Паводле ацэнак брытанскага аналітычнага цэнтра «BrightBlue», падтрымка антыеўрапейскіх партый у Польшчы зараз вышэйшая, чым калі-небудзь дасягнулі прыхільнікі выхаду Вялікабрытаніі з ЕС. Праеўрапейскага ўрада можа быць недастаткова, каб спыніць гэтыя настроі, перасцерагае «Gazeta Wyborcza».
— У той час як Brexit быў эканамічна неспрыяльным для Вялікабрытаніі, Polexit быў бы катастрафічным для Польшчы, — гаворыцца ў дакладзе «Quo vadis, Polonia? Урокі Brexit для больш моцнай Польшчы ў Еўропе».
Паводле ацэнак цэнтра «BrightBlue», наступствы выхаду Вялікабрытаніі з ЕС — гэта некалькі ўрокаў для Польшчы.
Калі з самага пачатку чыста эканамічныя аргументы былі на баку тых, хто падтрымліваў далейшае членства Вялікабрытаніі ў Еўрасаюзе, то аргументы, заснаваныя на ідэнтычнасці (у прыватнасці, тыя, што апелявалі да брытанскай нацыянальнай ідэнтычнасці), былі настолькі перакаўчымі, каб прывесці прыхільнікаў выхаду з ЕС да перамогі, папярэджваюць даследчыкі.
Яны нагадваюць, што папулісты залежаць ад крытыкі ЕС, а складанасць еўрапейскіх структур значна палягчае канструяванне наратываў пра іх элітарнасць і антычалавечы характар.
Падзел на «нас, палякаў (ці брытанцаў)» і «іх, то бок эліту з Бруселя» змяняе палітычную гульню, бо такі наратыў можа быць адказам практычна на любую праблему, незалежна ад яе складанасці, гаворыцца ў дакладзе.
Не патрэбен антыеўрапейскі ўрад, каб выйсці з ЕС. Польскія праеўрапейскія партыі не могуць меркаваць, што Polexit не адбудзецца, калі партыі, якія яго падтрымліваюць, не ўвойдуць ва ўрад, адзначаюць аўтары даследавання.
Брытанскі вопыт паказвае, што праблемы, у якіх выбаршчыкі абвінавачваюць Брусель, часта вынікаюць не з палітыкі ЕС, а з памылак, зробленых асобнымі нацыянальнымі ўрадамі. Таму проста выхад з ЕС іх не вырашыць.
Пасля выхаду з ЕС эканоміка Вялікабрытаніі запаволілася, а міграцыйны баланс павялічыўся, піша «Gazeta Wyborcza».
— Антыеўрапейскія настроі не ўзнікаюць у адну хвіліну. Шмат працэсаў, якія выклікалі Brexit у 2016 годзе — адчуванне таго, што краіна губляе свой суверэнітэт, адчуванне таго, што свет змяняецца і пакідае нас ззаду — адбываюцца сёння ў Польшчы, — кажа ў размове з газетай дырэктар па палітыцы «BrightBlue» і суаўтар дакладу Барталамей Станішэўскі.
PAP/аз