Беларуская Служба

Польскі палітолаг: Трамп не хоча міру, а яго «ўльтыматум» не падмацаваны гарантыямі выканання

15.07.2025 15:13
Трамп ставіць ультыматум: 50 дзён да міру — або 100% мыт супраць партнёраў Расіі.
Аўдыё
  • ЗША пагражаюць Расіі і яе гандлёвым партнёрам жорсткімі санкцыямі, калі цягам 50 дзён не будзе дасягнута мірная дамоўленасць з Украінай. Дональд Трамп заяўляе пра пастаўкі зброі, ставіць ультыматум РФ, агучвае новыя ўмовы супрацоўніцтва з Еўропай. Еўрапейскія лідары насцярожаны, а эксперты не хаваюць скепсісу.
  .
Прэзідэнт ЗША Д. Трамп PAP/EPA/YURI GRIPAS / POOL

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон увядзе 100-працэнтныя другасныя мыты супраць гандлёвых партнёраў Расіі, калі на працягу наступных 50 дзён не будзе дасягнута мірнае пагадненне паміж Масквой і Кіевам. Пра гэта ён паведаміў 14 ліпеня падчас сустрэчы ў Белым доме з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ.

— Мы працягнем пастаўкі ўзбраенняў Украіне, але аплачваць іх будуць еўрапейскія краіны. Я спадзяваўся, што дамова з Пуціным будзе заключаная яшчэ два месяцы таму, але нічога не адбылося. Таму, калі на працягу 50 дзён мы не прыйдзем да пагаднення, мы будзем вымушаныя разгледзець магчымасць увядзення пошлін у 100%. Гэта проста. Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе.

Адказваючы на пытанне журналістаў пра магчымыя пастаўкі ЗША сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot ва Украіну, Трамп адзначыў, што гэта можа адбыцца «цягам некалькіх дзён».

— Ёсць адна краіна, якая мае 17 сістэм Patriot, гатовых да адпраўкі. Яны ім непатрэбныя, таму большасць з гэтых комплексаў будзе перададзена ўкраінскаму боку. Гэта значнае пагадненне з НАТА. Ваеннае абсталяванне на мільярды долараў будзе набыта ў ЗША, перададзена НАТА і аператыўна дастаўлена на лінію фронту.

Паводле амерыканскага лідара, у пагадненні будуць удзельнічаць некалькі краін, якія ўжо маюць на ўзбраенні Patriot. Іх плануюць абмяняць або замяніць, а каардынаваць працэс будзе пастаянны прадстаўнік ЗША пры НАТА Мэцью Уітакер.

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ пацвердзіў, што Украіна «атрымае вялікі аб’ём ваеннай тэхнікі: як сістэмы СПА, так і ракеты ды боепрыпасы».

Кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас асцярожна адрэагавала на ўльтыматум Трампа. Паводле яе, дзеянні ЗША маюць і  як пазітыўны, так сумнеўны бок:

— З аднаго боку, добра, што прэзідэнт ЗША займае жорсткую пазіцыю адносна Расіі. З іншага — 50 дзён — гэта вельмі доўгі тэрмін, калі ўлічваць, што штодня гінуць нявінныя людзі. Мы ўсе павінны ўзмацніць ціск на Расію. Добра, што ЗША дзейнічаюць, але хуткасць таксама мае значэнне.

Кая Калас дадала, што спадзяецца на далейшае ваеннае супрацоўніцтва паміж ЗША і Украінай.Таксама, паводле дыпламаткі, у Бруселі ўжо амаль дасягнута дамоўленасць пра 18-ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі. Міністры замежных спраў 27 краін-чальцоў збіраюцца ў аўторак, 15 ліпеня для канчатковага рашэння па гэтым пытанні.

Польскі міжнародны аналітык Анджэй Таляга адзначыў, што Трамп расчараваны адсутнасцю прагрэсу ў перамовах з Крамлём:

— Ён думаў, што зможа дамовіцца з Пуціным, прапанаваўшы яму нешта ў абмен на спыненне агню. Але новыя расійскія атакі прымусілі яго страціць веру ў гэты план. Трамп расчараваны, бо не змог выканаць уласныя перадвыбарчыя абяцанні.

