Беларуская Служба

Павал Усаў: Мір не гарантуе, што Расія не актывізуе іншыя фактары ўплыву як ва Украіне, так і ў Еўропе

07.01.2026 14:40
Ці 2026 год мае шанец стаць годам завяршэння вайны ў суседняй Украіне і годам вызвалення палітычных вязняў у Беларусі?
Аўдыё
  • Павал Усаў: Мір не гарантуе, што Расія не актывізуе іншыя фактары ўплыву як ва Украіне, так і ў Еўропе
Павал Усаў.

Палітолаг Павал Усаў лічыць, што 2026 год будзе годам інтэнсіўных перамоваў, але ў трываласць міру ён не верыць:

- 2026 год будзе годам інтэнсіўных перамоваў і спробаў заключыць перамір’е. Мы бачым, што працэс інтэнсіфікаваўся. Аднак я не веру ў трываласць гэтага перамір’я пры наяўнасці агрэсара, якому, па сутнасці, нічога не сталася. У агрэсара, у якога захавалася прамысловая структура і палітычная сістэма, мір дасць магчымасць перабудавання і, магчыма, выхаду з пэўных сектаральных санкцый, што таксама прыспешыць працэс сістэмнай адбудовы і падрыхтоўкі да новай агрэсіі. Падзеі 2014 і 2022 года паказалі, што Захад не можа даць такіх гарантый, якія б спынілі агрэсію Расіі. Гэта пры тым, што мы бачым, як эфектыўна рэалізуюцца неваенныя метады ўздзеяння і стварэння крызісаў. Дасягнуты мір не гарантуе, што Расія не актывізуе іншыя фактары ўплыву як ва Украіне, так і ў Еўропе. Гэта агенты, дыверсанты, агенты ўплыву. Без гарантый гэта высвабадзіць рэсурсы для гібрыдных аперацый. Мы бачым, што Расія эфектыўна выкарыстоўвае радыкальныя, квазінацыянальныя рухі для стварэння ўнутранай напружанасці ў Еўропе. Асноўная мэта будзе ў разгойдванні палітычнай абстаноўкі і інтэгральнасці ЕС ды аслабленне НАТА. Гэта асноўная небяспека. А Еўропа не мае сродкаў, каб гэтаму супрацьстаяць.

А Беларусь? Пасля вызвалення больш за 120 чалавек Джон Коўл сказаў, што ў бліжэйшыя месяцы з турмаў могуць выйсці ўсе палітвязня. Ці такая магчымасць існуе?

- Думаю, гэта верагодна, што працэс вызвалення будзе станавіцца больш інтэнсіўным. Магчыма, ён не будзе з масавымі дэпартацыямі, бо Лукашэнку важна было выслаць за мяжу вядомых асоб. Людзей, якія не былі сімваламі пратэсту, могуць вызваляць ціха, хоць у перспектыве і могуць выціскаць з краіны. Вялікія дэпартацыі вызваленых таксама яшчэ могуць быць, каб Трамп мог пахваліцца поспехам у сваіх сацсетках. Для Лукашэнкі важна пашырэнне дыпламатычных адносін, магчыма, вяртанне амерыканскага амбасадара, злагоджанне адносін з іншымі краінамі. Усё гэта будзе развівацца хутчэй. Цяпер стварыліся для гэтага спрыяльныя ўмовы.

Поўны каментар - у далучаным гукавым файле.

слухайце аўдыё

ав

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка