Беларускія ўлады могуць пагадзіцца на легалізацыю Саюза палякаў у Беларусі — але, паводле крыніц TVP, на ўмовах, якія могуць паставіць арганізацыю перад выбарам: легальны статус ці захаванне ўласнай назвы і структуры.
Мінск можа патрабаваць перарэгістрацыі СПБ, магчыма, нават пад іншай назвай. Гэта азначала б рызыку страты гістарычнага «брэнда» і ўскладненне пытання вяртання канфіскаваных актываў арганізацыі. Але для польскай меншасці гэта таксама магчымасць зноў легальна займацца культурай, адукацыяй і падтрымкай польскай мовы.
Выглядае на тое, што ўлады цалкам хочуць змяніць характар дзейнасці арганізацыі, звязанай з польскай меншасцю, гаворыць палітолаг Павал Усаў.
— Лукашэнка намагаецца наладзіць адносіны з Польшчай без грунтоўнага перагляду таго, што адбываецца ў Беларусі, з поўным кантролем за любой дзейнасцю СПБ. Тут простая прапанова: ці вы працуеце з намі, ці ўвогуле тут працаваць не будзеце. Калі кіраўніцтва Саюза пагодзіцца на такую прапанову, то стане механізмам, каналам, якім ён і так з’яўляецца праз Анжаліку Борыс, то бок каналам інфармальных адносін, а магчыма, і пацяплення адносін з афіцыйнай Варшавай. На маю думку, адзіная палітыка Лукашэнкі — гэта зрабіць з СПБ інструмент знешняй палітыкі рэжыму Лукашэнкі.
Тое, што было зроблена дэ-факта пасля затрымання Анжалікі Борыс, зараз будзе зроблена дэ-юрэ, дадае журналістка Аксана Колб.
— На сёння, на мой погляд, улады Беларусі спрабуюць выйсці з сітуацыі прыгожанька і зрабіць тое, што хочацца. Проста зараз дазволіць дзейнасць Анжалікі Борыс і СПБ немагчыма з улікам таго, што было зроблена і як былі разгромлены іншыя структуры. Пагодзяцца ці не, я думаю, што ўсе дамоўленасці даўно там ёсць. Для гэтага ім і патрэбны Анджэй Пачобут. Гэтая сувязь відавочная. Насамрэч шкада, што менавіта так усё адбываецца, але гэта не крытычна. Зменіцца сітуацыя, зменіцца ўсё іншае.
Аксана Колб дадае, што польскім уладам варта памятаць, з кім яны маюць дачыненне.
ав
Поўная размова - у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё