Апошнія 30 год рэжым Лукашэнкі адмаўляе наступствы Чарнобылю ды імкнецца сцерці памяць пра тыя падзеі, кажа эксперт.
26 красавіка 1986 года адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС. Паводле МАГАТЭ, наступствам стаў найбуйнейшы выкід радыёактыўных рэчываў у атмасферу ў гісторыі. Гэта прывяло да маштабнай эвакуацыі насельніцтва і доўгатэрміновых экалагічных і медычных наступстваў.
Праз 40 год пасля аварыі яе наступствы па-ранейшаму застаюцца прадметам навуковых даследаванняў і міжнароднага маніторынгу. Аднак ёсць краіна, дзе гэтыя наступствы аспрэчваюцца, — гэта лукашэнкаўская Беларусь. Апошнія 30 год рэжым у Мінску праводзіць палітыку замоўчвання аварыі, ігнаравання наступстваў ды вяртання ў гаспадарчы абарот забруджанай тэрыторыі. Пра гэта размова з палітолагам Паўлам Усавым.
— Для кожнага чалавека, хто цвяроза думае, зразумела, што Чарнобыльская катастрофа стала вялізарнай трагедыяй для беларускага грамадства. Гэта не толькі забруджанасць тэрыторыі, пацярпелае насельніцтва, але таксама грамадства ўпершыню на такім узроўні ўбачыла наколькі Савецкі Саюз быў антыгуманнай дзяржавай, пабудаванай на хлусні.
Гэта не перашкодзіла людзям выбраць Лукашэнку ў 1994-м годзе і жыць, не згадваючы пра Чарнобыль?
— Трэба памятаць, што тэму катастрофы намагаліся схаваць. Рабілася гэта таму, што тагачасныя ўлады: Кебіч і асабліва Лукашэнка, актыўна прывязвалі Беларусь да Расіі. Яны любым спосабам імкнуліся ачысціць Маскву, зняць віну за аварыю. Лукашэнка падпісаў адмысловую дамоўленасць з Расіяй аб спісанні пазык з беларускіх уладаў, якія ўзамен абавязваліся не патрабаваць ад Масквы кампенсацыі за наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Пасля чаго ўсе савецкія злачынствы, якія былі здзейсненыя на тэрыторыі Беларусі камуністычнымі ўладамі, мэтанакіравана замоўчваліся. Наадварот адбывалася рэабілітацыя савецкага мінулага.
Рэжым Лукашэнкі імкнецца вынішчыць памяць пра Чарнобыль у Беларусі, ім часткова ўдалося, зазначае эксперт.
— Усе спробы апазіцыі нагадваць пра катастрофу — знішчаліся. Лукашэнка — як пераемнік савецкай сістэмы імкнецца вынішчыць памяць. Рэгулярныя дэманстрацыі таго, што там можна жыць, весці гаспадарку, плюс пабудова новай АЭС — гэта адна з прычын, чаму памяць пра катастрофу сціраецца.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле