Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае палітычных зняволеных як разменную манету ў перамовах з Захадам, а рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Пра гэта ў інтэрв’ю Польскаму агенцтву друку (PAP) заявіла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская, аб чым піша Forsal. Паводле яе, у беларускіх турмах па-ранейшаму знаходзяцца больш за 900 палітвязняў. Яна лічыць, што еўрапейскія санкцыі трэба захаваць і выкарыстоўваць не толькі для вызвалення асобных людзей, але і для дасягнення сістэмных змен.
Ціханоўская падзякавала Злучаным Штатам за намаганні дзеля вызвалення палітвязняў, але заклікала заходніх партнёраў не прызнаваць Лукашэнку і не заахвочваць яго выкарыстоўваць новых затрыманых у перамовах.
— Адных людзей вызваляюць дзякуючы амерыканцам, але на іх месца затрымліваюць удвая больш. Арышты адбываюцца практычна штодня, — сказала яна.
Паводле Ціханоўскай, беларускі рэжым спрабуе хаваць сапраўдную колькасць палітвязняў, каб стварыць уражанне нармалізацыі сітуацыі. Змякчэнне санкцый у абмен на асобныя вызваленні не вырашыць праблемы рэпрэсій. Абмежаванні павінны прыводзіць да доўгатэрміновых змен у краіне.
— Часам мы чуем: давайце адменім санкцыі, і, магчыма, Лукашэнка вызваліць людзей. Але што, калі ўжо на наступны дзень ён арыштуе новых? Якія інструменты ціску ў нас тады застануцца, каб дамагчыся іх вызвалення? — запыталася Ціханоўская.
ЗША ўжо больш за год вядуць з Мінскам перамовы пра вызваленне палітвязняў у абмен на змякчэнне санкцый. Ад імя Белага дома іх праводзіць спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Дональда Трампа Джон Коўл. Адным з вызваленых у межах гэтых намаганняў стаў 28 красавіка польскі журналіст і актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут.
Ціханоўская звярнула ўвагу на пераслед беларусаў за выкарыстанне моваў, адрозных ад расійскай. Паводле яе, рэпрэсіі могуць закранаць і тых, хто размаўляе па-польску. Яна прывяла прыклад Яўгена Юшкевіча, вызваленага ў верасні. У зняволенні яму не дазвалялі вывучаць польскую мову. Кнігі, якія перадала сям'я, канфіскавалі і спалілі.
— За кожнае слова, сказанае па-польску ў турме, можна было атрымаць пяць дзён карцара, — распавяла Ціханоўская.
Офіс Ціханоўскай адкрыюць у Варшаве
26 лістапада лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў афіцыйна адкрые свой офіс у Варшаве. Да гэтага яе штаб-кватэра знаходзілася ў Літве, аднак дзейнасць давялося перанесці ў Польшчу. Паводле Ціханоўскай, Варшава павінна стаць цэнтрам палітычнай дзейнасці беларускай апазіцыі. Тут будуць праходзіць сустрэчы і мерапрыемствы, звязаныя з дэмакратычным рухам.
Перанос офіса таксама павінен спрасціць супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, бо ў Польшчы жыве значна больш беларусаў, чым у Літве. Ціханоўская падкрэсліла, што Польшча працягвае падтрымліваць незалежныя медыі, праваабарончыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасць.
Ціханоўская закранула таксама адміністрацыйныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Польшчы. Адна з найбольш сур'ёзных — працяглы час чакання дакументаў. Некаторыя палітычныя ўцекачы чакаюць разгляду сваіх заяў нават два гады. Яна заклікала польскія ўлады паскорыць працэдуру для людзей, якія ўцяклі з Беларусі ад рэпрэсій. На яе думку, палітычных уцекачоў трэба адрозніваць ад эканамічных мігрантаў.
Яна таксама звярнула ўвагу на розніцу ў тэрмінах дзеяння дазволаў на часовае пражыванне: у Літве іх выдаюць на тры гады, а ў Польшчы — на адзін. Павелічэнне гэтага тэрміну магло б палегчыць жыццё беларусам і зменшыць нагрузку на дзяржаўныя ўстановы.
Яшчэ адна праблема — адкрыццё банкаўскіх рахункаў. Ціханоўская прызналася, што сама сутыкнулася з адмовай аднаго з банкаў адкрыць ёй рахунак. Паводле яе, беларусы хочуць легальна працаваць у Польшчы і плаціць падаткі, таму не павінны сутыкацца з такімі перашкодамі.
Як паведаміла Ціханоўская, пры польскім Міністэрстве замежных спраў працуе міжведамасная група, якая займаецца вырашэннем гэтых праблем. Аднак змены адбываюцца вельмі павольна.
Ціханоўская адзначыла, што Польшча застаецца важным удзельнікам перамоваў пра Беларусь. Яна згадала актыўнасць міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага і прынцыповую пазіцыю Варшавы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што для польскіх уладаў прыярытэтам застаецца нацыянальная бяспека. Сярод станоўчых зменаў яна назвала зніжэнне міграцыйнага ціску на польска-беларускай мяжы і вызваленне Анджэя Пачобута.
Лідарка беларускай апазіцыі таксама выказала спадзяванне, што Кангрэс ЗША і надалей будзе займацца пытаннямі правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Разам з тым яна звярнула ўвагу, што ліквідацыя амерыканскага агенцтва дапамогі USAID істотна абмежавала магчымасці дзейнасці беларускіх дэмакратычных сіл.
нг