Беларуская Служба

Эксперты сумняваюцца, што амерыканскія ўдары прывядуць да рэвалюцыі ў Іране

02.03.2026 15:44
Амерыканскія налёты на Іран аслабілі рэжым у Тэгеране, але не прывялі да калапсу дзяржавы.
Аўдыё
  • Эксперты пра сітуацыю ў Іране: Рэвалюцыі не будзе
                .
Іранскія сілавікі стаяць на варце каля велізарнага рэкламнага шчыта вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі ў Тэгеране.EPA/ABEDIN TAHERKENAREH Dostawca: PAP/EPA.

Эксперты лічаць, што без наземнай аперацыі ўдары ЗША не прывядуць да змены рэжыму ў Іране. Час грае на боку іранцаў, бо Трамп не можа сабе дазволіць працяглы канфлікт.

Злучаныя Штаты і Ізраіль у суботу нанеслі авіяўдары па Іране, абвясціўшы, што паветраныя атакі будуць працягвацца бліжэйшы тыдзень. У першай серыі авіяўдараў загінулі іранскі лідар аятала Хаменеі і яго бліжэйшыя памочнікі. Сотні ізраільскіх ваенных самалётаў адначасова бамбілі мэты ў Іране і Ліване, заявіў у панядзелак ваенны прадстаўнік Ізраілю генерал Эфі Дэфрын.

У адказ Іран пачаў атакі на Ізраіль і іншыя краіны Блізкага Усходу, у прыватнасці на амерыканскія базы, размешчаныя там. Міністр замежных спраў Ірану Абас Арагчы заявіў у лісце да ААН, што забойства вярхоўнага лідара Ірана парушыла міжнароднае права і адкрыла «небяспечную скрыню Пандоры», паведаміла агенцтва Associated Press.

Працяглыя напады на Іран пакуль крыху аслабілі рэжым у Тэгеране, але не прывялі да калапсу дзяржавы, заявіў у эфіры «Польскага радыё» дырэктар Польскага інстытуту міжнародных спраў Яраслаў Цвек-Карповіч. Адмысловец зазначыў, што шанцы на дасягненне адной з мэтаў амерыкана-ізраільскіх нападаў, ідзецца пра перахоп улады іранскім грамадствам, – малыя.

— Да гэтага часу ўнутры Ірану не з’явілася ніводная палітычная сіла, якая б дэкларавала, што хоча пераняць уладу. Апазіцыя ў асноўным знаходзіцца за мяжой. Для ЗША ды Ізраілю пакуль што адзіным альтэрнатыўным варыянтам зʼяўляецца старэйшы сын шаха. Ён заклікае да новай рэвалюцыі ў Іране ды аднаўлення манархіі. Аднак дадзены сцэнар малаверагодны.

Таксама беларускі палітолаг, выкладчык з Універсітэту Рэгінсбурга Сяргей Богдан лічыць, што амерыканска-ізраільская аперацыя не прывядзе да змены рэжыму ў Іране.

— Тое, што адбываецца ў Іране можна па-рознаму называць, але гэта хутчэй чарговы прыклад не зусім адэкватнага разумення сітуацыі з боку прэзідэнта Трампа. Вашынгтон зрабіў стаўку на стратэгію, якую іранская апазіцыя спрабавала ажыццявіць некалькі разоў, пачынаючы з 1980-ых гадоў. Ідзецца пра стратэгію ліквідацыі вышэйшага кіраўніцтва ў краіне. Гэта цяпер не спрацуе, як і раней.

Толькі ўдарамі з паветра ЗША не змогуць паўплываць на расклад улады ў Тэгеране. Патрэбныя таксама моцныя хаўруснікі ўнутры Ірану, а ў Вашынгтона такіх няма. У звязку з гэтым, эксперт прагназуе, што праз некаторы час амерыканскі прэзідэнт проста заявіць, што мэты выкананыя і спыніць налёты.

— Праз нейкі час, думаю, Трамп абвесціць перамогу, і скажа, што дасягнуў усіх мэтаў, як было летась. Гэта адзін з варыянтаў завяршэння эскалацыі. Праўда, застаецца пытанне, ці цяперашняя вайна не стала для Трампа інструментам па вырашэнні яго ўнутрыпалітычных пытанняў.

Дональд Трамп не можа сабе дазволіць на доўгатэрміновы канфлікт з унутраных прычын. Толькі чвэрць амерыканцаў падтрымліваюць удары ЗША па Іране, пра што сведчаць вынікі апошняга апытання Reuters/Ipsos. Больш за палову грамадзян лічаць, што прэзідэнт Дональд Трамп занадта паспешна прымае ваенныя рашэнні. Дарэчы за ўдары па Ірану амерыканскага прэзідэнта ўжо пачалі крытыкаваць нават яго прыхільнікі. Былая кангрэсмен Марджары Грын, колішняя саюзніца Трампа, абвінаваціла прэзідэнта ў адмове ад лозунгу «Амерыка перш за ўсё» і перадвыбарных абяцанняў трымацца далей ад ваенных канфліктаў.

Юры Ліхтаровіч