Беларуская Служба

Дэмакратычная будучыня Венесуэлы пад пытаннем

05.01.2026 14:26
ЗША робяць стаўку на старыя эліты пад сваім наглядам.
Аўдыё
  • Неакрэсленая будучыня Венесуэлы
Сотні прыхільнікаў чавізму мабілізаваліся з патрабаваннем да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вызваліць Нікаласа Мадура і яго жонкуEPA/RONALD PENA R Dostawca: PAP/EPA.

3 студзеня амерыканскія войскі правялі аперацыю ў Венесуэле, падчас якой быў захоплены і дэпартаваны ў ЗША венесуэльскі прэзідэнт Нікаласа Мадура і яго жонка. Амерыканскае кіраўніцтва заявіла, што іх будуць судзіцца за наркатэрарызм. Адначасова прэзідэнт Дональд Трамп запатрабаваў ад віцэ-прэзідэнта Дэлсі Радрыгес, якая ўзяла на сябе абавязкі кіраўніка дзяржавы, падпарадкавацца адміністрацыі ЗША. Пры гэтым ані слова амерыканскія чыноўнікі не кажуць пра дэмакратызацыю Венесуэлы.

У першую суботу новага 2026-га года амерыканскія войскі правялі нечаканую аперацыю ў Венесуэле, падчас якой былі захоплены і дэпартаваны ў ЗША дзеючы прэзідэнт Нікалас Мадура і яго жонка. Гэтая аперацыя выклікала вялізарны шок у свеце. Прагучала крытыка непрымальнасці такіх крокаў. Справа ў тым, што гэтымі дзеяннямі «прэзідэнт ЗША сур'ёзна змяняе міжнародны парадак і стварае небяспечны прэцэдэнт, бо ўзнікае пытанне: чаму Трамп можна так рабіць, а Сі і Пуцін – не?», падкрэсліў у эфіры KYIV24 палітолаг Яўген Магда.

У эфіры «Польскага радыё» еўрадэпутат ад партыі «ПіС» Міхал Дворчык падкрэсліў, што юрыдычныя аспекты дзеянняў ЗША трэба абмяркоўваць, але варта пазітыўна ставіцца да звяржэння венесуэльскага дыктатара.

— Заўвагі наконт парушэння міжнароднага права абгрунтаваныя, трэба пра гэта размаўляць. Аднак з пункту гледжання інтарэсаў польскай дзяржавы, важна тое, мы ўбачылі, што наш саюзнік мае выключныя вайсковыя кампетэнцыі. Няма чаго шкадаваць крывавага дыктатара Мадура.

У панядзелак 5 студзеня Нікалас Мадура трапіў у суд, дзе яму афіцыйна паведамяць пра абвінавачванні, выстаўленыя супраць яго. Пасля чаго адміністрацыя Дональда Трампа заявіла, што працуе над стварэннем часовага ўрада ў Венесуэле, паведаміла CNN. Разам з тым амерыканскі бок выключыў удзел ва ўрадзе прадстаўнікоў венесуэльскай апазіцыі. ЗША спадзяюцца, што пераемнікі Мадура пагодзяцца на супрацу. Аднак новая лідарка Венесуэлы Дэлсі Радрыгес ужо заявіла, што Венесуэла не стане «калоніяй імперыі», асудзіла захопу Мадура, падкрэсліўшы, што ён застаецца кіраўніком дзяржавы.

У звязку з гэтым, на дадзены момант незразумела, як будзе развівацца далей сітуацыя ў Венесуэле, прызнаў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Веслаў Шчэпаньскі. Госць Польскага радыё сказаў, што з аднаго боку, ёсць барацьба з незаконным абаротам наркотыкаў і ўнутраныя праблемы Венесуэлы, а з другога боку, Злучаныя Штаты прадэманстравалі, што Паўднёвая Амерыка зʼяўляецца зонай іх уплыву.

— Амерыканцы змаглі ідэальна правесці аперацыю па захопу прэзідэнта Мадура, але застаецца адкрытым пытанне, ці ЗША змогуць навесці парадак і ўтрымаць сітуацыю пасля дзяржаўнага перавароту.

Падчас размовы з журналістамі на борце самалёта Air Force One Дональд Трамп не акрэсліў канкрэтны план для Венесуэлы. Амерыканскі прэзідэнт толькі паўтарыў, што Злучаныя Штаты будуць кіраваць усім у Венесуэле, і папярэдзіў, што калі цяперашні ўрад краіны не будзе паводзіць сябе належным чынам, ён можа распачаць чарговы напад, а часовая прэзідэнтка скончыць горш, чым Мадура. Дэлсі Радрыгес, верагодна, будзе супрацоўнічаць са Злучанымі Штатамі, каб прадухіліць больш сурʼёзнае ўмяшанне, так ацэньвае сітуацыю палітолаг-амерыканіст з Уроцлаўскага ўніверсітэту Караль Шульц.

— Радрыгес адразу заявіла, пра тое, што мы будзем бараніцца. Гэтыя заявы робяцца дзеля прыхільнікаў рэжыму, але іх меншасць. На дадзены момант магчымыя некалькі сцэнароў. Напрыклад, сумесны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі, каб не дапусціць да амерыканскага ўварвання. Пацягнуць час, каб Трамп не рашыўся на ўвядзенне войск.

Аналітык з парталу Defence24 Яцэк Раўбо зазначыў, што адміністрацыя Дональда Трампа можа паспрабаваць паўплываць як на прыхільнікаў, так і на праціўнікаў венесуэльскага рэжыму. У эфіры Польскага радыё эксперт звярнуў увагу на два інструменты, якія знаходзяцца ў руках амерыканцаў: дзеянні спецслужбаў і выкарыстанне псіхалагічнай вайны.

— Магчымыя розныя псіхалагічныя дзеянні, накіраваныя на тое, каб здабыць падтрымку сярод венесуэльскага грамадства, сярод не толькі апазіцыі але і прыхільнікаў рэжыму. Адначасова будзе аказвацца ціск на прадстаўнікоў рэжыму, каб аслабіць іх волю да барацьбы.

Паводле слоў эксперта выглядае на тое, што амерыканская адміністрацыя ў Венесуэле не рэалізуе тую ж стратэгію, што і пасля вайны ў Іраку. Тады, як адзначыў эксперт, амерыканцы спрабавалі знішчыць усё, што засталося ад дыктатара Садама Хусейна. У Іраку такая стратэгія не спрацавала. Таму цяпер амерыканскі план для Венесуэлы палягае на тым, што старыя эліты будуць новай уладай у краіне, але пад наглядам ЗША. У звязку з гэтым самі венесуэльцы занялі асцярожную пазіцыю. Людзі кажуць, што яны разрываюцца паміж эйфарыяй і асцярожнасцю.

Юры Ліхтаровіч