ЕС дасць дадатковыя 30 млн еўра дапамогі народу Беларусі ў наступным годзе. Гэта давядзе агульную падтрымку з моманту выбараў 2020 года да больш чым 200 млн еўра, заявіла еўракамісар па пытаннях пашырэння Марта Кос, абвяшчаючы выдзяленне сродкаў.
Сярод беларусаў стала чуваць пытанні пра размеркаванне грошай і мэты, на якія яны выдаткоўваюцца. Адкуль крытыка і недавер, тлумачыць палітолаг Павал Усаў:
- Праблема, перш за ўсё, у эфектыўнасці размеркавання сродкаў, якія выдзяляе не толькі ЕС, але і іншыя краіны, на дзейнасць апазіцыі, а пры гэтым дэкларуецца, што сродкі выдзяляюцца на барацьбу беларускага народа. Гэта выклікае большасць крытычных заўваг. Маё меркаванне, што гэтыя сродкі выдаюцца на бессэнсоўныя рэчы: канферэнцыі, сустрэчы, паездкі, якія ніяк не адбіваюцца на эфектыўнасці палітычных структур, эфектыўнасць праграм, скіраваных на падтрымку палітвязняў. У тым ліку пытанні, якія паявіліся пасля апошняга вызвалення 52 палітвязняў. Нягледзячы на велізарныя сродкі аказалася, што грошай для доўгатэрміновай падтрымкі людзей, якія гады правялі ў турмах, не было. Падтрымку павінны былі забяспечыць зборамі тыя ж самыя беларусы. За пяць год павінна быць створаная сістэма, якая дазволіла б без праблем людзям выдзяляць сродкі. І не на адзін ці два месяцы, а прынамсі на паўгода для адаптацыі. Мы нават да канца не ведаем на якія мэты ідуць гэтыя грошы, як яны размяркоўваюцца, што з’яўляецца прыярытэтам. Мы бачым растраты на незразумелыя праекты, у тым ліку квазі-палітычныя. Гэта выклікае з майго боку крытычнае стаўленне. Гэтых велізарных сродкаў хапіла б на падтрымку вязняў на працягу некалькі гадоў. А пакуль выпусцілі невялікую колькасць, а калі пачнецца масавае вызвалення, як забяспечыць гэтую падтрымку? Наступнае, няма сістэмнай справаздачы: колькі, як, куды. Усё гэта выклікае хвалю недаверу.
Поўная размова - у далучаным гукавым файле.