Тыя лічылі, што Познань, Сілезія і Памеранія — гэта нямецкія землі. Тое ж самае тычыцца і расійскай эліты, якая лічыць, што Украіна — гэта расійская зямля, а пра Беларусь няма што і казаць.
Усходнееўрапейскі рэгіён перажывае цяпер крытычны момант, які характарызуецца гарачым ваенным канфліктам, зменамі глабальных альянсаў і ды пагаршэннем эканамічнай сітуацыі. Эксперты з Міжнародная сеткі стратэгічных дзеянняў у галіне бяспекі (ISANS Варшава) папярэджваюць, што ў перспектыве бліжэйшых гадоў існуе магчымасць або гібрыднай атакі на краіны Балтыі, або вайсковага ўдару па Польшчы з тэрыторыі Беларусі, які рыхтуе Расія. Гэта наступства таго, што за апошнія пяць год Беларусь стала крытычна залежнай ад Расіі.
У Беларусі ёсць невялікі шанец вырвацца з-пад расійскага кантролю, перакананы аналітык варшаўскага Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Вітальд Радкевіч.
— Стратэгічна, ёсць падставы для аптымізму, у тым сэнсе, што рэжымы Пуціна і Лукашэнкі не здольныя прадставіць пераканаўчага бачання будучыні для сваіх краін і народаў. Адсюль іх зварот да гістарычных, і цалкам штучных ды фальшывых міфаў. Што тычыцца самой Беларусі, там здарылася тыповая для краін і народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы сітуацыя. Палякі таксама былі ў падобных умовах пасля страты незалежнасці, як літоўцы ды ўсе народы Рэчы Паспалітай. Ідзецца пра сітуацыю, калі трэба думаць пра будучыню, не маючы ў сваім распараджэнні дзяржаўнага апарату, не маючы ўсяго, што дае незалежная дзяржава. Такім чынам, гэта своеасаблівы гістарычны выклік для беларускага народа. Вядома, ёсць цяжкасці, і не варта чакаць падарункаў ад іншых, нават ад тых, хто мае добрыя намеры, а трэба выкарыстоўваць тое, што ёсць. Беларусь усё яшчэ не фігуруе на ментальнай мапе еўрапейскіх палітыкаў, ці, калі быць дакладным, заходнееўрапейскіх эліт.
Пяць гадоў таму не было сумневаў у будучыні незалежнасці Беларусі.
— Гаворка ідзецца пра інерцыю мыслення. На маю думку, сітуацыя ў Беларусі ў аснове сваёй такая ж, як і ў 2020 годзе, пасля падаўлення пратэсту беларускага грамадства супраць сфальсіфікаваных выбараў, і не змянілася са стратэгічнага пункту гледжання. Стратэгічнае падпарадкаванне і пазбаўленне Беларусі рэальнага суверэнітэту — гэта павольны працэс, які адбываўся з 1994 года, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Паступова, цяжка сказаць, у які момант, але я думаю, што гэта быў дакладна 2014 год; пасля ў Лукашэнкі была нулявая прасторы для манеўру.
Сітуацыя адкрытай вайны і адкрытага канфлікту, выкліканая нападам на Украіну, парадаксальным чынам адкрывае пэўныя магчымасці для Беларусі, кажа эксперт
— Відавочна, што Беларусь можа дасягнуць незалежнасці толькі ў выпадку няўдачы імперскай і рэвізіянісцкай палітыкі Расіі. Пакуль Украіна змагаецца - шанец ёсць. Да гэтай вайны была тупіковая сітуацыя ў Беларусі, якая магла б працягвацца вельмі доўга, бо не было ніякага знешняга фактару, які мог бы паслужыць стымулам для змен. Вядома, кепска, што пачаўся маштабны ваенны канфлікт, які ў любы момант можа перакінуцца на іншыя краіны. Гэта абавязкова адбудзецца, калі, не дай Бог, украінцы прайграюць. Тады, вядома, акрыленыя поспехам расіяне пойдуць далей. Але з іншага боку, ёсць пэўная палітычная дынаміка і пэўны шанец на змены, у адрозненне ад працяглага тупіку, які чакаў бы нас, калі б не агрэсіўная палітыка Расіі, калі б Пуцін задаволіўся Крымам і стрымліваннем Украіны праз Мінскія пагадненні, якія маглі б цягнуцца вечна. Часовыя рашэнні часта — напрыклад, Карэя — застываюць, ператвараючыся ў нешта спрадвечнае. Гэта не добра з пункту гледжання беларускага народу.
З пункту гледжання польскага аналітыка, ці маюць сэнс заявы пра такія сцэнары, як магчымы гібрыдны або ваенны напад Расіі з Беларусі, навошта клікаць бяду?
— Аналітыка заснаваная на рэальнасці - мае сэнс. У дадзеным выпадку ідзецца пра вельмі рэалістычную сітуацыю. Гаворка ідзе пра вызначэнне рэальных пагроз і ўсведамленне таго, што яны існуюць. Я вывучаю стратэгічнае мысленне расійскай эліты, ментальны свет, у якім жыве расійская эліта. На маю думку, сцэнар агрэсіі зусім не нерэалістычныя. Улічваючы мэты, якія ставіць перад сабой расійскі рэжым, яны, па сутнасці, могуць быць дасягнуты толькі шляхам агрэсіі. Ваенны канфлікт паміж Расіяй і НАТА — найбольш верагодны сцэнар, асабліва калі амерыканцы выведуць войскі, таму што іх прысутнасць — гэта адзінае, што яшчэ стрымлівае Маскву. Як толькі амерыканцы сыдуць войскі, расійская эліта не змарнуе такую нагоду.
У Еўропе недаацэньваюць ступень крыўды, выкліканай паразай у Халоднай вайне сярод уладароў Крамля, дадае эксперт.
— Гэта вельмі падобная сітуацыя, аналагічна нямецкай эліце пасля Першай сусветнай вайны – так званы Веймарскі сіндром. Расійская эліта не змірылася з паразай і хоча вярнуць кантроль над Украінай, кантроль над абшарам былога СССР, стварыць буферную зону ды пашырыць уплывы ў Еўропе. Яны лічаць, што гэта іх натуральнае права, так бы мовіць. Гэтак жа нямецкая эліта лічыла, што Познань і Памеранія пасля 1918 года павінны былі належаць Германіі. Нават арганізатары замаху на Гітлера ў ліпені 1944 года таксама лічылі, што трэба спыніць вайну, але Познань, Сілезія і Памеранія — гэта нямецкія землі. Тое ж самае тычыцца і расійскай эліты, якая лічыць, што Украіна — гэта расійская зямля, краіны Балтыі — таксама. Я не буду згадваць Беларусь, бо тут усё відавочна. І ў гэтым корань праблемы.
Гэта вельмі важны матыў, які кіруе дзеяннямі Крамля, падсумоўвае адмысловец.
— Цяперашняя вайна, напад на Украіну, з жахлівымі забойствамі ў Бучы і тэрарыстычнымі паветранымі і ракетнымі атакамі і г.д., — гэта не проста нерацыянальная палітыка. Гэта помста за ўяўныя прыніжэнні, неабходнасць цярпець сітуацыю, якая, з пункту гледжання расійскай эліты, была незаслужанымі пакутамі, прыніжэннем, адсутнасцю прызнання статусу.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч