Літва гатовая прыйсці на дапамогу Польшчы ў выпадку ваеннай пагрозы і сумесна абараняць усходні фланг НАТА. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс у інтэрв’ю польскай газеце Rzeczpospolita.
Паводле літоўскай дыпламата, інтарэсы бяспекі дзвюх краін значна супадаюць. Польшча зацікаўленая ў абароне ўсяго Паўночнаатлантычнага альянсу, а таксама яго паўночна-ўсходняга флангу, перакананы Кястуціс Будрыс:
— У мяне няма ніякіх сумневаў: калі ўзнікне такая неабходнасць, Літва і Польшча будуць ваяваць поплеч. Я не ўяўляю сітуацыі, калі ў суседняй Польшчы адбываюцца нейкія інцыдэнты, а мы проста сядзім, чакаем і назіраем, што будзе далей. Літва неадкладна прыйдзе вам на дапамогу.
Літоўскі міністр таксама не чакае істотных зменаў у палітыцы ЗША адносна бяспекі Еўропы пасля прамежкавых выбараў у амерыканскі Кангрэс. Паводле Будрыса, Вашынгтон апошнімі месяцамі працягваў ранейшы курс у адносінах да саюзнікаў, і вынікі галасавання наўрад ці паўплываюць на стаўленне да краін усходняга флангу НАТА, у тым ліку Літвы і Польшчы.
Міністр замежных спраў Літвы лічыць, што мэта расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна — «фактычная ліквідацыя НАТА». Таму еўрапейскія дзяржавы, паводле Будрыса, павінны самі праяўляць палітычную ініцыятыву, фармуляваць канкрэтныя патрабаванні і клапаціцца пра ўласную бяспеку.
эж