Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Саламэ Зурабішвілі: Грузія ператвараецца ў копію Расіі

15.10.2026 14:12
Саламэ Зурабішвілі займала пасаду прэзідэнткі Грузіі ў 2018-2024-х гадах. Яна не прызнала вынікі апошніх парламенцкіх выбараў, і наступных непрамых выбараў прэзідэнта. Яна застаецца апошнім абраным народам прэзідэнтам Грузіі. Польскае радыё паразмаўляла з ёй пра сітуацыю ў краіне.
Аўдыё
  • Грузія ператвараецца ў копію Расіі
Дэмакратычная прэзідэнтка Грузіі Саламэ ЗурабішвіліPolskie radio dla Zagranicy/B.Sudin

За апошнія гады сітуацыя на Каўказе змянілася, Расія паступова губляе ўплывы ў рэгіёне. Азербайджан вядзе палітыку без узгаднення з Масквой, нават Арменія, — краіна, якая гадамі лічылася прарасійскай, — пачала курс на збліжэнне з Еўрасаюзам. Адзіная Грузія не спяшаецца выходзіць з-пад уплываў Крамля? Чаму так адбываецца, пра гэта Польскае радыё запыталася ў дэмакратычнай прэзідэнткі краіны Саламэ Зурабішвілі?

— Тут шмат чаго завязанае: ваенная агрэсія ва Украіне, і той факт, што Расія баіцца канчаткова страціць Каўказ. Верагодна, менавіта гэта — адна з прычын, чаму Расія вядзе супраць Грузіі гібрыдную вайну, імкнучыся вярнуць яе пад свой поўны кантроль. Яшчэ некалькі гадоў таму Грузія — разам з Украінай і Малдовай — стаяла на парозе Еўрапейскага Саюзу, а цяпер мы назіраем, як Расія ўсё больш упэўнена вяртаецца праз урад партыі «Грузінская мара» і алігархаў, якія стаяць на чале гэтага ўрада. У выніку ўсталёўваецца нешта падобнае да расійскай мадэлі кіравання, якая прадугледжвае здушэнне грамадзянскай супольнасці. Гэтая гібрыдная вайна нічым не лягчэйшая за ваенны канфлікт: агрэсар тут менш прыкметны, але, я б сказала, нашмат больш актыўны.

Чаму гэта адбываецца? Быў час, калі ва Ўсходняй Еўропе, ва Украіне і Беларусі, глядзелі на Грузію, як на прыклад дэмакратычнай трансфармацыі. Што ж здарылася, чаму адбыўся аўтарытарны разварот?

— Расія бачыць, што адбываецца ў астатняй частцы Каўказа, а яшчэ стагоддзі таму лічылася, што той, хто кантралюе Грузію, кантралюе і ўвесь Каўказ. Менавіта таму Расія імкнецца вярнуць сабе кантроль над гэтым рэгіёнам праз Грузію. Пакуль Масква лічыць, што можа ўтрымліваць Грузію пад сваім кантролем, дзеянні Арменіі ці Азербайджану адыходзяць на другі план. Гэта мае вялікае значэнне для Расіі ў кантэксце вайны ва Украіне, якую яна, па сутнасці, прайграе (сама немагчымасць перамагчы з'яўляецца для Расіі буйной паразай). У цяперашніх складаных умовах Масква шукае нейкую кампенсацыю і пасылае Захаду сігнал: «Мы можам вярнуць кантроль над Грузіяй, і вы нічога не зможаце з гэтым зрабіць». Менавіта такі пасыл яны транслююць праз цяперашнюю гібрыдную вайну. Як і ў 2008 годзе падчас расійскай агрэсіі супраць Грузіі, яны выпрабоўваюць новыя формы ўмяшання. Тое, што мы назіраем цяпер — наступ на свабоды, навязванне расійскіх законаў, абмежаванне дзейнасці грамадзянскай супольнасці (фактычнае капіяванне таго, што адбываецца ў самой Расіі), — гэта ўсталяванне кантролю над Грузіяй без выкарыстання ваеннай сілы, што абыходзіцца значна танней, чым вайна ва Украіне.

Цяперашняя кіроўная партыя «Грузінская мара» рэалізуе прарасійскі курс, але ці ёсць іншыя сілы, якія прапаноўваюць альтэрнатыву?

— Справа тут не ў палітыках, усё грамадства на працягу апошніх 30 гадоў было цалкам скіравана ў бок Еўропы. Паводле 80% усіх сацыялагічных апытанняў, усе грузінскія ўрады з моманту здабыцця незалежнасці былі цвёрда і рашуча праеўрапейскімі — і грузінскае насельніцтва застаецца такім і сёння. Таму няма патрэбы ў нейкіх асаблівых палітычных сілах: грузіны па-ранейшаму хочуць таго ж самага — каб іх дзеці вучыліся ў Еўропе, каб краіна збліжалася з Еўропай і ўрэшце стала яе часткай. Гэта даўняе імкненне грузінскага народу, якое існавала яшчэ ў пачатку XX стагоддзя – падчас першай незалежнасці — і нават раней; у гэтым сэнсе нічога не змянілася. Аднак сёння ў грамадзянскай супольнасці няма голасу, каб выказаць гэта так, як яна рабіла раней.

