Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Убачыць чалавека за словамі «мігрант» і «ўцякач». Як у Польшчы гавораць пра іншаземцаў, якія тут жывуць

08.10.2026 14:53
Пра дапамогу, суперажыванне і чалавечую годнасць у Сейме Польшчы гаварылі праваабаронцы, грамадскія актывісты, адукатары і ўласна ўцекачы. 
Аўдыё
  • Убачыць чалавека за словамі «мігрант» і «ўцякач». Як у Польшчы гавораць пра іншаземцаў, якія тут жывуць
Іншаземцы ў ПольшчыPormezz/Shutterstock.com

Убачыць твар, пачуць гісторыю, зразумець, што давялося пакінуць чалавеку, які шукае бяспекі. Такі падыход да размовы пра ўцекачоў прапанавала канферэнцыя «Бачыць твары, слухаць гісторыі: уцекачы», якая адбылася ў Сейме Польшчы  6 кастрычніка. Пра дапамогу, суперажыванне і чалавечую годнасць гаварылі праваабаронцы, грамадскія актывісты, педагогі і ўласна ўцекачы.  

За сустрэчай з чалавекам у бядзе стаяць канкрэтныя справы: пошук жылля, юрыста, сродкаў на жыццё. Чаму гэтую працу часта бяруць на сябе грамадскія арганізацыі, а дзяржава ў лепшым выпадку толькі не перашкаджае,  тлумачыць Данута Пшывара, старшыня рады Хельсінкскага фонду правоў чалавека.

— Я павінна расказаць, як грамадскія арганізацыі ўзялі на сябе ролю дзяржавы. Паспрабую патлумачыць, у чым мы можам дапамагчы, а ў чым часам мусім дапамагаць. Грамадскія арганізацыі аб’ядноўваюць людзей, якія бачаць сэнс жыцця ў дапамозе іншым.

Ёсць і прававое адрозненне. Прыватныя асобы і грамадскія арганізацыі могуць рабіць усё, чаго закон не забараняе. Улада ж павінна дзейнічаць на падставе і ў межах закону. Гэта ўплывае на хуткасць рэагавання.

Мы на першай лініі: да нас прасцей звярнуцца тым, каму патрэбная дапамога. Чалавеку, які прыехаў з іншай краіны, трэба знайсці юрыста, жыллё, сродкі на жыццё. Мы можам арганізаваць збор грошай, пашукаць спецыялістаў, падумаць, ці магчыма прыняць яго дома. Нам не трэба змагацца за ўладу або разлічваць, ці прынясе дапамога галасы выбаршчыкаў.

Хельсінкскі фонд ад пачатку дапамагаў уцекачам, пазней — і іншым замежнікам, дапамагаючы легалізаваць знаходжанне ў краіне. Іншыя арганізацыі забяспечвалі сродкамі на жыццё і жыллём. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне яны дапамагалі ствараць сістэму падтрымкі людзей, якія масава ратаваліся ад вайны.

Усё было б добра, калі б наша дапамога працавала на старце, а потым запаўняла прабелы. Аднак значную частку абавязкаў пераклалі на грамадскія арганізацыі, іх кааліцыі, донараў і спонсараў.

Стаўленне дзяржавы да правоў чалавека асабліва выразна бачна ў тым, як яна абыходзіцца з людзьмі, якія просяць дапамогі і абароны. Уцекач — такі ж чалавек, як усе астатнія. У 1990-я і першыя пятнаццаць гадоў гэтага стагоддзя супрацоўніцтва з уладамі было: часам больш плённае, часам складанае. З 2015 года, на маю думку, яго няма або арганізацыі мусяць яго дамагацца. Адным з найцяжэйшых момантаў стала прыпыненне права прасіць прытулку ўжо пасля 2023 года, калі мы так чакалі змены стаўлення ўладаў да ўцекачоў і мігрантаў.

Вобразы, якія абесчалавечваюць

Гатоўнасць дапамагчы пачынаецца з таго, ці пазнаём мы ў чужынцы чалавека з уласнай гісторыяй, асобу. Словы і выявы могуць наблізіць яго да нас або зрабіць безаблічнай пагрозай. Пра гэты выбар гаворыць вядомы польскі фатограм, публіцыст, які супрацоўнічае з выданнем Tygodnik Powszechny Яцэк Таран.

— Мы вельмі часта сустракаем такія словы: «хваля», «лавіна», «штурм», «арда», «ўварванне». Яны не проста паведамляюць факты, а выклікаюць эмоцыі — найчасцей страх і адчуванне пагрозы.

Такую мову выкарыстоўвалі асабліва часта падчас крызісу на польска-беларускай мяжы. Яна стварае і непрыязнасць: «арда» не мае імя, сям’і, уласнай гісторыі. Ад яе нібыта трэба бараніцца.

