Малдова стварае ахоўныя зоны на памежных пераходах з Украінай, дзе памежнікі і падарожнікі змогуць схавацца ў выпадку пагрозы ўдару дрона або ракеты. Кішынёў ужо вывеў сваіх супрацоўнікаў з двух сумесных памежных пераходаў, размешчаных на ўкраінскай тэрыторыі.
5 кастрычніка на пераходзе «Паланка — Маякі — Удобнэ» снарад трапіў у аўтобус каля шлагбаума. У выніку быў паранены малдаўскі памежнік. Ён знаходзіцца ў шпіталі, яго стан стабільны, пагрозы жыццю няма. Раней падчас атакі на памежную інфраструктуру каля Стараказачага загінулі два чалавекі. На працягу верасня і пачатку кастрычніка парушэнні паветранай прасторы Малдовы расійскімі ракетамі і дронамі значна інтэнсіфікаваліся.
Пра новыя выклікі для бяспекі, палітычныя наступствы варожых дзеянняў Расіі і абаронныя магчымасці Малдовы Беларуская служба паразмаўляла з аналітыкам Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW), спецыялістам па Малдове і Румыніі, Камілям Цалусам.
Наколькі сур’ёзныя наступствы расійскіх удараў па Украіне для суседняй Малдовы?
— Расійскія дзеянні супраць Украіны з выкарыстаннем дронаў і ракет пакуль не мелі ў Малдове трагічных наступстваў. На шчасце, у самой краіне ніхто не загінуў, не было і сур’ёзных пашкоджанняў інфраструктуры. Але выпадкі парушэння паветранай прасторы вельмі частыя, а апошнімі месяцамі іх інтэнсіўнасць істотна вырасла.
У параўнанні з Польшчай, і сітуацыяй на польска-украінскай мяжы, Малдова адчувае гэта мацней. За апошнія паўтара-два тыдні амаль не было дня без падобнага здарэння. Ад пачатку года да 5 кастрычніка зарэгістравалі 54 аб’екты, якія парушылі паветраную прастору Малдовы. За 2025 год такіх выпадкаў было толькі 17.
Некаторыя дроны і ракеты трапляюць у памежную інфраструктуру, у тым ліку на галоўным пераходзе паміж Украінай і Малдовай. Там ужо здарылася трагедыя. Некалькі тыдняў таму дрон забіў двух грамадзян Украіны і параніў грамадзяніна Малдовы. Некалькі дзён таму на іншым пераходзе быў паранены малдаўскі памежнік. Наступствы расійскіх атак усё больш сур’ёзныя.
Расія паводзіць сябе ўсё больш нахабна. Раней яна пераважна адмаўляла такія выпадкі або тлумачыла іх працай ўкраінскіх глушылак. Цяпер РФ адкрыта заяўляе пра мэтанакіраваны ўдар, нібыта дзеля таго каб спыніць перавозку заходняга вайсковага абсталявання праз Малдову. Кажу «нібыта», бо Кішынёў паслядоўна адмаўляе такія перавозкі. Нагадаю: Малдова — нейтральная краіна, яе ўлады паслядоўна прытрымліваюцца гэтага. Таму, хоць яна дапамагае Украіне і падтрымлівае яе ў многіх сферах, афіцыйна не ўдзельнічае ў перадачы зброі.
Ці аб’ядноўваюць гэтыя здарэнні грамадства вакол праеўрапейскай улады, Партыі дзеяння і салідарнасці (PAS) і прэзідэнткі Маі Санду? Або прарасійскія сілы выкарыстоўваюць іх, каб заклікаць да аднаўлення супрацоўніцтва з Масквой?
— Я сказаў бы, што эфекту яднання вакол сцяга гэта не выклікае. Пачашчэнне палётаў расійскіх дронаў, ракет і імітатараў дае абодвум лагерам — празаходняму і прарасійскаму — нагоду для ўмацавання сваіх палітычных пасылаў. Гэта хутчэй падзяляе грамадства, а не яднае яго на фоне пагрозы.
Сярод сур’ёзных палітыкаў практычна няма тых, хто ўхваляе або апраўдвае парушэнні паветранай прасторы. Але прарасійскія сілы называюць іх наступствам пазіцыі празаходняга ўрада і Маі Санду асабіста. Маўляў, улада падтрымлівае Украіну, уцягвае Малдову ў канфлікт насуперак нейтралітэту і адкрыта крытыкуе Расію, таму падвяргае краіну небяспецы.
