Беларуская Служба

Чаму Дональд Туск не паехаў у Кіеў у адным вагоне з іншымі еўрапейскімі лідарамі?

14.05.2025 13:39
Тэма вагона, у якім польскі прэм'ер ехаў у суботу ў Кіеў, выклікала абурэнне ў Польшчы. Закраналася, у тым ліку, падчас прэзідэнцкіх дэбатаў на тэлебачанні.
    10.05.2025
Еўрапейскія лідары ў Кіеве 10.05.2025t.me/V_Zelenskiy_official

– Я бачыў як прыніжалі прэм’ер-міністра Рэспублікі Польшча, які ехаў у грузавым вагоне ў той час, як астатнія весяліліся ў браняваным вагоне, – пракаментаваў адзін з кандыдатаў у прэзідэнты Марэк Якубяк.

Чаму польскі прэм'ер, едучы ў суботу ў Кіеў, ехаў у іншым вагоне, чым Фрыдрых Мерц, Эмануэль Макрон і Кейр Стармер?

Газета Rzeczpospolita звярнулася з гэтым пытаннем спачатку да польскага МЗС.

— Візіт быў цалкам арганізаваны ўкраінскім бокам – сказаў прэс-сакратар МЗС Павел Вроньскі і скіраваў рэдактара газеты за інфармацыяй да афіцыйных асоб ва Украіне.

Суразмоўцы Rzeczpospolita ў Кіеве не бачаць праблемы ў тым, што польскі прэм'ер ехаў у асобным вагоне. Аднак каментаваць гэтую справу не жадаюць.

— Лідары краін садзяцца ў цягнік у Польшчы, а не ва Украіне. Мы не можам загадаць камусьці месца або нумар вагона. Гэтым займаецца дыпламатычны пратакол і адпаведныя службы бяспекі. Мы не можам каментаваць такія пытанні, – сказала газеце ананімна крыніца ў Кіеве.

 Яшчэ адна добра інфармаваная ўкраінская крыніца перакананая ў тым, што не трэба займацца такімі справамі.

— Ідзе вайна, і галоўнае, каб еўрапейскія лідары ​​бяспечна дабраліся да Кіева. Варта падзякаваць службам, якія арганізуюць наведванне ў такіх умовах, - падкрэсліла іншая ўкраінская крыніца.

Адзін з суразмоўцаў Rzeczpospolita ў Варшаве тлумачыць, што першапачаткова ў Кіеў планавалі прыехаць толькі кіраўнікі Польшчы, Францыі і Вялікабрытаніі, але да іх вырашыў далучыцца і Фрыдрых Мерц, абраны 6 траўня канцлерам Нямеччыны. У сваю чаргу прэм'ер-міністр Дональд Туск, па словах суразмоўцы газеты, «у апошні момант» вырашыў наведаць Кіеў.

Ананімны прадстаўнік Украіны таксама растлумачыў, што праблемы з лагістыкай маглі паўстаць з-за таго, што ў пятніцу, 9 траўня, у Львове была арганізавана нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў ЕС, а колькасць «спецыяльных вагонаў, якія ёсць у распараджэнні Украіны, абмежаваная».

— Мы высока цэнім візіт прэм’ер-міністра Дональда Туска і лічым, што Польшча ў цяперашні час з’яўляецца адным з лідараў сярод краін, якія фарміруюць будучыню міру ва Украіне, будучыню свету – каментуе ў інтэрв’ю Rzeczpospolita амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Боднар.

— Ні пра якое прыніжэнне ці непавагу гаворкі не ідзе. Усё было ўзгоднена такім чынам, каб забяспечыць бяспечны прыезд і ад'езд высокай дэлегацыі. Уся справа ў бяспецы, падкрэсліў Васіль Боднар.

 яс