Падобным чынам працуюць выявы. На здымках з Уснажа на першым плане часта былі вайскоўцы, часам са зброяй. З досведу фотарэпарцёра ведаю: службы могуць не дазволіць падысці бліжэй, паказаць твар чалавека, засланяюць аб’ектывы. Аднак і рэдактары часам свядома выбіраюць кадры, якія выклікаюць страх.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне высветлілася, што пра ўцекачоў можна расказваць інакш: даваць ім слова, называць імёны, паказваць сем’і. Тады перад намі чалавек, падобны да нас, які ратуецца ад небяспекі і мае патрэбу ў дапамозе.

Аднак кантраст паміж дзвюма гісторыямі — пра «нелегальнасць» на мяжы і пра маці, дзяцей, суседзяў з Украіны — апошнім часам сціраецца. Абедзве ўсё часцей зліваюцца ў негатыўны аповед.

Ад нас, журналістаў, залежыць, ці будзем ствараць адчуванне пагрозы, ці пакажам імя, сям’ю, дом. Аўдыторыі таксама трэба выбіраць сумленныя крыніцы. За кожным уцекачом стаяць прафесія, досвед, страчаны дом і гісторыя, якая можа нечаму навучыць нас. Таму пытанне простае: «хваля» ці чалавек, «арда» ці чалавек з імем? Мне блізкая журналістыка, у якой мы заўсёды на баку чалавека.

Убачыць таго, каму патрэбная дапамога

Убачыць чалавека — толькі пачатак: далей паўстае пытанне, як адгукнуцца на яго бяду. Ксёндз Гжэгаж Міхальчык з душпастырства творчых асяродкаў Варшавы шукае адказ у Евангеллі і гаворыць пра тое, што можа яднаць людзей розных перакананняў.

— Напачатку хачу звярнуцца да рэлігійнага матыву. У Польшчы шмат вернікаў, а рэлігійныя аргументы гучаць і ў дыскусіях пра ўцекачоў.

Натхняючыся Евангеллем, можна перавязаць параненага і накарміць галоднага. Але можна, тлумачачы яго па-свойму, з Божым імем на вуснах гаварыць ганебныя рэчы. Гэта супярэчыць евангельскай паставе.

У аповедзе пра Страшны суд Езус кажа: вы накармілі мяне, напаілі, апранулі, наведалі, прынялі чужынца. Людзі здзіўляюцца: калі? Ён адказвае, што ўсё, зробленае аднаму з найменшых, зроблена яму.

Аднак бачыць у патрабуючым Езуса, каб дапамагчы, — апошні аргумент. Езус атаясамлівае сябе з галодным, чужым, прыніжаным, бо любіць і шануе яго чалавечнасць. Гэта можа яднаць вернікаў і нявернікаў. Важна памятаць і няспынна гаварыць: перад намі чалавек, якому патрэбная дапамога.

У 2025 годзе міжнароднай абароны ў Польшчы прасілі 13,2 тысячы чалавек, з іх каля 3 тысяч — грамадзяне Беларусі. Паводле даных Упраўлення па справах замежнікаў, апублікаваных у справаздачы AIDA, у першай інстанцыі абарону атрымалі каля 3,7 тысячы чалавек: 311 — статус уцекача, астатнія — дадатковую абарону. Сярод іх было каля 1,7 тысячы беларусаў, 1,5 тысячы ўкраінцаў і 85 грамадзян Расіі. Заявы і рашэнні за адзін год могуць датычыць розных людзей, таму гэтыя лічбы нельга непасрэдна параўноўваць як долю задаволеных хадайніцтваў.

Праблемы ўзнікаюць ужо на этапе доступу да абароны. З сакавіка 2025 года Польшча абмежавала магчымасць падаваць адпаведныя заявы на мяжы з Беларуссю, прадугледзеўшы выключэнні. Улады тлумачаць гэта супрацьдзеяннем выкарыстанню міграцыі Мінскам і Масквой; праваабаронцы папярэджваюць, што абмежаванні перашкаджаюць індывідуальна ацэньваць патрэбу чалавека ў бяспецы.

Слухайце аўдыё! 

эж

«Бізнес чакае людзей, а не забаронаў»: эксперт пра тое, чаму Польшча не можа адмовіцца ад працоўнай міграцыі

06.07.2026 12:12
Асабліва востра гэта адчуваюць галіны, дзе ўжо сёння не хапае людзей: догляд за пажылымі, будаўніцтва, лагістыка, транспарт і прамысловасць. 

Бежанцы ў Польшчы чакаюць ад уладаў крокаў па паляпшэнні сітуацыі з легалізацыяй

06.10.2026 16:09
6-га кастрычніка ў Сейме Польшчы прайшла канферэнцыя «Бежанцы: глядзець у твар, слухаць аповед», прысвечаная абмеркаванню сітуацыі ўцекачоў у Польшчы.