Беларуская Служба

Валанцёры: Найлепшая форма змагання з дэзынфармацыяй – гэта паказваць, што рэальныя людзі ў Польшчы падтрымліваюць Украіну

27.02.2026 15:23
У Польшчы ў сацсетках часта можна сустрэць такія цверджанні, што ўкраінцы нібыта нямэтава выдаткоўваюць атрыманую дапамогу, што яны маглі б наогул не пачынаць вайну. Гэта элементы расійскай кампаніі па дэзынфармацыі сярод польскага грамадства.
Аўдыё
  • Дыскусія «Досвед польскіх валанцёраў ва Украіне» у студыі Польскага радыё
Дыскусія «Досвед польскіх валанцёраў ва Украіне» у студыі Польскага радыёPolskie Radio dla Zagranicy

Гэта робіцца, каб скараціць дапамогу для Украіны. Як супрацьстаяць такой хвалі абмяркоўвалі ў студыі Польскага радыё польскія валанцёры, якія возяць дапамогу ва Украіну.

На пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны мільёны палякаў салідарызаваліся з украінцамі, тысячы дапамагалі прымаць украінскіх уцекачоў, збіралі сродкі на дапамогу ўкраінскаму грамадству, некаторыя пачалі ездзіць ва Украіну, каб дапамагаць на месцы.

Пасля 4 год вайны дапамагаць стала больш складана, у значнай меры, гэта звязана з дэзынфармацыйнай кампаніяй, якую праз сацыяльныя сеткі ў Польшчы прасоўвае Расія. Пра гэта ішла размова падчас дэбатаў пра «Досвед польскіх валанцёраў ва Украіне», што адбыліся ў студыі Польскага радыё.

Частка польскага грамадства паддацца на расійскую прапаганду, звярнула ўвагу дырэктар Польскага радыё для замежжа Наталля Брышко-Запур.

— Гэтая вайна не ўзялася ніадкуль. Гэта вайна Расіі супраць Украіны. Расія напала на Украіну, але гэта не адзіны шлях, як Расія змагаецца са сваімі суседзямі, у тым ліку з намі. У нашай праграме мы шмат сутыкаемся з ботамі ды ілжывымі паведамленнямі, якія распаўсюджваюцца праз сацыяльныя сеткі. Мы даём дакладную інфармацыю, а потым зʼяўляюцца каментары з ілжывымі паведамленнямі. На жаль, пэўны сегмент грамадства схільны гэтаму верыць. Людзі сапраўды ўспрымаюць гэта як належнае. Ёсць шмат прыкладаў, напрыклад, Польшча перадала генератары для Кіева. У адказ шырацца плёткі: яны напэўна прададуць усё на OLX, а грошы пакладуць сабе ў кішэню. Або Зеленскі пастаянна ездзіць і просіць дапамогу, а потым украінская карупцыя ўсё праядае. Або тыя падпалы, што адбыліся ў Польшчы, нібыта гэта ўсё бандэраўцы. Я магла б бясконца цытаваць тое, што людзі паўтараюць. Гэта велізарная праблема. Расія ўкладвае каласальныя рэсурсы, каб весці вайну супраць сваіх суседзяў гібрыднымі метадамі, не страляючы па нас з неба, а абстрэльваючы з Інтэрнэту.

Некалькі вельмі папулярных фальшывак, што шырацца ў польскіх сацсетках, працытаваў Гжэгаж Грондчак з сэрвісу Польскае радыё 24

— Я больш чым упэўнены, што вы чулі ў інтэрнэце такія цверджанні, што ўкраінцы трацяць гэтыя грошы недзе на баку, і ўсё гэта падман, што яны маглі б наогул не пачынаць гэтую вайну.

Насамрэч у Польшчы ўкраінцы ўсё часцей таксама зʼяўляюцца ахвярамі такой дэзынфармацыйнай дзейнасці, зазначыў Пётр Скопец з фонду «Humanosz», які працуе з бежанцамі.

