Беларуская Служба

Гадавіна першых часткова свабодных выбараў - як змянілася Польшча за апошнія 34 гады

04.06.2023 09:30
Адным з найважнейшых поспехаў часу эканамічнай трансфармацыі, несумненна, зʼяўляецца ўступленне ў Еўрапейскі Саюз.
  .
Сцяг прафсаюзу "Салідарнасць".фота: ansala/ Shutterstock

4 чэрвеня палякі адзначаюць гадавіну першых часткова дэмакратычных выбараў. З гэтае нагоды ў выданні Rzeczpospolita разважанні пра тое, як змянілася Польшча за апошнія 34 гады.

Старшыня рады дырэктараў Амерыканскай гандлёвай палаты Тоні Гоўш (Tony Housh) кажа, што калі маладыя менеджары ці прадпрымальнікі пытаюцца ў яго, як змянілася эканоміка Польшчы за апошнія трыццаць гадоў, ён адказвае, што гэта той жа геаграфічны адрас, але ў трох-чатырох розных краінах – такія сур'ёзныя змены адбыліся ў Польшчы.

Няма адзінай формулы, да якой можна было б сумаваць тры найбольш сурʼёзныя поспехі і тры самыя вялікія няўдачы за апошнія 34 гады. Адным з найважнейшых поспехаў часу эканамічнай трансфармацыі, несумненна, зʼяўляецца ўступленне ў Еўрапейскі Саюз. Але эксперты гаспадарчай дзейнасці часцей адзначаюць эканамічную свабоду як поспех пераўтварэнняў і зменлівасць законаў, што ўскладняе вядзенне бізнесу.

Эканаміст праф. Дарыюш Філар (Dariusz Filar) найбольшым поспехам лічыць тое, што польскія грошы свабодна можна мяняць на замежную валюту, а правалам аказалася тое, што дзяржава не перайшла на еўра. «Шырокая прыватызацыя эканомікі была вялізным поспехам, але пакінулі занадта шырокі абʼём дзяржаўнай уласнасці з усімі яе паталагічнымі зʼявамі», – дадае Філар.

Праф. Анджэй Славіньскі (Andrzej Sławiński) лічыць, што 30 гадоў бесперапыннага эканамічнага росту – гэта вялізны поспех, таксама вялікі прыток прамых замежных інвестыцый, дзякуючы якім Польшча хутка ператварылася з краіны з дэфіцытам у краіну з прафіцытам. Акрамя таго, поспехам стала развіццё моцнага сектару малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Былы віцэ-прэмʼер па эканамічных пытаннях праф. Ежы Хаўзнер (Jerzy Hausner) сярод поспехаў называе рэформу мясцовага самакіравання (у першую чаргу стварэнне гмін). А няўдачы? Стан дзяржаўных фінансаў і кепская сістэма дзяржаўных паслугаў. Трэцяя няўдача – адсутнасць добрай інтэграцыі сельскай гаспадаркі ў сістэму рынкавай эканомікі.
Эканаміст Міхал Можджэнь (Michał Możdżeń) звяртае ўвагу на поспехі ў скарачэнні карупцыі. Польскім элітам удалося прадухіліць пашырэнне карупцыі і нават значна зменшыць яе маштаб.

нг