Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Алесь Бяляцкі: У выпадку Беларусі польскі «круглы стол» немагчымы

28.10.2026 13:30
Лукашэнка можа весці перамовы з ЗША або Расіяй, але не з апазіцыяй, лічыць лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
   2014     .
Алесь Бяляцкі ў 2014 годзе быў госцем Польскага радыё. Фота: Wojciech Kusiński/Polskie Radio

— Ніводная краіна не з'яўляецца востравам і не можа сама сабе гарантаваць лепшую будучыню. Лёс Украіны ў значнай ступені залежыць ад дапамогі Еўрасаюза і іншых дэмакратычных краін свету. Без гэтай дапамогі Украіна і зараз можа страціць свой суверэнітэт. У сваю чаргу, будучыня Беларусі залежыць ад таго, як скончыцца вайна Расіі супраць Украіны. Калі Украіна вытрымае, стане дэмакратычным членам Еўрасаюза, то будзе ўзорам для Беларусі, — пераконвае ў інтэрв’ю агенцтву PAP праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі.

Ён таксама лічыць, што сітуацыя ў Расіі можа кардынальна змяніцца ў любы момант, бо яна глыбока нестабільная, у тым ліку з-за вайны ва Украіне, а беларусы чакаюць моманту, калі Расія засяродзіцца на выратаванні сябе.

— Так было на мяжы 1980-х і 1990-х гадоў. Думаю, зараз будзе падобна, і ў бліжэйшай будучыні беларусы атрымаюць свой шанец. Расія не выйграе гэтую вайну — я верыў у гэта з таго часу, як украінцам удалося спыніць расійскае ўварванне і выгнаць іх з Кіеўскай вобласці. Вось чаму Пуцін такі разʼюшаны, атакуючы ўкраінскія гарады з паветра. Ён зразумеў, што ўсё ідзе не зусім так, як ён планаваў. Мэтай гэтай вайны было поўнае знішчэнне Украіны. Падобнае было ў Афганістане, дзе саветы спальвалі вёску за вёскай, — нагадаў Алесь Бяляцкі.

Калі гаворка ідзе пра ўладу Лукашэнкі, то, паводле Бяляцкага, ён будзе кіраваць краінай непадзельна да самой смерці. Ён не сыдзе добраахвотна з-за страху за ўласную бяспеку, бо ўлада азначае беспакаранасць, гарантуе бяспечнае жыццё.

Алесь Бяляцкі таксама лічыць, што ў выпадку Беларусі немагчымы «польскі сцэнар» перадачы ўлады – нейкі своеасаблівы беларускі «круглы стол».

— Гэта немагчыма, прынамсі, пакуль жывы Лукашэнка. Ён ніколі не згаджаўся на ніякія перамовы з апазіцыяй. Лукашэнка можа весці перамовы з амерыканцамі, таму што ЗША — буйная дзяржава, або з Пуціным па той жа прычыне, а таксама таму, што Расія падтрымлівае яго рэжым, — кажа Бяляцкі.

З-за рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі з краіны эмігравалі сотні тысяч беларусаў, толькі ў Польшчы іх жыве больш за 300 000. Ці вернуцца яны на радзіму, калі там адбудуцца дэмакратычныя змены? Алесь Бяляцкі лічыць што часткова, вернуцца.

— Еўропа невялікая, і пры неабходнасці беларусы могуць сесці ў самалёт і быць у Мінску праз гадзіну-дзве. Тыя, хто застанецца за мяжой, дапамогуць радзіме, сваім вопытам, кантактамі і ўплывамі ў іншых сталіцах, як гэта рабілі многія польскія эмігранты ў 1980-х гадах, — пераконвае лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

аз