Самая буйная за апошнія два дзесяцігоддзі ўцечка сакрэтнай інфармацыі з Кітая паказвае жорсткі бок палітыкі Пекіна ў дачыненні да Сіньцзяна. Ейным стваральнікам з'яўляецца сам кітайскі лідар Сі Цзіньпін, паведамляе Марыя Кручкоўска на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
Больш за 400 старонак сакрэтных матэрыялаў, фрагменты якіх апублікавала штодзёнка New York Times, у поўнай меры пацвярджаюць ранейшыя паведамленні заходніх СМІ пра лагер у Сіньцзяне, у якім кірайскія ўлады ўтрымліваюць ад 1 да 3 мільёнаў мусульманскіх уйгураў і казахаў – карэнных жыхароў правінцыі, якой Пекін не давярае.
Кітай мае праблему з Сіньцзянам і Уйгурскім аўтаномным рэгіёнам ужо здавён. Адносна позна далучаная да імперыі і слаба населеная тэрыторыя з'яўляецца каштоўнай з-за багатых прыродных рэсурсаў. Яна з’яўляецца таксама стратэгічнай мяжой паміж Кітаем і Цэнтральнай Азіяй, то бок Кыргызстанам, Пакістанам і Казахстанам.
Палову 25-мільённага насельніцтва рэгіёну складаюць мусульмане - уйгуры, казахі і кіргізы, якія абараняюць сваю ідэнтычнасць.
У апошнія гады Пекін узмацніў рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да рэгіёну, ператварыўшы яго ў велізарны лагер для перавыхавання.
Паводле выяўленых у СМІ сакрэтных матэрыялаў, палітыка Кітая ў дачыненні да рэгіёну вынікае са страху кітайскага лідара перад новай пагрозай - ісламам.
Апошняя настолькі вялікая ўцечка сакрэтнай інфармацыі з Кітая адбылася ў 2001 годзе і датычыла разні на плошчы Цяньаньмэнь. На гэты раз, крыніца ўцечкі, то бок высокапастаўлены партыйны актывіст, спадзяецца, што гэта не дазволіць Сі Цзіньпіну схаваць сваю адказнасць за масавыя рэпрэсіі ў Сіньцзяне, чытаем на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
аз