Беларуская Служба

На фінішы выбарчай кампаніі ўсе палітычныя сілы Польшчы факусіруюць увагу на сацыяльна-эканамічных справах

09.09.2019 14:50
Палітыкі згадваюць пра сістэму аховы здароўя, адукацыю, навакольнае асяроддзе, працу і зарплату.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Крыху больш за месяц застаўся да парламенцкіх выбараў у Польшчы. Гэта самы гарачы перыяд выбарчай кампаніі. Выданне Rzeczpospolita піша, што галоўныя палітычныя сілы ў краіне значна адрозніваюцца, але яднае іх адно – усе яны засяроджваюцца на сацыяльна-эканамічных пытаннях. Гэтая тэматыка самая важная на дадзены момант для грамадзян. І таму ўсе палітыкі згадваюць пра сістэму аховы здароўя, адукацыю, навакольнае асяроддзе, працу і зарплату.

Кіруючая партыя «Права і справядлівасць» прапануе гэтак званы хет-трык Качыньскага (Я. Качыньскі – старшыня групоўкі – нг). Гэта павышэнне мінімалкі да 4 тысяч у 2023 годзе, дадатковая 13-ая пенсія ў 2021 годзе і поўная даплата для фермераў. Вышэй названыя прапановы накіраваныя да электарату ПіС, паколькі важнейшыя палітыкі партыі апасаюцца, што некаторыя верныя выбарцы могуць адмовіцца ад удзелу ў галасаванні, паколькі апытанні паказваюць, што групоўка на выбарах пераможа.

Галоўная апазіцыйная партыі Грамадзянская кааліцыя прапануе праграму «Ніжэйшыя падаткі, вышэйшыя заробкі». Польская сялянская партыя прапануе свой праект «Пенсія без падатку», а таксама праграму «Уласны вугал», якая павінна вырашыць кватэрнае пытанне маладых людзей.

У праграмах партый выразна відаць, які светапогляд яны прэзентуюць. ПіС ставіць перад сабой мэту – абараніць сям’ю, якую Качыньскі акрэслівае наступным чынам: «Адна жанчына, адзін мужчына ў пастаянным саюзе. І іх дзеці». Сялянская партыя называе сябе «хадэцкім цэнтрам», а Грамадзянская кааліцыя ў сваёй праграме згадвае пра фінансаванне экстракарпаральнага апладнення і легалізацыю партнёрскіх саюзаў.

нг