Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Пуцін раздае чужыя землі

28.07.2026 19:22
Уладзімір Пуцін у чарговы раз разгарнуў гістарычны атлас і вырашыў, што можа распараджацца чужымі тэрыторыямі.
Уладзімір ПуцінSputnik/Sergey Bobylev/Pool via REUTERS

Цяжка ўявіць сабе больш цынічнае і нахабнае скажэнне рэчаіснасці

Паводле яго, Украіна «рана ці позна» страціць свае заходнія вобласці, якія, нібыта, павінны адысці да Польшчы, Венгрыі і Румыніі. Пры гэтым Расія – тая ж дзяржава, што напала на Украіну, акупавала частку яе тэрыторыі і абвясціла пра яе анексію, – нібыта, застаецца адзіным гарантам тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. 

Для жыхароў Захаду гісторыя гэтай часткі Еўропы можа здавацца складанай

Да Другой сусветнай вайны Львоў, Усходняя Галічына і частка Валыні ўваходзілі ў склад Польшчы. Паўночная Букавіна знаходзілася ў межах Румыніі, а Закарпацце было гістарычна звязана з Чэхаславакіяй і Венгрыяй. Межы тут неаднаразова змяняліся – і, звычайна, не таму, што насельніцтва мірна прымала такія рашэнні, а таму, што ім сілай навязвалі гэта імперыі-пераможцы.

Менавіта да гэтай традыцыі сёння звяртаецца Пуцін. Не да права народаў, а да права сілы. Не да сучасных міжнародных пагадненняў, а да карт, намаляваных пасля войнаў, падзелаў і акупацый. Ён выкарыстоўвае сапраўдныя гістарычныя падзеі як выбухоўку: выразае асобныя фрагменты, пазбаўляе іх кантэксту і падкладае пад адносіны Украіны з яе суседзямі.

Пуцін выкарыстоўвае сапраўдныя гістарычныя падзеі як выбухоўку

Пасыл просты. Украінцы павінны паверыць, што Польшча дапамагае ім не з-за агульнай пагрозы, а таму, што чакае магчымасці вярнуць Львоў. Што Венгрыя глядзіць на Закарпацце, а Румынія – на Букавіну. А грамадзяне гэтых краін павінны пачуць іншае: калі гэтыя землі калісьці былі вашымі, чаму вы падтрымліваеце Украіну, а не патрабуеце іх вяртання?

Крэмль ужо шмат гадоў выкарыстоўвае тэму гістарычных межаў для распальвання сучасных канфліктаў. У расійскай прапагандзе карта ніколі не бывае проста картай. Яна становіцца абвінаваўчым актам, абяцаннем здабычы або намёкам на тое, што існуючая дзяржава не павінна існаваць. Пуцін гаворыць пра заходнюю Украіну не таму, што яго сапраўды хвалюе лёс палякаў, венграў ці румынаў. Яго цікавіць распад кааліцыі, якая падтрымлівае Кіеў.

Масква імкнецца распаліць падазронасць па абодва бакі мяжы

Ва Украіне – што суседзі з'яўляюцца схаванымі рабаўнікамі. У Польшчы, Румыніі і Венгрыі – што вайна калісьці створыць магчымасць для перагляду межаў. На Захадзе – што Украіна зʼяўляецца штучнай дзяржавай, унутрана падзеленай і асуджанай на распад. У постсавецкіх краінах – што Расія мае асаблівае права вырашаць, якія народы могуць мець сваю дзяржаву, а якія павінны змірыцца з роляй вобласці.

Пуцін звяртаецца не толькі да ўкраінцаў

Апошняя частка гэтага паслання асабліва важная. Пуцін звяртаецца не толькі да ўкраінцаў. Ён прамаўляе таксама да грузінаў, малдаванаў, казахаў, беларусаў і іншых народаў былой савецкай імперыі. Ён нагадвае ім, што з пункту гледжання Крамля межы іх дзяржаў могуць у любы момант быць абвешчаныя «гістарычнай памылкай». Сённяшні саюзнік ужо заўтра можа пачуць, што яго дзяржава ўзнікла выпадкова, атрымала землі ў падарунак або не мае поўнага права на самастойнае існаванне.

Так дзейнічае імперыялізм: спачатку ставіцца пад сумнеў гісторыя суседа, потым – яго ідэнтычнасць, пасля – межы, а ўрэшце і само права на існаванне.

Пуцінскі аповед пра заходнюю Украіну павінен схаваць галоўны факт

Адзіная дзяржава, якая сёння сапраўды адбірае ў Украіны тэрыторыю, – гэта Расія. Не польскае ж войска захапіла ўкраінскія гарады. Не Румынія анексавала Крым. Не Венгрыя разбурыла Марыупаль. Расійскі кіраўнік расказвае пра гіпатэтычны падзел, які, нібыта, могуць здзейсніць іншыя, каб прыкрыць падзелы, якія ён сам спрабуе ажыццявіць.

У гэтым ёсць і прапанова, адрасаваная самым цынічным палітыкам рэгіёна: перастаньце падтрымліваць Украіну – і, магчыма, атрымаеце сваю долю здабычы. Крэмль разлічвае, што гістарычныя крыўды, нацыяналістычныя эмоцыі і выбарчы апартунізм акажуцца мацнейшымі за здаровы сэнс. Яму не трэба пераканаць большасць. Дастаткова знайсці людзей, якія будуць паўтараць гэтыя намёкі, распальваць канфлікты і абвінавачваць Украіну ў няўдзячнасці.

Мэта вызначана значна шырэй за прапаганду

Пуцін хоча змяніць сам кірунак грамадскай дыскусіі. Замест таго каб пытацца, калі Расія выведзе войскі з акупаваных тэрыторый, свет павінен абмяркоўваць, ці выжыве Украіна і хто атрымае яе землі. Замест размовы пра агрэсара і ахвяру нам прапануюць гаварыць пра «гістарычныя спрэчкі», «складанае мінулае» і «натуральныя сферы ўплыву». Гэта старая хітрасць: размыць злачынства ў бясконцай дыскусіі і прыхаваць адказнасць агрэсара ў ілюзіі сіметрыі.

Былы штатны КДБіст разглядае інфармацыю як інструмент ціску

Пуцін – не бесстаронні каментатар гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Ён – кіраўнік дзяржавы, якая вядзе вайну, і былы супрацоўнік КДБ, які разглядае інфармацыю як інструмент ціску, дэзінтэграцыі і запалохвання. Калі ён гаворыць пра чужыя межы, ён не апісвае рэчаіснасць. Ён правярае, дзе яе можна раскалоць.

Яго гульня павінна выклікаць страх ва Украіне, прагнасць у суседзяў, стомленасць на Захадзе і паслухмянасць на постсавецкай прасторы. Мэта – пераканаць людзей, што межы вызначаюцца не правам, а рашэннямі Крамля.

Таму не варта пытацца, ці сапраўды Пуцін верыць, што Польшча, Венгрыя і Румынія падзеляць паміж сабой Украіну. Значна важней тое, што ён хоча, каб у гэта паверылі іншыя.

Карта, якую паказвае Пуцін, – гэта не гістарычная карта. Гэта карта будучых канфліктаў, якія Расія хацела б справакаваць чужымі рукамі.

Аўтар: Славамір Серадзкі, Канал замежнага вяшчання Польскага радыё


Андрэй Каліх: Расіяне павінны адчуць адказнасць за вайну

18.07.2026 13:12
Нельга шкадаваць, што яны церпяць ад налётаў дронаў, кажа ў размове з Польскім радыё аналітык, які займаецца маніторынгам расійскай інфармацыйнай палітыкі.