Беларуская Служба

Палітычная стабільнасць пасля паразы: урад Туска шукае падтрымкі

09.06.2025 15:09
Ініцыятыва вотуму даверу становіцца не толькі дэманстрацыяй унутранай згуртаванасці, але і спробай пацвердзіць міжнародным партнёрам палітычную стабільнасць Польшчы. Ці яна атрымаецца? 
Аўдыё
  • Палітычная стабільнасць пасля паразы: урад Туска шукае падтрымкі
         , 11 .
Галасаванне ў Сейме адносна вотуму даверу ўраду адбудзецца ў сераду, 11 чэрвеня. PAP/Marcin Obara

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў, што галасаванне ў Сейме адносна вотуму даверу яго ўраду адбудзецца ў сераду, 11 чэрвеня. Кіраўнік урада паведаміў пра намер звярнуцца да парламента з ініцыятывай аб пацверджанні даверу выканаўчай уладзе на фоне паразы кандыдата ўладнай кааліцыі Рафала Тшаскоўскага на прэзідэнцкіх выбарах.

Паводле афіцыйных вынікаў падліку галасоў з усіх выбарчых участкаў, кандыдат, падтрыманы правай апазіцыяй, Кароль Наўроцкі атрымаў 50,89 % галасоў, у той час як Тшаскоўскі — 49,11 %. Ці перажыве ўрад Туска галасаванне ў Сейме. Гэтыя выбары сталі ключавым палітычным момантам і могуць паўплываць на далейшы курс развіцця краіны. 

Вотум даверу, з якім Дональд Туск звяртаецца да Сейма, адбываецца ў асабліва адчувальны момант для польскай палітыкі. Пасля вяртання ў польскую палітыку ў 2023 годзе, Туск узначаліў апазіцыю і прывёў яе да перамогі на парламенцкіх выбарах, завяршыўшы амаль васьмігадовае кіраванне кансерватыўнага лагера «Права і справядлівасць». Аднак параза кандыдата ад улады Рафала Тшаскоўскага на прэзідэнцкіх выбарах стала вялікім выклікам для цяперашняй кааліцыі і падкрэсліла глыбокі палітычны падзел у краіне. 

У гэтай сітуацыі ініцыятыва вотуму даверу становіцца не толькі дэманстрацыяй унутранай згуртаванасці, але і спробай пацвердзіць міжнародным партнёрам палітычную стабільнасць Польшчы, — пераканаы палітолаг Матэвуш Сабат:

— Тут мы маем справу з ініцыятывай самога прэм’ер-міністра Дональда Туска, таму гэта не вотум недаверу. Гэта не сітуацыя, калі змяняецца парламенцкая большасць. Проста прэм’ер хоча зрабіць палітычны жэст, каб прадэманстраваць, што ён мае падтрымку большасці ў Сейме. Звычайна падчас такіх падзей будзе прамова, блізкая да праграмнай — яна вызначыць прыярытэты ўраду, надасць палітыцы правячага лагеру выразны кірунак.

І я думаю, што пасля паразы Тшаскоўскага на прэзідэнцкіх выбарах, гэта будзе новая камунікацыйная старонка, спроба перанакіраваць увагу з тэмы надуманых фальсіфікацый, з пытання, ці будзе новы прэзідэнт бракаваць усе ініцыятывы, на будучыню — на тое, што ўрад плануе зрабіць.

— У той жа час ёсць пэўнае напружанне ўнутры кааліцыі. Напрыклад, адзін з уплывовых дзеячоў Польскай сялянскай партыі Марэк Савіцкі наўпрост абвінаваціў Туска ў гультайстве. Ці вы ўпэўненыя, што ўрад Туска перажыве галасаванне ў сераду?

— На маю думку, у сераду ніякіх неспадзянак не адбудзецца. Урад мае стабільную большасць, сфармаваную пасля выбараў 15 кастрычніка паўтара гады таму. Гэта жэст, які павінен падкрэсліць моц і рашучасць урада, а таксама прадэманстраваць яго бачанне будучыні. Я не думаю, што ідзе гаворка пра змену ўрада, змену прэм’ера або палітычнай большасці. Гэта хутчэй новае палітычнае адкрыццё як для самога Туска, так і для ўсёй кааліцыі.

