай інфармацыі – на практыцы гэта азначае немагчымасць займаць публічныя пасады або быць кандыдатам на выбарах.

Больш за тое, сябры камісіі не нясуць ніякай адказнасці за сваю дзейнасць – таму, калі камісія неабгрунтавана абвінаваціць кагосьці і высуне непраўдзівыя гіпотэзы, яна не будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці і кампенсацыі шкоды.

Адначасова не будзе права абскарджання «сродкаў прававой абароны», прызначаных камісіяй.

яс