— Мы стварылі і кіруем так званымі «Мірнымі дамамі». Гэта прытулкі, сховішчы для бежанцаў. Спачатку гэта былі бежанцы з Беларусі пасля выбараў 2020 года. Затым гэта былі бежанцы з Афганістана, а калі пачалася паўнамаштабная вайна ва Украіне, пачалі прыязджаць бежанцы з Украіны. Уцекачы ўсё часцей сутыкаюцца з негатыўнымі каментарамі: што вы тут робіце, чаму размаўляеце па-ўкраінску, чаму не пачалі вучыць польскую? Мы стараемся выпрацаваць мадэль, магчыма, не столькі абароны, колькі спакойнага падыходу да такіх каментароў. Часам нам удаецца гэта вырашыць, але часам гэтая нянавісць, якая гучыць ад людзей, проста жахлівая.

Як з гэтым змагацца?

— Гэта складанае пытанне, бо фільтраваць інфармацыю ў інтэрнэце складана. Часта пад паведамленнямі фонду ёсць рускія боты, якіх нам даводзіцца блакіраваць, бо дыскусія з імі ня мае сэнсу. Добра, што іх адразу бачна, бо яны непісьменна пішуць, зусім не па-польску, і таму мы проста блакуем такія паведамленні.

Валанцёр Томаш Сікора з Уроцлава перакананы, што найлепшай формай абмежавання дэзынфармацыі зʼяўляецца рэальная дапамога.

— Калі заходзіш у Інтэрнэт, здаецца, што ўсё канец свету, што Пуцін перамагае, але ў рэчаіснасці гэтак далёка не так. Добры прыклад кампанія «Цяпло для Кіева». Пасля вялікай дэзынфармацыі, палякі зноў прадэманстравалі, што падтрымліваюць Украіну. Адна акцыя і палякі сабралі больш за дзесяць мільёнаў, паказваючы, што эфектыўна супрацьстаяць дэзынфармацыі, якая люта змагалася, спрабавала пераконваць людзей не дапамагаць, бо нібыта ўсё прададуць на OLX і так далей.

Найлепшая форма змагання з дэзынфармацыяй – гэта паказваць, што рэальныя людзі ў Польшчы падтрымліваюць Украіну, дадаў валанцёр.

— Мы паказваем, як дапамагаць штодня. Іншыя людзі таксама ахвяруюць. Чалавек, які чытае фальшывыя каментарыі ў Сеціве і сапраўды ўспрымае іх як чыстую манету, павінен пачуць наш голас, сапраўдны голас таго, хто дапамагае, наведвае Украіну і бачыць усё сам.

Тамаш Сікора Сак з фонду «Сікоркі для Украіны» кажа, што яны не заўсёды блакуюць прарасійскія каментары. Часам яны з імі вядуць дыскусію.

— Расійская актыўнасць, безумоўна, вельмі высокая ў сацыяльных сетках. Мы стараемся рэагаваць на каментары расійскіх троляў. Мы адказваем: вялікі дзякуй за павышэнне бачнасці нашага допісу. Кожны ваш каментар – гэта дадатковае фінансаванне для Узброеных сіл Украіны, якія стрымліваюць расійскіх акупантаў. Мы просім больш пісаць. Што да ўсёй нянавісці, якая палярызуе нашае грамадства, наш падыход – не ўспрымаць сурʼёзна тое, што хтосьці нешта кажа. Мы нагадваем людзям, што кінетычная вайна, то бок ракеты, знішчаныя гарады, танкі на вуліцах – гэта апошняя фаза вайны. Ёй папярэднічаюць чатыры іншыя фазы: схаваны ўплыў, падрыў стабільнасці, інфармацыйна-псіхалагічная дэстабілізацыя, гібрыдныя аперацыі. Мы нагадваем, што цяпер Польшча мае справу з гэтымі 4 фазамі вайны.

Валанцёры, які дапамагаюць Украіне, кажуць польскаму грамадству, што Расійская Федэрацыя і рэжым Пуціна ўжо вядуць інфармацыйную вайну супраць Польшчы. Але палякі не павінны панікаваць, а павінны спакойна адказваць на гэта, напрыклад, далейшай падтрымкай Украіны.

Юры Ліхтаровіч