Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Намесніца старшыні Сенату Польшчы: Мы павінны ўспрымаць мігрантаў як магчымасць, а не як пагрозу

09.10.2026 07:21
Магдалена Беят кажа, што польскае грамадства спраўляецца з пераходам да шматэтнічнасці, а дзяржаве і палітыкам яшчэ трэба зрабіць сваю частку працы.
Аўдыё
  • Намесніца старшыні Сенату Польшчы: Мы павінны ўспрымаць мігрантаў як магчымасць, а не як пагрозу
Намесніца старшыні Сенату Польшчы Магдалена Беят PAP/Marcin Obara

Ці можа «малая адліга» ў адносінах паміж Варшавай і Мінскам дапамагчы беларускаму грамадству? Што зменіцца ў фінансаванні польскіх супольнасцяў за мяжой? І чаму людзі, якія гадамі жывуць і працуюць у Польшчы, вымушаныя гэтак жа доўга чакаць дазволу на пражыванне? Пра гэта — размова з намесніцай старшыні Сената Польшчы Магдаленай Беят (партыя «Новая левіца»). 

Палітык лічыць, што польскае грамадства спраўляецца з пераходам да шматэтнічнасці, а дзяржаве і палітыкам яшчэ трэба зрабіць сваю частку працы.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрв’ю Rzeczpospolita заявіў пра пачатак «лёгкай адлігі» ў адносінах з Беларуссю. Ці сапраўды ёсць прастора для такога пацяплення?

— Калі пра гэта абвяшчае міністр замежных спраў, то, відаць, ёсць. Безумоўна, усе дзеянні польскага ўрада ў адносінах з Беларуссю павінны найперш служыць падтрымцы беларускага грамадства, яго імкнення да дэмакратызацыі і сапраўднай незалежнасці беларускай дзяржавы і грамадства.

Калі такая «лёгкая адліга» дае шанец умацаваць грамадства і дэмакратычныя працэсы, варта зрабіць такую спробу. 

Сенат па законе апякуецца польскай дыяспарай і палякамі за мяжой. Наколькі значным вы лічыце прагрэс у адносінах з афіцыйным Мінскам у кантэксце становішча палякаў у Беларусі?

— Для нас найважнейшае — супрацоўніцтва на ўзроўні людзей, і менавіта пра гэта дбае Сенат. Пра падтрымку грамадзян і грамадзянак, добрасуседскіх адносінаў, а таксама не толькі самой польскай дыяспары ў Беларусі, але і яе ўнёску ў развіццё грамадзянскай супольнасці там, дзе яна жыве і дзейнічае, у тым ліку ў Беларусі.

Таму для нас, сенатараў і Прэзідыўма Сената, гэты чалавечы складнік асабліва важны, і менавіта на ім мы засяроджваемся.

Апошнім часам СМІ польскай дыяспары шмат скардзіліся на скарачэнне фінансавання з боку Польшчы. Працягнуцца скарачэнні або плануецца вярнуцца да ранейшага парадку фінансавання?

— Мы абавязкова будзем рабіць змены: ужо цяпер робім высновы з таго, як сёлета размеркавалі сродкі. На гэта паўплывала і пераразмеркаванне фінансавання паміж Сенатам і Міністэрствам замежных спраў, калі гаворка ідзе пра падтрымку палякаў замежжа. 

На шчасце, гэты этап ужо ззаду. Я перакананая, што польскія супольнасці за мяжой будуць задаволеныя зменамі, якія мы ўвядзём падчас наступнага размеркавання сродкаў.

Карыстаючыся нагодай, пастаўлю пытанне пра легалізацыю замежнікаў у Польшчы. Гэта наўпрост не належыць да сферы вашай адказнасці ў Сенаце, але замежнікі ў Польшчы літаральна гадамі чакаюць дазволаў на часовае або пастаяннае пражыванне, што вельмі ўскладняе жыццё. Ці бачаць гэтую праблему ў шэрагах кіроўнай кааліцыі, якую вы прадстаўляеце?