Чаму не атрымоўваецца змяніць сітуацыю, не хапае адзінства сярод апазіцыі?

— Не, справа ў рэпрэсіях. Апазіцыя ў рэпрэсіўным грамадстве не можа свабодна дзейнічаць – няма рэсурсаў, усё праслухоўваецца. Фактычна, у плане палітычнай актыўнасці мы ператварыліся ў копію Расіі: у няўрадавых арганізацый няма рэсурсаў, а палітычныя партыі і іх лідары — пераважна ў турме. Над гэтымі партыямі вісіць «дамоклаў меч» — пагроза забароны; пытанне разглядаецца ў Канстытуцыйным судзе, і рашэнне аб забароне можа быць прынята ў любы момант. Да таго ж, штодня прымаюцца рэпрэсіўныя законы. Напрыклад, два дні таму было прынята рашэнне, што СМІ (а засталося ўсяго два апазіцыйныя каналы) не могуць выкарыстоўваць 93 словы — інакш ім пагражаюць штрафы, а магчыма, і іншыя меры пакарання. Сярод гэтых слоў — самыя простыя, як «рэжым» ці «рэпрэсіі». Атрымліваецца, што нават нельга свабодна гаварыць пра парушэнні. Мы жывем у своеасаблівым «оруэлаўскім» грамадстве, таму патрабаваць ад апазіцыйных партый паводзіць сябе як нармальныя палітычныя структуры ў нармальным грамадстве — немагчыма. Галоўны выклік для нас — як выйсці з сітуацыі, якая наўмысна створана для поўнага прыгнёту грамадства. Мы вывучаем розныя сцэнарыі развіцця падзей, і, магчыма, венгерская мадэль магла б стаць крыніцай натхнення для грузінаў.

Ці ёсць шанец на рэалізацыю такога сцэнару?

— Падобнае пытанне можна было задаць і падчас выбараў, калі Орбан усё кантраляваў: як гэта стала магчымым? Гэта адбылося дзякуючы адзінству насельніцтва; менавіта мабілізацыя і адзінства грамадства — адзіны шлях наперад. Мы дакладна ведаем, што людзі поўныя рашучасці, бо яны бесперапынна праводзяць акцыі пратэсту ўжо два гады. І 28 лістапада — у дзень, калі прэмʼер-міністр абвясціў пра спыненне перамоваў з Еўрапейскім саюзам, — мы ўбачым, што насельніцтва Грузіі па-ранейшаму цвёрда ведае, якой будучыні яно хоча.

Адным з элементам поспеху ў Венгрыі была наяўнасць маладога ды харызматычнага лідара. Ці ў Грузіі ёсць нехта, хто нагадвае Петэр Мадзьяра?

— Не ведаю, пабачым. Вельмі складана дакладна паўтарыць сітуацыю. Чаму я звяртаю ўвагу на гэтую мадэль? Таму што яна паказвае: у пэўныя моманты вырашальнае значэнне маюць адзінства і рашучасць насельніцтва. А як менавіта гэта праявіцца — ці будзе гэта адзін лідар, ці тры лідары разам — магчымыя самыя розныя формы; у дадзеным выпадку гэта не самае галоўнае.

Вы верыце ў тое, што перамены яшчэ магчымыя ў Грузіі?

— Безумоўна, і не толькі я, думаю, што гэтую надзею падзяляе пераважная большасць насельніцтва Грузіі.

Грузіі патрэбна вонкавая падтрымка цяпер, напрыклад, ад Заходніх краін?

— Не, на дадзеным этапе грузінскі народ павінен сам вызначыць сваю будучыню — і, перш за ўсё, абʼяднацца дзеля гэтай будучыні. Калі мы наблізімся да моманту выбару — а магчыма, і да саміх выбараў, — тады надыдзе час, каб нашы еўрапейскія партнёры падтрымалі гэтыя сілы.

Якую будучыню Вы бачыце для сябе: надалей у палітыцы ці больш у бок, напрыклад, культуры?

— Калі б я хацела культурнай актыўнасці, я магла гэтым займацца цягам апошніх двух гадоў. Але не — вядома, я са сваімі людзьмі, і пакуль мы не здолеем пераадолець цяперашнюю сітуацыю, якая дэ-факта зʼяўляецца расійскай акупацыяй краіны, — я буду там і будзем змагацца разам.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч