З пачатку расійскага нападу ў 2022 годзе Украіна пашырыла геаграфію ўзброеных адказаў агрэсару далёка за межы Усходняй Еўропы, ператварыўшы ўдары па расійскіх сілах і лагістыцы ў глабальную кампанію. Сутыкнуўшыся з перавагай Крамля на асноўным фронце, Кіеў зрабіў стаўку на мабільныя групы спецназа, дальнабойныя беспілотнікі і марскія дроны. Мэтай гэтых аперацый сталі экспедыцыйныя карпусы, лагістычныя хабы і ВМФ Расіі ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў нейтральных водах.
Рэзананснай украінскай атакай стала знішчэнне карвета «Меркурый» у лівійскім порце Бенгазі 22 лістапада. Пра яе асабіста расказаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
— Я дзякую нашым воінам, якія рэалізавалі складаную аперацыю ля берагоў Лівіі — цалкам легітымную, супраць караблёў ворага. Расія выкарыстоўвала два судны для вайны — карвет, адзін з самых новых у расійскім флоце, — і грузавое судна, якое перавозіла зброю. Больш ён не перавозіць, а карвет — на дне. Вынік — выключна нашай украінскай зброі і нашых украінскіх дронаў.
Пры гэтам кіраўнік украінскай дзяржавы зазначыў, што Кіеў працягне праводзіць марскія аперацыі супраць Расіі.
— Мы адказваем Расіі на яе ўдары так, каб было эфектыўна. Украінскія марскія аперацыі будуць працягвацца.
Але перад гэтым былі іншыя аперацыі ўкраінцаў удалечыні ад асноўнага тэатра баявых дзеянняў.
Першым буйным палігонам для замежных аперацый украінскай разведкі стала Афрыка, дзе Расія актыўна выкарыстоўвае «Афрыканскі корпус» (былую ПВК «Вагнер») для кантролю за рэсурсамі і палітычным уплывам.
Так, першым быў Судан. У жніўні 2023 года Украіна накіравала ў Хартум атрад спецназа ГУР (Галоўнае ўпраўленне разведкі) для падтрымкі ўрадавых сіл супраць Сіл хуткага рэагавання, якіх забяспечвалі расійскія найміты. Украінскія байцы прымянілі баявыя дроны для знішчэння тэхнікі і асабовага складу баевікоў, парушаючы лагістыку паставак золата і зброі, якія ішлі ў інтарэсах Масквы.
У сваю чаргу ў ліпені 2024 года паўстанцы-туарэгі на поўначы Малі зладзілі засаду, у якой загінулі дзясяткі расійскіх наймітаў. Па дадзеных тэлебачання CNN, украінскія спецыялісты не толькі перадавалі паўстанцам разведдадзеныя, але і дыстанцыйна кіравалі беспілотнікамі для каардынацыі атакаў супраць расійскіх падраздзяленняў.
На Блізкім Усходзе і ў басейне Міжземнага мора ўкраінскія аперацыі накіраваныя на ўдары па стратэгічных базах і маршрутах забеспячэння расійскай групоўкі.
Так, у 2024 годзе байцы спецпадраздзялення ГУР «Хімік» правялі дыверсійныя рэйды супраць расійскіх ваенных аб'ектаў у Сірыі, атакуючы блокпасты, апорныя пункты і тэхніку з дапамогай дронаў і мінамётаў. Пасля падзення рэжыму Башара Асада ў снежні 2024 года Расія страціла доступ да сваіх сірыйскіх партоў, што прымусіла Маскву шукаць новыя кропкі апоры ў рэгіёне.
