Беларуская Служба

Павал Латушка: Лукашэнку трэба чакаць, што неўзабаве зʼявіцца ордэр на яго арышт

17.03.2026 12:26
Міжнародны крымінальны суд убачыў падставы для расследавання дзейнасці Лукашэнкі ды яго ўладаў пасля 2020-га года ў Беларусі.
Аўдыё
  • Павал Латушка пра расследавання «беларускай сітуацыі» Міжнародным крымінальным судом
-
Штаб-кватэра Міжнароднага крымінальнага судуHypergio - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/

12 сакавіка 2026 года, Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда абвясціў аб пачатку расследавання «беларускай сітуацыі» пасля таго як прыйшоў да высновы аб наяўнасці разумных падстаў меркаваць, што злачынствы супраць чалавечнасці — дэпартацыя і пераслед — маглі быць здзейснены прадстаўнікамі ўладаў Беларусі, прынамсі часткова, на тэрыторыі Літвы. Падставай для пачатку працэдуры стаў адпаведны зварот Літвы, пададзены ў Офіс пракурора 30 верасня 2024 года. Што азначае гэтае рашэнне і якія наступствы для рэжыму ў Мінску можа прынесці расследаванне Міжнародным крымінальным судом злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі? Пра гэта мы запыталіся ў ініцыятара расследавання старшыні НАУ ды віцэ-кіраўніка Пераходнага кабінета Паўла Латушкі.

— Народнае антыкрызіснае ўпраўленне яшчэ ў 2023 годзе звярнулася да Міністэрства юстыцыі Літвы з просьбай скарыстацца артыкулам 14 Рымскага статута, каб распачаць расследаванне сітуацыі ў Беларусі, у звязку з тым, што ў краіне адбываецца масавая хваля тэрору. Шмат хто з беларусаў вымушана пакідае тэрыторыю краіны і выязджае ў Еўрапейскі Саюз. Мы прапанавалі юрыдычную стратэгію і яна была падтрыманая літоўскім бокам. Пазней урад Літвы 30 верасня 2024 года накіраваў афіцыйны зварот у офіс пракурора, каб яны пачалі следства. Офіс пракурора вывучаў усе матэрыялы. Мы таксама стварылі кааліцыю міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый. Мы збіралі доказы. 12 сакавіка гэтага года офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду афіцыйна абвесціў пра пачатак расследавання сітуацыі ў Беларусі.

Што гэта значыць?

— Фактычна гэта ўзбуджэнне крымінальнай справы. На сённяшні дзень пасля аналізу ўсіх гэтых доказаў можа пачацца ўзбуджэнне канкрэтных крымінальных спраў у адносінах да канкрэтных асобаў. Размова перадусім ідзе пра вышэйшае кіраўніцтва Беларусі. Міжнародны крымінальны суд перадусім займаецца высокапастаўленымі чыноўнікамі, якія маюць, напрыклад, імунітэт. Так што размова ў гэтых матэрыялах ідзе зразумела пра грамадзяніна Лукашэнку, грамадзяніна Карпянкова, магчыма будуць іншыя асобы, гэта ўжо будзе вырашаць пракурор. З улікам таго, што Беларусь не зʼяўляецца чальцоў міжнароднага крымінальнага суду, юрысдыкцыя міжнароднага крымінальнага суду не дзейнічае ў Беларусі, але, у звязку з тым, што ахвяры рэпрэсій вымушана пакідаюць Беларусь і знаходзяцца на тэрыторыі Еўрапейскага Саюзу, і гэта стварыла прававыя падставы, каб распачаць справу.

Цяпер важна пазбегнуць фрагментацыі расследавання, кажа Павал Латушка.

— Нам залежыць, каб не было фрагментацыі гэтай справы, каб усе ахвяры, незалежна ад таго, куды яны ўцяклі з Беларусі, мелі права на правасуддзе, на справядлівасць. Таму мы звяртаемся да ўрадаў іншых краін: да Польшчы, да Нямеччыны да іншых краін, дзе пражываюць беларусы, такіх як Чэхія, Латвія, Эстонія. Фактычна кожная краіна Еўрасаюзу можа падтрымаць гэтае расследаванне, і ахвяры, які знаходзіцца ў гэтай краінах, атрымаюць права на аднаўленне справядлівасці. Так што ўжо ёсць крымінальная справа, расследаванне, што важна, бо пасля будуць узбуджацца крымінальныя справы адносна канкрэтных асобаў, а пасля пракурор мае права ў адпаведнасці з працэдурамі звярнуцца ў Палату папярэдняй вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суду, каб папрасіць аб выдачы ордэраў на арышт гэтых асобаў.

Можа быць выстаўлены ордэр на арышт Лукашэнкі?

— Вядома, гэта вырашае Палата папярэдняй вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суду, але па меркаванню нашых юрыстаў гэта абсалютна магчыма, і Лукашэнку трэба чакаць, што будзе ўзбуджана крымінальная справа і пазней зʼявіцца ордэр на арышт.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч