Суверэнітэт Беларусі вырашыцца бліжэйшымі днямі – піша Gazeta Wyborcza. Уладзімір Пуцін ставіць сваю суседку пад сценку і прымушае да «глыбокай інтэграцыі». Лукашэнка павінен паставіць свой подпіс у нядзелю.
Расійскі бок не ўпэўнены, ці ўсё будзе так, як яны б хацелі. Дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Грыгорый Рапота ў інтэрв’ю для БелТА сказаў нават, што запланаванае на 8 снежня паседжанне Вярхоўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі можа быць перанесена на іншы дзень.
-Тое, што Лукашэнка і Пуцін намерваюцца падпісаць у нядзелю, не з’яўляецца добрым прагнозам для Польшчы, – піша аўтар публікацыі Вацлаў Радзівіновіч. Калі саюзная дзяржава будзе ствараць адзіную фінансавую, падаткавую і мытную сістэму, то польская эканоміка панясе вялікія страты. Беларусь больш не будзе шляхам, праз які забароненыя Пуціным польскія прадукты, насуперак санкцыям, патокам плывуць у Расію. Эканамічную інтэграцыю несумненна будзе суправаджаць палітычнае і ваеннае аб'яднанне.У выніку расійская армія атрымае доступ да Сувальскага калідора і ў выпадку канфлікту адсячэ адзіны сухапутны шлях, якім НАТА магло б ісці на дапамогу прыбалтыйскім краінам.
Чаму толькі 20 гадоў пасля таго, як быў падпісаны дакумент пра саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, Крэмль стаў даціскаць Мінск, каб выканаць гэтую дамову? Вацлаў Радзівіновіч лічыць, што гутарка ідзе пра палітычную будучыню Пуціна, тэрмін паўнамоцтваў якога заканчваецца ў 2024 годзе. Парламенцкія выбары ў Расіі пройдуць у 2021 годзе і справа ў тым, каб «Адзіная Расія» здабыла на іх перавагу і змагла перапісаць канстытуцыю пад Пуціна або загарантаваць уладу выбранаму пераемніку. Паколькі «Адзіная Расія» губляе падтрымку ў расіян, кіруючыя спадзяюцца на 9,5 млн беларусаў.
яс