Венгерскі прэм’ер Віктар Орбан заяўляў, што гатовы выканаць любую прыслугу для Пуціна. Цяпер ён страціў уладу. Аднак гэта не азначае, што Масква спыніць высілкі па карумпаванні палітыкаў у Еўропе, зазначае эксперт.
Пасля падліку большасці галасоў на парламенцкіх выбарах у Венгрыі перамагла апазіцыйная партыя «Ціса», атрымаўшы 135 месцаў у 199-мясцовым парламенце. У Маскве пракрамлёўскія каментатары заявілі, што настаў канец сяброўскіх адносін Венгрыі з Расіяй. Яго апанент — лідар пераможнай партыі «Ціса» Петэр Мадзьяр заявіў, што не будзе весці сяброўскіх перамоваў з Уладзімірам Пуціным.
Расійскія дзяржаўныя СМІ наракалі ды абвінавачвалі еўрапейскіх палітыкаў нібыта ва ўмяшанні ў выбарчы працэс праз падтрымку венгерскай апазіцыі, замоўчваючы факты расійскага ўмяшальніцтва.
Гэта адчувальная страта для Крамля, але не азначае, што Масква перастане карумпаваць палітыкаў у Еўропе, кажа наш аглядальнік палітолаг Павал Усаў.
— Расія шырока прысутнічае ў Еўропе: у 2015, 2019, 2020-м Крэмль стараўся ўплываць на еўрапейскія выбары, яго прапагандысцкія каналы, як Russia Today, прасоўвалі канспіралагічныя наратывы, звязаныя з правым радыкалізмам. Таксама праз звязаных з Расіяй брытанскіх палітыкаў накіроўвалі рэсурсы на спрыянне настрояў па выхаду Брытаніі з ЕС. Масква падтрымлівала дзейнасць розных прарасійскіх партый ды арганізацый правага кірунку. Яшчэ трэба дадаць збор кампрамату і карумпаванне еўрапейскіх палітыкаў. Таксама трэба дадаць, што вялася і працягваецца маніпуляцыя гістарычнымі фактамі. Усё гэта з’яўляецца сур'ёзнай пагрозай для еўрапейскіх дэмакратыяў. Венгрыя далёка не адзіная краіна з прарасійскай палітыкай. Спробы ўплываць на выбары былі ў Румыніі, Малдове, Славакіі. Расія імкнецца ў ЕС пашыраць хаос, нестабільнасць ды будаваць інфармацыйную інфраструктуру ўплываў. Гэта нікуды не падзелася, і будзе ствараць умовы для дэстабілізацыі еўрапейскіх краін яшчэ доўгія гады.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аудыёфайле