Пасыл просты: калі б мы не ставіліся варожа да Расіі, не падтрымлівалі Украіну і заставаліся нейтральнымі, Масква паводзіла б сябе асцярожней. А пры цяперашняй пазіцыі ўладаў яна не лічыць патрэбным зважаць на Малдову: б’е па аб’ектах на мяжы або выкарыстоўвае яе неба для атак на паўднёвы захад Украіны.
Гэта знаходзіць водгук у часткі грамадства, дзе моцная прыхільнасць да нейтралітэту. Людзі пытаюцца: навошта ўцягвацца? Хтосьці лічыць Украіну вінаватай у нападзе на яе. Іншыя малдаване не падзяляюць такой ацэнкі, але ўсё роўна мяркуюць, што Малдова занадта малая, каб удзельнічаць у канфлікце. Гэта эфектыўны інструмент інфармацыйных атак на празаходнія сілы і падрыву іх падтрымкі.
Для перакананых празаходніх выбарцаў гэтыя выпадкі, наадварот, пацвярджаюць, што Расія ігнаруе міжнароднае права. Адна з праяваў — частыя і беспардонныя парушэнні паветранай прасторы іншай суверэннай дзяржавы. Агульнай падтрымкі аднаго лагера не ўзнікае: здарэнні кансалідуюць кожную з дзвюх груп.
Аднак у цэлым гэта хутчэй неспрыяльная з’ява для празаходняга лагера, бо яна выклікае няўпэўненасць і страх, а гэта ніколі не спрыяе ўнутранай стабільнасці.
Нягледзячы на нейтральны статус, Малдова паглыбляе супрацоўніцтва з краінамі НАТА, у тым ліку Польшчай. Гэта было добра бачна падчас маштабнага вайсковага параду, праведзенага з нагоды 35-годдзя незалежнасці Малдовы 27 жніўня, у Кішынёве. Былі прадэманстраваныя ўзбраенні выключна заходняй вытворчасці. Наколькі важная гэтая падтрымка і як яна спалучаецца з нейтральным статусам Малдовы?
— Так, сапраўды, Малдова пашырае супрацоўніцтва з краінамі Захаду ў шырокім сэнсе: еўрапейскімі краінамі і Злучанымі Штатамі. Апошнімі гадамі партнёры ажыццявілі больш за дзясятак паставак абсталявання, што дазволіла беспрэцэдэнтна мадэрнізаваць малдаўскую армію. Усё гэта адбываецца ў межах нейтралітэту. Ён не забараняе вайсковага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі, а азначае няўдзел у абарончых саюзах. Навучанне, закупкі зброі і рэгулярныя кантакты — звычайная практыка нейтральных краін. Малдова карыстаецца гэтай свабодай. Расія і прарасійскія сілы гэта крытыкуюць, бо Масква хацела б атаясамліваць нейтралітэт з безабароннасцю: без супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і фактычна без арміі.
Заходняя падтрымка мае ключавое значэнне. Яшчэ некалькі гадоў таму малдаўская армія была ў вельмі дрэнным стане праз крайняе недафінансаванне. На абарону выдаткоўвалі каля 0,3% ВУП. Для адной з найбяднейшых краін Еўропы гэта ўсяго пару дзясяткаў мільёнаў долараў, а ў малдаўскай арміі каля пяці тысяч чалавек. Цяпер гэта мяняецца, краіна імкнецца павялічыць выдаткі на абарону да ўзроўню 1% ВУП.
Важныя і сродкі Еўрасаюза. Доўгі час яны ішлі пераважна на нелетальнае абсталяванне. Гэта дазваляла ашчаджаць уласны абаронны бюджэт і набываць узбраенне. Сталі магчымымі і закупкі сучасных радараў, асабліва патрэбных праз дронавую і ракетную пагрозу..
Пачалі з французскіх радараў, калі памяць не здраджвае, кампаніі Thales. Гэта адкрыла шлях да сучаснай сістэмы назірання за небам, якая дазваляе выяўляць аб’екты ў паветранай прасторы. Сістэма яшчэ недасканалая: для ахопу ўсёй тэрыторыі бракуе некалькіх радараў. Наступны крок — сродкі барацьбы з дронамі і ракетамі.
Без дапамогі партнёраў на мадэрнізацыю не хапіла б грошай. Змяняюцца таксама структуры камандавання і стандарты працы: новыя статуты і вучэнні арыентуюцца на ўзоры НАТА. Таму, нягледзячы на нейтралітэт, назіраецца пэўная «натаізацыя», калі можна так сказаць, малдаўскіх вайсковых структур.
Слухайце аўдыё!
Эдуард Жолуд