— Ці не аслабляе такі вотум міжнародныя пазіцыі Польшчы?

— Наадварот. Моцны вотум даверу на ўнутраным палітычны полі можа толькі ўмацаваць урад Дональда Туска і падкрэсліць стабільнасць Польшчы на міжнароднай арэне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, у якіх уладны лагер пацярпеў паразу, магло скласціся ўражанне, што краіна сутыкаецца з нейкай палітычнай турбулентнасцю, магчыма нават «рэвалюцыяй». І, вядома, вынік Караля Наўроцкага — гэта сапраўдная «жоўтая картка» для ўрада. Але калі гаворка ідзе пра ўнутрыпалітычную стабільнасць, у Сейме нічога не мяняецца. І я думаю, што вынік галасавання стане сігналам для міжнародных партнёраў: усё пад кантролем, усё рухаецца ў стабільным напрамку.

— Як вы ацэньваеце перспектывы супрацоўніцтва паміж прэзідэнтам Наўроцкім і прэм’ерам Тускам?

— Думаю, супрацоўніцтва будзе складаным. Прэзідэнт прадстаўляе іншую палітычную сілу, чым урад. Але варта памятаць, што ў Польшчы паўнамоцтвы прэзідэнта адносна абмежаваныя. Ён можа накладаць вета на законы, уплываць на працэсы, але ўрад таксама мае інструменты — распараджэнні, пастановы і іншае, незалежныя ад прэзідэнта. Калі прэзідэнт блакуе папулярныя ініцыятывы, ён сам рызыкуе палітычнай рэпутацыяй.

Таму я не чакаю поўнай абструкцыі з боку Караля Наўроцкага. Нават цяперашні прэзідэнт Анджэй Дуда, таксама звязаны з «Правам і справядлівасцю», за паўтара гады супрацоўніцтва заблакаваў толькі шэсць законаў. Так, многія законы да яго і не дайшлі, але гэта сведчыць, што пэўная форма супрацоўніцтва магчымая.

— Паводле вас, ці такая моцна палярызацыя грамадства і палітыкума ў Польшчы не перашкодзіць пошукам магчымасцяў падобнага супрацоўніцтва?

— Я б падзяліў сітуацыю на дзве сферы: камунікацыйную і палітычную практыку. У камунікацыйнай прасторы варта чакаць «вайны на вынішчэння» — штодзённых палітычных канфліктаў, узаемных абвінавачванняў, яскравага супрацьстаяння. Але ў галіне рэальнай палітыкі, думаю, прэзідэнт будзе падтрымліваць шэраг канструктыўных ініцыятыў. У яго ёсць доўгатэрміновая палітычная перспектыва, і ён не захоча выглядаць выключна як фігура, што толькі перашкаджае. К

алі будуць ініцыятывы ў сферы эканомікі, адукацыі, энергетыкі — няма падставаў чакаць поўнай абструкцыі з боку Наўроцкага. У Сейме часта бывае, што законы, якія не выклікаюць вялікіх палітычных спрэчак, падтрымліваюцца як урадам, так і апазіцыяй. Таму ў камунікацыі — моцны канфлікт, у рэальнай палітыцы — магчымы дыялог і нават супраца. Я мяркую, што цягам як мінімум двух з паловай гадоў гэтыя адносіны будуць развівацца па вось такім змешаным сцэнары.

Слухайце аўдыё!

эж














Ад мытні да Бельведэра: хто такая Марта Наўроцкая, будучая першая дама Польшчы

05.06.2025 19:44
Пакуль у Польшчы не існуе афіцыйнага статусу першай дамы, грамадства, журналісты і эксперты задаюцца пытаннем, якую ролю возьме на сябе Наўроцкая — актыўнай грамадзянкі ці стрыманай спадарожніцы прэзідэнта?

Палітолаг: Улады Расіі і Беларусі ўспрымаюць Наўроцкага як антырасійскага дзеяча

05.06.2025 15:15
Караль Наўроцкі з’яўляецца старшынёй Інстытута нацпамяці Польшчы, які крытыкаваў знішчэнне польскіх памятных месц у Беларусі.