— Я, безумоўна, бачу гэтую праблему, бо да мяне таксама звяртаюцца замежнікі з просьбай дапамагчы ў справах, дзе працэдуры атрымання дазволу на пражыванне зацягваюцца.

Лічу, што вырашэнне гэтай праблемы адпавядае інтарэсам польскай дзяржавы. Вельмі часта гаворка ідзе пра людзей, якія жывуць у Польшчы гадамі, часам нават дзесяцігоддзямі. У многіх тут нарадзіліся дзеці. Яны свабодна размаўляюць па-польску, хочуць тут працаваць і быць паўнавартаснымі членамі нашага грамадства. Мы павінны рабіць усё, каб польская дзяржава магла скарыстацца тым, што яны прыносяць з сабой: іх досведам, працай і гатоўнасцю жыць у Польшчы.

Таму зацягванне гэтых працэдур — вельмі сур’ёзная праблема. Часткова яна вынікае — і пра гэта трэба сказаць адкрыта — з недастатковай здольнасці ваяводскіх адміністрацый спраўляцца з такімі справамі. Я размаўляла пра гэта з прадстаўнікамі некаторых ваяводстваў. Яны казалі, што вельмі чакаюць лічбавізацыі сістэмы і спадзяюцца, што яна дапаможа зрушыць з месца частку спраў.

Але, безумоўна, апроч тэхнічных рашэнняў, патрэбная і канкрэтная палітычная воля, каб сапраўды зрабіць гэтыя пытанні прыярытэтнымі. Паўтару яшчэ раз: Польшчы патрэбныя людзі, якія да нас прыязджаюць, якія хочуць тут легальна жыць і працаваць, і мы не павінны зачыняць перад імі дзверы.

Ці гатовая Польшча да перамен? Дзесяцігоддзямі польскае грамадства ўспрымала сябе як монаэтнічнае, а цяпер стала або становіцца шматэтнічным.

— Грамадства спраўляецца з гэтай задачай. На жаль, дзяржава і палітыкі пакуль не спраўляюцца з ёй у поўнай меры, і гэта вялікая праблема.

Мы ў Польшчы знаходзімся ў выключнай, надзвычай спрыяльнай сітуацыі. Сёння пераважная большасць мігрантаў, якія прыязджаюць у Польшчу, паходзіць з краін з блізкімі мовамі і культурамі. Ім вельмі лёгка адаптавацца ў Польшчы, а нам — уключыць іх у жыццё нашага грамадства. Магчыма, гаворка не пра асіміляцыю, але пра інтэграцыю. Мы павінны ўспрымаць гэта як магчымасць, а не як пагрозу.

Гэта магчымасць выпрацаваць эфектыўныя сістэмы падтрымкі і наладзіць працу з мясцовымі супольнасцямі, органамі самакіравання і сем’ямі. Бо ў Польшчы ёсць сем’і, якія хочуць падтрымліваць уцекачоў і дапамагаць ім адаптавацца ў новым асяроддзі.

Мы павінны выкарыстоўваць увесь гэты патэнцыял, вывучаць досвед такіх краін, як Канада, якая ўкараняе падобныя сістэмы, і ўводзіць іх у Польшчы менавіта цяпер, калі склад мігрантаў гэтаму вельмі спрыяе. Трэба выпрабоўваць розныя сістэмы і глядзець, як яны працуюць.

Эдуард Жолуд

Слухайце аўдыё!

эж


«Мы ўсе перамяшаныя»: польская пісьменніца Анета Прымака-Онішк — пра міф монаэтнічнай Польшчы

18.05.2026 08:21
Анета Прымака-Онішк разважае, ці гатовае польскае грамадства прыняць сваю шматэтнічнасць.

Убачыць чалавека за словамі «мігрант» і «ўцякач». Як у Польшчы гавораць пра іншаземцаў, якія тут жывуць

08.10.2026 14:53
Пра дапамогу, суперажыванне і чалавечую годнасць у Сейме Польшчы гаварылі праваабаронцы, грамадскія актывісты, адукатары і ўласна ўцекачы.