Беларуская Служба

Эфектная параза праграмы «Касатка»

09.06.2025 14:11
Насуперак дэкларацыям урада, няма шанцаў на тое, што да канца года Польшча падпіша дамову на набыццё падводных лодак.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Беларуская рэдакцыя Польскага радыё/Radyjo.net

«Мы зробім усё, каб у наступным годзе падпісаць дамову на пастаўкі сучасных падводных лодак. Праграма «Касатка» («Orka», — рэд.) — для нас справа гонару», — заяўляў віцэ-прэм'ер і міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш у канцы лістапада мінулага года падчас Свята Ваенна-Марскога Флоту.

Ужо тады гэты план здаваўся вельмі амбіцыйным, але рэальным быў прынамсі выбар выканаўцы і пачатак дэтальных перамоваў. Цяпер відавочна, што да канца гэтага года дамовы не будзе — цяжка пачаць перамовы, калі невядома, з кім іх весці. Больш за тое, сёння нават папярэдні выбар выканаўцы да канца года стаіць пад пытаннем, піша Rzeczpospolita.

Першыя спробы набыць тры новыя падводныя лодкі Польшча рабіла яшчэ на пачатку мінулага дзесяцігоддзя. Цяпер на службе засталася толькі адна падводная лодка.

Таму 4 чэрвеня 2025 года былы экіпаж падводнай лодкі «Sokół», адной з падводных лодак, выведзеных з эксплуатацыі ў апошнія гады, напісаў адкрыты ліст прэм'ер-міністру і міністру абароны. 

«Заклікаем урад прыняць тэрміновыя і канкрэтныя меры, накіраваныя на аднаўленне падводных сіл Ваенна-Марскога Флоту. Час ганаровых рашэнняў мінуў, надышоў момант рашучых дзеянняў», — пішуць былыя вайскоўцы.

Выданне нагадвае, што гісторыя з набыццём падводных лодак цягнецца даўно. Спачатку ў Войску Польскім было створана некалькі дзясяткаў крытэрыяў, якія тычацца, між іншым, магчымасцей гэтых караблёў, часу паставак, забеспячэння фінансавання і г.д.

— Генеральны штаб прысвоіў асобным крытэрыям адпаведную вагу, не ведаючы нават прапаноў. Гэта забяспечвае бесстароннасць працэдуры. Агенцтва ўзбраення абапіралася на адказы, дасланыя вытворцамі. Некаторыя не былі адкрытыя для размовы і не даслалі неабходнай інфармацыі, што адбілася на іх балах, — патлумачыў палкоўнік Гжэгаж Поляк, прэс-сакратар Аддзела ўзбраенняў. Вядома, што пасля падсумавання балаў лепш за ўсё выглядалі прапановы з Германіі, Швецыі і Італіі (у алфавітным парадку).

Пасля гэтай ацэнкі Агенцтва ўзбраенняў перадала свае высновы ў Раду тэхнічнай мадэрнізацыі, у задачы якой уваходзіць «выпрацоўка пазіцыі па пытаннях тэхнічнай мадэрнізацыі Узброеных Сіл РП, у прыватнасці, вызначэнне прыярытэтаў у гэтай галіне».

Цяпер выбар павінен адбыцца на палітычным узроўні, у рэжыме міжурадавых перамоваў.

Тым часам з'явілася некалькі новых пераменных. Перш за ўсё, італьянская прапанова залежыць ад згоды нямецкага вытворцы, які хутчэй за ўсё яе не дасць, бо сам удзельнічае ў гэтым конкурсе. У сваю чаргу, шведская прапанова ўсё яшчэ звязана з вялікай рызыкай затрымкі, бо на службе няма яшчэ ніводнага карабля, які можна было б  набыць. У гульню вярнулася Францыя. 

І цяпер найбольш верагодным выглядае выбар паміж нямецкімі і французскімі прапановамі. 

Не змяняюць дэкларацыі, што праграма «Касатка» будзе фінансавацца з еўрапейскага інструмента SAFE, з якога ўсе краіны-члены ЕС змогуць пазычыць агулам да 150 мільярдаў еўра на закупку ўзбраення. Насуперак заявам Уладзіслава Касіняка-Камыша, Польшча не зможа прафінансаваць набыццё падводных лодак з гэтых сродкаў, бо яны патрабуюць, каб праграма была завершана да канца 2030 года. Нават калі б дамову падпісалі сёння, шанцаў на гэта няма, бо вытворчасць такой падводнай лодкі займае каля шасці гадоў. І гэта без затрымак, якія ў гэтай галіне часта здараюцца. Магчыма, гаворка можа ісці пра набыццё меншых сістэм узбраення, якія пазней будуць усталяваны на карабелях. Аднак такі сцэнар здаецца малаверагодным.

Мяч на баку палітыкаў

Што далей з закупкай трох падводных лодак для Ваенна-Марскога Флоту коштам некалькі мільярдаў злотых?

Рашэнне знаходзіцца ў руках палітыкаў (краіна знаходзіцца на этапе міжурадавых перамоваў). Яно павінна быць прынята на аснове прапаноў, якія датычацца не толькі параметраў саміх караблёў, але і прамысловага, ваеннага, а перш за ўсё палітычна-стратэгічнага супрацоўніцтва. Верагодна, яно будзе прынята на самым высокім узроўні, у трохкутніку Канцылярыя Прэм'ер-міністра – Міністэрства аброны – МЗС.   

вх