На верасень абвешчаныя вучэнні «Захад-2025». Восеньскія расійска-беларускія вайсковыя вучэнні выклікаюць занепакоенасць у Еўропе. У першую чаргу, гэта звязаная з тым, што пра план вучэнняў мала што вядома. Адсюль з’явілася шмат спекуляцый пра магчымую імітацыю выкарыстання тактычнай ядзернай зброі ды разгортванне гіпергукавой балістычнай ракеты «Арэшнік». Пуцін нядаўна заявіў пра пачатак паставак у войскі гэтай сістэмы ды паабяцаў на нядаўняй сустрэчы з Лукашэнкам размесціць яе ў Беларусі.
Напружанасць узрасла пасля змены месца правядзення вучэнняў. На пачатку лета Лукашэнка казаў, што манеўры будуць перанесеныя ўглыб Беларусі з мэтай «дээскалацыі». Цяпер Масква і Мінск вырашылі, што «Захад-2025» трэба правесці бліжэй да мяжы з Польшчай і Літвой.
Украінскія назіральнікі пачалі адкрыта папярэджваць, што Расія вядзе падрыхтоўку да вайны з краінамі Балтыі. Пра гэта напісаў украінскі Тэлеграм канал @volyamedia, звярнуўшы ўвагу на словы памочніка прэзідэнта Мікалая Патрушава, які нечакана паабяцаў здзейсніць зруйнавальны адказ на ваенную агрэсію на Калінінград. Падобная рыторыка пра «фіктыўную пагрозу» з боку Украіны гучала і ў лютым 2022 года.
Украінцы кажуць, што адбываецца канцэнтрацыя войск для манеўраў, якія потым могуць быць адпраўленыя з палігонаў для ўдару па Украіне ці іншай суседняй дзяржаве. Такая сітуацыя мела месца чатыры гады там, калі адбыліся вучэнні «Саюзная рашучасць-2022», а потым пачалася расійская агрэсія на Украіну, нагадвае вайсковы назіральнік украінскай службы Польскага радыя Аляксандр Паціха.
— Папярэднія вучэнні 2022-га года былі фактычна маскіроўкай для ўварвання ва Украіну. Калі згадаць, што ў тых манеўрах былі задзейнічаныя 9 тысяч жаўнераў, а цяпер – 16 тысяч, таму і з’яўляюцца перасцярогі. Тым больш, што мы бачым, што расіяне здымаюць з фронту некаторыя вайсковыя адзінкі і кудысьці іх перакідваюць. На іх месца прыходзяць менш баяздольныя часці, а баяздольныя адзінкі пакуль знікаюць з фронту, і яшчэ ёсць інфармацыя зноў пра адпраўку карэйскіх войск на фронт. Гэты таксама выклікае пытанне: а навошта?
На думку Аляксандр Паціхі, Расія завязла ва Украіне, Маскве патрэбная гучная перамога, якую яны хочуць атрымаць праз напад на краіны НАТА.
— Для іх – гэта апошні шанец перамагчы ў гэтай вайне. Засяроджванне сіл і адпраўка іх на Кіеў прывядзе да таго, што яны яшчэ раз застрануць, а ўдар на Балтыю можа ім даць гучны вынік.
У сваю чаргу ў Беларусі лукашэнкаўскія прапагандысты пачалі разважаць пра акупацыю Вільні. Ананімны Тэлеграм Канал БЕЛАРУСКАЯ ВЫВЕДКА паведаміў, што рыхтуецца гібрыдная атака на Літву ды Польшчу пры дапамозе дронаў. Такі сцэнар абсалютна рэальны, перакананы эксперт па пытаннях бяспекі Зміцер Міцкевіч.
— Хто можа прадказаць, што Пуцін пачуўшы ўсе засцярогі Захаду, не прыняў рашэнне, што трэба дзейнічаць хутчэй і цяпер правесці гібрыдную аперацыю. Дроны ў такой сітуацыі будуць граць вялікую ролю, улічваючы тое, што ў краінах Балтыі ды Польшчы ёсць праблемы з супрацьпаветранай абаронай . Расія разумее, што час гуляе супраць яе, краіны Захаду будуць узбройвацца і падвышаць сваю абаронную здольнасць. Расія ж губляе мабілізацыйны рэсурс, магчымыя браджэнні ўнутры расійскага грамадства, а цяпер у Пуціна ёсць перавага: у яго ёсць большая цэнтралізацыя ўлады, мабілізацыйцныя здольнасці ды хуткасць рэагавання, і ёсць перавага ў паветры ў параўнанні з краінамі Балтыі ды Польшчы.
У сваю чаргу палітолаг з Гданьскага ўніверсітэта Аляксандар Казак зазначае, што не варта перабольшваць пагрозу. У Расіі на дадзены момант няма свабодных рэсурсаў для вайны на два франты.
— Няма персаналу і фармавання баявых адзінак для такога ўдару. Як мінімум гэтага нябачна, таму я не буду казаць пра тое, што неўзабаве дойдзе да ўварвання. Разам з тым змена вядзення вайны (масавая выкарыстанне дронаў) прымушае задумацца краіны НАТА і з недаверам ставіцца да любой вайсковай актыўнасці ўнутры Беларусі.
Таксама палітолаг Павал Усаў зазначае, што з вайсковага пункту гледжання, Расія не ў стане весці вайну адначасова з Украінай да НАТА.
— З пункту гледжання вайсковай сітуацыі, эскалацыя ды канфлікт з краінамі НАТА выглядае немэтазгоднымі. Тым больш Беларусь і Расія не маюць дастаткова рэсурсаў, каб распачаць інтэнсіўную вайну з Польшчай ці Літвой. Аднак цяжка казаць пра логіку і рацыянальнасць у выпадку расійскіх уладаў сёння.
У адказ на актыўнасць сваіх суседзяў Польшча і саюзнікі па НАТА запланавалі вучэнні «Жалезны абаронца», якія пройдуць у той час, калі Лукашэнка і Пуцін будуць праводзіць свае манеўры.
Юры Ліхтаровіч