Беларуская Служба

Расійскія грошы пойдуць на набыццё зброі для Украіны

21.03.2024 15:02
З такой прапановай выступіла Еўрапейская Камісія. Пакуль ідзецца пра тры мільярды еўра з даходаў ад замарожаных актываў Цэнтральнага банка Расіі.
Аўдыё
  • ЕС абмяркоўвае падтрымку для Украіны за кошт расійскіх замарожаных актываў
         21  2024 .
Сустрэча лідараў краін ЕС перад пачаткам саміту ў Бруселі 21 сакавіка 2024 г.European Union

Вайсковая падтрымка для Кіева, перамовы аб сяброўстве Украіны з ЭС, а таксама пагадненне Бруселя і Кіева аб бязмытным гандлі — вось некаторыя з тэм саміту ЭС, які пачаўся сёння ў сталіцы Бельгіі.

21 сакавіка пачаўся двухдзённы саміт лідараў ЕС у Бруселі. Пасяджэнне праходзіць пад старшынствам кіраўніка Еўрапейскага савета Шарля Мішэля. Падчас двухдзённага саміту лідары ЕС абмяркоўваюць працяг падтрымкі Украіны ва ўмовах працяглай агрэсіі з боку Расіі, пашырэнне ЕС, развіццё сітуацыі на Блізкім Усходзе ды іншыя пытанні.

Напярэдадні саміта Еўракамісія накіравала краінам-чальцам Еўрасаюза прапанову, каб прызначыць блізу трох мільярдаў еўра ў год на падтрымку Украіны з прыбытку ад замарожаных у ЕС актываў расійскага Цэнтральнага банка.

Праект прапановы прадставіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазэп Барэль. 90 працэнтаў прыбытку плануецца накіраваць на закупку зброі для Украіны ў рамках Еўрапейскага фонду міру, 10 працэнтаў - на аднаўленне расійскіх разбурэнняў ва Украіне. Літва апынулася сярод тых краін  ЕС, якія за дадзенае рашэнне. Гаворыць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

- Гэтым разам абмяркоўваюцца шэраг пытанняў. Для мяне, як прадстаўніка Літвы, якая моцна падтрымлівае Украіну, галоўнае, каб з'явіліся новыя магчымасці дапамогі для Украіны ў вайсковы плане. Мы вітаем чэшскую прапанову і далучаемся да яе фінансава. Для мяне важна таксама, каб еўрапейскія структуры пацвердзілі сваю гатоўнасць да пачатку перамоў з Украінай аб далучэнні да ЕС у чэрвені бягучага года. Мы павінны гэта зрабіць як мага хутчэй, ад гэтага залежыць наша рэпутацыя.

Гэтаксама эстонскае кіраўніцтва падтрымала ідэю выкарыстання замарожаных расійскіх актываў для падтрымкі Украіны. Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас зазначыла, што выкарыстанне даходаў ад актываў – гэта толькі першы крок.

- Эстонія перадала Украіне новы пакет вайсковай дапамогі на 20 мільёнаў. Мы спадзяёмся, што іншыя зробяць падобны крок. Калі б усё краіны прызначылі 0,25% свайго ВУП на вайсковую дапамогу для Украіны, мы б перавысілі расійскія рэсурсы. Яшчэ важна, каб мы пачалі перамовы аб пашырэнні. Трэцяя справа – выкарыстанне даходаў ад змарожаных расійскіх актываў. Гэта першы крок, мы хацелі б каб было больш, але можна  пачаць з даходаў. Галоўнае дапамагчы Украіне.

Прапанову аб выкарыстанні даходаў з замарожаных расійскіх актываў падтрымлівае таксама Польшча. Паводле намесніка міністра замежных спраў Польшчы Анджэя Шэйны, Уладзімер Пуцін успрыме вельмі балюча тое, што зброю для Украіны будуць набываць з замарожаных сродкаў расійскага Цэнтрабанку. «Я вельмі рады гэтаму», — сказаў Анджэй Шэйна ў эфіры «Polskie Radio 24»:

- Ідзецца пра тое, каб у бліжэйшы час выкарыстаць тое, што Жазэп Барэль і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі назвалі, дывідэндамі з замарожаных актываў. Гэта як з дэпазітамі, на якія налічваюцца працэнты. У дадзеным выпадку мы маем дачыненне не толькі з дэпазітамі, але і з каштоўнымі паперамі. Гэта мільярды еўра, трэба іх выкарыстаць на ўзбраенне для Украіны.

Польскі бок нагадвае таксама, што ЕС павінен пільна заняцца ўзмацненнем еўрапейскай абароннай прамысловасці. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Трут.

- Пра гэта ўжо даўно гаворыцца, што ў нас ёсць шмат грошай, але мы не ўмеем разам іх разумна выдаць, каб дапамагчы Украіне з пастаўкамі амуніцыі. Таму гэты саміт зоймецца зборам грошай, рэалізацыяй таго, каб еўрапейскі абарончы сектар змог павялічыць свае вытворчыя магчымасці.

Не ўсе краіны ЕС падзяляюць дадзенае стаўленне. Сярод нязгодных – найбольш актыўная Венгрыя. Так венгерскі міністр па еўрапейскіх справах Янаш Бока сказаў, што палітыка ЕС у дачыненні да Украіны пачала развівацца такім чынам, што можа стварыць стратэгічную нявызначанасць замест таго, каб усталёўваць выразныя палітычныя рамкі.

Лідары заходнееўрапейскіх краін выказваюць памяркоўны аптымізм. Гаворыць прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ.

- Не ўпэўнены, што мы сёння дамовімся, я спадзяюся, што так будзе. Прынамсі мяне радуе тое, што Еўракамісія знайшла легальны шлях, каб выкарыстаць замарожаныя актывы. Тут важна, што чэшскі бок выступіў з ініцыятывай забеспячэння Украіны амуніцыяй. Галандыя ўжо далучылася да гэтай ініцыятывы, мы зробім усё, што неабходна.

Каля трох мільярдаў еўра ў год — столькі Украіна можа  атрымаць з прыбытку ад замарожаных у ЭЗ актываў расійскага ЦБ. Вялікая колькасць краін ЕС, у тым ліку Польшча, Літва, Эстонія, выступаюць за прыняцце такога механізма. Гэтыя краіны тлумачаць, што, перш за ўсё, неабходна пазбегнуць далейшага разбурэння ўкраінскай інфраструктуры і вылучыць грошы на закупку зброі, а не на аднаўленне. Аднак ёсць група краін, – сярод якіх Венгрыя, - якія не жадаюць гэтага рабіць. 

Ніякіх рашэнняў па гэтым пытанні на саміце не чакаецца, але абмеркаванне пакажа, ці ёсць шанец у ідэі Еўракамісіі быць хутка рэалізаванай.

Юры Ліхтаровіч