Новым лагістычным хабам Крамля стаў усход Лівіі, які кантралюецца генералам Халіфой Хафтарам. У ноч на 22 лістапада 2026 года Служба бяспекі Украіны сумесна з Сіламі абароны правяла беспрэцэдэнтную аперацыю ў порце Бенгазі. З дапамогай сямі марскіх безэкіпажных катараў, запушчаных са спецыяльнага судна-носьбіта ў Міжземным моры, былі здзейсненыя атакі на найноўшы расійскі карвет «Меркурый» і сухагруз «Ангара», які перавозіў узбраенне, у тым ліку з КНДР. Пасля траплення дронаў на караблі пачаўся моцны пажар і дэтанацыя боепрыпасаў. Са спадарожнікавых здымкаў вынікае, што «Меркурый» перавярнуўся і пайшоў на дно. Над вадой засталася толькі яго насавая частка, і карвет, хутчэй за ўсё, не падлягае аднаўленню. Разам з караблём патануў верталёт Ка-27, які знаходзіўся на яго палубе. Паводле тэлеканала Al Jazeera, карабель таксама перавозіў партыю зброі, боепрыпасаў і беспілотнікаў. Агульная шкода ад страты карвета з узбраеннем ацэньваецца прыкладна ў 200-350 млн долараў.
У інтэрв’ю ўкраінскаму тэлеканалу «Суспільне Новини» намеснік дырэктара Цэнтра блізкаўсходніх даследаванняў Сяргей Данілаў сказаў, што Украіна не ваюе супраць Лівіі, толькі супраць Расіі. І захопнік павінен памятаць пра тое, што яго вайсковая лагістыка можа апынуцца пад ударам у любой кропцы планеты.
— Мы не ваюем з Лівіяй, нават з прарасійскай Лівіяй. Любая Лівія не наш вораг, лівійскі бок — наш партнёр. Але расійская ваенная лагістыка заўсёды будзе пад атакай у любой кропцы планеты. І гэта відавочнае адрозненне.
Варта таксама ўзгадаць удары па суднах, звязаных з расійскай лагістыкай і «ценявым флотам», якія мелі месца ў акваторыі Міжземнага мора і ў нашым рэгіёне — у Фінскім заліве.
Якую ж мэту ставяць украінцы, б’ючы па Расіі ў аддаленых рэгіёнах свету? Па-першае, гэта прымушае Маскву расцягваць ваенныя і іншыя рэсурсы. Крэмль вымушаны марнаваць дэфіцытныя сістэмы СПА, сродкі РЭБ і караблі для абароны абʼектаў у тысячах кіламетраў ад лініі фронту.
Па-другое, Кіеў сваімі дзеяннямі падрывае эканоміку РФ і ўплыў Расіі ў аддаленых частках планеты. Атакі на ваенныя аб’екты і нафтавую інфраструктуру бʼюць па здольнасці Крамля фінансаваць вайну і ўтрымліваць лаяльнасць саюзнікаў, для прыкладу, у той жа самай Афрыцы.
Такім чынам, замежныя рэйды і ўдары сталі для Украіны інструментам глабальнага стрымлівання, бо такім чынам Кіеў дэманструе, што расійскія вайсковыя актывы не знаходзяцца ў бяспецы ні ў адной кропцы свету, пакуль працягваецца вайна.
З іншага боку, падобныя аперацыі ўкраінцаў выклікаюць вострую міжнародную рэакцыю. Напрыклад, пасля аперацыі ў Малі ўлады краіны разарвалі дыпламатычныя адносіны з Украінай, а ўдар у порце Бенгазі выклікаў жорсткія абвінавачанні з боку прадстаўнікоў лівійскага кіраўніцтва, якія назвалі інцыдэнт парушэннем суверэнітэту і аб’яўленнем Украінай вайны.
Адрэагавала таксама Еўропа. Так, міністр замежных спраў Італіі Антоніа Таяні выказаў трывогу з-за пераносу баявых дзеянняў у Міжземнае мора, усяго за некалькі сотняў кіламетраў ад італьянскіх берагоў.
Замежныя рэйды ўкраінцаў паказалі, што захопнікі не могуць сябе адчуваць у бяспецы нават у аддаленых рэгіёнах свету. Пазбавіўшы Расію статусу «другой арміі свету» на ўкраінскіх палях бітваў, Кіеў цяпер дэманструе, што расіяне, знаходзячыся нават у Афрыцы, павінны заўсёды быць напагатове і пільна сачыць за морам і паветрам.
вс
слухайце аўдыёфайл