Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у пятніцу, 9 траўня, у французскім Нансі падпісалі польска-французскі трактат аб узмоцненым супрацоўніцтве і сяброўстве. Паводле Туска, у дакуменце змяшчаецца палажэнне, згодна з якім абодва бакі абавязваюцца аказаць адзін аднаму дапамогу — у тым ліку ваеннага характару — у выпадку пагрозы, піша партал energetyka24.com.
Атам і абарона
Прэзідэнт Францыі адзначыў, што падпісанне новага двухбаковага дакумента адкрывае «новую старонку гісторыі». Макрон падкрэсліў, што трактат будзе падтрымліваць еўрапейскія памкненні да прамысловай суверэннасці. Паводле французскага лідара, эканамічнае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Францыяй стане больш інтэнсіўным. У прыватнасці, Макрон анансаваў штогадовы двухбаковы эканамічны форум і рэгулярны дыялог высокага ўзроўню па пытаннях мірнай ядзернай энергетыкі. Таксама прадугледжваецца ўзмацненне каардынацыі ў сферах абароны і транспарту.
Макрон заявіў, што разам з Тускам ініцыяваў падпісанне гэтага трактата, бо «абодва перакананыя: польска-французскія адносіны трэба ўзняць на найвышэйшы ўзровень за ўсю гісторыю». Прэзідэнт Францыі таксама выказаў надзею, што супрацоўніцтва паміж краінамі будзе садзейнічаць развіццю еўрапейскай прамысловай самастойнасці.
«Мы гаворым пра тэхналогіі будучыні — штучны інтэлект, квантавыя і біялагічныя тэхналогіі, энергетыку, касмічную прамысловасць і абарону», — дадаў прэзідэнт Францыі.
У сваю чаргу, прэм'ер Польшчы Дональд Туск падкрэсліў, што падпісаны трактат узмоцніць агульную структуру еўрапейскай стабільнасці. «Мы абодва ўклалі шмат намаганняў, каб Веймарскі Трохкутнік стаўся яшчэ больш эфектыўным інструментам для вырашэння праблем у Еўропе і ў нашым рэгіёне. І без сумневу гэты дакумент істотна ўмацуе і гэты фармат», — заявіў прэм’ер-міністр Польшчы.
эж