Эксперт падкрэсліў, што Трамп не прадстаўляе прамую дапамогу Украіне:

— Сітуацыя абсалютна адрозніваецца ад таго, што было раней. Ён нічога не дае бясплатна, ён не прапаноўвае дармовы пакеты дапамогі. Ён проста прадае зброю еўрапейцам, якія за свае сродкі перадаюць яе Украіне. Гэта бізнес-падыход. Гэта — Трамп.

Аналітыкі ацэньваюць ультыматум Дональда Трампа як непаслядоўны. Цяперашняя рыторыка прэзідэнта ЗША не столькі набліжае мір, колькі дэманструе яго ўласныя палітычныя ваганні і амбіцыі, кажа  палітолаг Караль Шульц з Уроцлаўскага універсітэту:

— Я не здзівіўся гэтымі заявамі. Трамп з самага пачатку паказвае, што абсалютна не разумее сітуацыі і дае сябе падманваць Пуціну, як маленькае дзіця. Ён абяцаў скончыць вайну за 24 гадзіны, а цяпер дае злачынцу чарговыя 50 дзён. Нічога, на маю думку, не змянілася. Трамп паказвае, што па-сапраўднаму не разумее гэтай сітуацыі.

Хачу толькі нагадаць: ён заявіў пра стоадсоткавыя мытныя пошліны супраць Расіі. Але пакуль што ЗША не ўвялі ніводнага мыта супраць Расіі. І гэта не першы раз, калі Трамп кажа, што змяніў сваё стаўленне да Пуціна. Пуцін хоча толькі аднаго — цалкам знішчыць Украіну як дзяржаву.

Ці зразумеў гэта Трамп, ці яму гэта паказалі людзі з яго атачэння, ці, магчыма, еўрапейцы — я не ведаю. Але выглядае на тое, што ён вырашыў зарабляць на гэтай вайне, прасоўваючы «новую» ідэю: прадаваць еўрапейцам амерыканскую зброю, якую тыя потым перададуць Украіне. Амерыканцы на гэтым зарабляюць, а еўрапейцы нясуць выдаткі. Ніякай упэўненасці  ў далейшай палітыцы Трампа ў мяне няма. 

Паводле Караля Шульца, Трамп неаднаразова мяняў сваю пазіцыю адносна Расіі і Уладзіміра Пуціна. Палітолаг лічыць, што амерыканскі лідар выкарыстоўвае вайну ва Украіне як інструмент унутранай палітыкі, каб умацаваць сваю пазіцыю перад выбарамі:

— І я не хачу пакрыўдзіць дзяцей, але ведаю дзяцей, якія нашмат паслядоўней за Дональда Трампа. Ён паводзіць сябе як разбэшчанае дзіця, якое не атрымала таго, чаго хоча. Сёння ён выказваецца катэгарычна пра Пуціна, а яшчэ нядаўна называў яго сваім сябрам, вялікім дзяржаўным дзеячам, які цудоўна кіруе Расіяй.

І гэта — пра чалавека, якога міжнародная супольнасць абвінавачвае ў генацыдзе. Так што тое, што Трамп гаворыць сёння, заўтра можа быць цалкам адменена. Я нават не ўпэўнены, што гэтыя ЗРК Patriot, пра якія ён кажа, сапраўды будуць пастаўлены. Яшчэ тыдзень ці два таму пастаўкі ваеннай дапамогі былі прыпынены цалкам.

Трамп кажа, што калі Пуцін не выканае ягоныя ўмовы, ён зменіць курс. Але ён ужо казаў гэта сем месяцаў таму, і нічога не змянілася. Мне здаецца, што гэты канфлікт дае Трампу магчымасць трымаць еўрапейцаў у залежнасці. Я амаль перакананы, што ён не хоча міру. Дональд Трамп хоча перамогі  падчас будучых прэзідэнцкіх выбараў. Ён хоча падтрымкі ў ЗША. І я сур’ёзна лічу, што ён зробіць усё, каб перамагчы на выбарах і пераабрацца. І нават не выключаю, што паспрабуе пайсці на трэці тэрмін, калі  палітычная сістэма і грамадства яму гэта дазволяць.

Слухайце аўдыё!

iar/эж