Беларуская Служба

Усе буйнейшыя польскія газеты каментуюць безвыніковую суботнюю сустрэчу ў Сочы

09.12.2019 16:44
Загалоўкі артыкулаў: «Лукашэнка вагаецца», «Пуцін даў Лукашэнку 12 дзён», «Вельмі доўгія заручыны» ды «Аншлюсу Беларусі (пакуль што) не будзе».
.   , 8.12.2019,
А.Лукашэнка і Уладзмір Пуцін, 8.12.2019,Сочы EPA/MICHAEL KLIMENTYEV / SPUTNIK / KREMLIN POOL MANDATORY CREDIT

Усе буйнейшыя польскія газеты на першых палосах пішуць пра безвыніковую суботнюю сустрэчу ў Сочы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

«Rzeczpospolita» (RZ) свае два артыкулы назвала:«Лукашэнка вагаецца» і другі: «Пуцін даў Лукашэнку 12 дзён». «Gazeta Wyborcza» (GW): «Новага СССР пакуль ня будзе», а «Dziennik Gazeta Prawna» (DGP)назвала свой артыкул: «Вельмі доўгія заручыны» ды «Аншлюсу Беларусі (пакуль што) не будзе». 

Аляксандр Лукашэнка не паддаўся ціску Расіі, каб прыспешыць інтэграцыю з гэтай краінай. Запланаванае на нядзелю падпісанне адпаведных дакументаў было адменена, – напісаў DGP. «Калі б не Лукашэнка, урады Беларусі і Расіі ўжо даўно дамовіліся б», – каментуе выданню спецыялістка па беларуска-расійскіх узаемадачыненнях Валерыя Касцюхова. «Зрэшты, нават падпісанне нейкіх абавязацельстваў не азначае, што яны будуць ажыццяўляцца. Ні Беларусь, ні Расія не аказваюць прывязанасці да літары права», – падкрэслівае беларуская спецыялістка.

 «Rzeczpospolita» паведамляе польскаму чытачу, што прэзідэнт Беларусі выехаў з Сочы зусім праігнараваўшы СМІ. Журналістам нічога не сказаў таксама Уладзімір Пуцін.

- Гэта сведчыць, што яны не толькі не дайшлі да кансэнсусу, а нават незадаволеныя ходам сустрэчы, – пракаментаваў беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі. Аднак, гэта яшчэ не канец, таму што чарговая даты сустрэчы - 20 снежня - паказвае, што ўсё ідзе згодна з жаданнем Масквы. Эканамічная інтэграцыя была б толькі першым крокам і яна адчыніць шлях да палітычнай інтэграцыі, – адзначае Класкоўскі.

Урады Расіі і Беларусі ўзгаднілі толькі 21 з 31 дарожнай мапы.

- Калі б усе былі падпісаныя, гэта азначала б ліквідацыю ўлады Лукашэнкі і ён гэта ведае. Ад самага пачатку Лукашэнка імкнецца зацягнуць сітуацыю, у якой будзе атрымліваць мільярды ад Расіі і нічога ўзамен не дасць, – кажа ў сваю чаргу для «RZ» расійскі палітолаг, прафесар Андрэй Суздальцаў.

«Gazeta Wyborcza» прыгадвае, што кантракт на пастаўкі расійскага газу для Беларусі заканчваецца 31 снежня, а новага няма. Мінск патрабуе, каб Масква давала сыравіну па льготнай цане - 127 долараў за кубаметр. Такі кошт запісаны ў дзяржбюджэце Беларусі на наступны год.

Усе прыведзеныя выданні, DGP, GW і RZ, пішуць таксама аб пратэстах беларускага грамадства супраць інтэграцыі з Расіяй. На вуліцы Мінска ў суботу і нядзелю выйшлі сотні людзей. Гэтыя акцыі былі несанкцыянаваныя, але на гэты раз міліцыя не разганяла нелегальна сабраных і дазволіла нават стварыць жывы ланцуг уздоўж праспекта Незалежнасці.

GW адзначае, што «улады аказалі талерантнасць, таму што гэтым разам дэманстрацыі былі на руку Лукашэнку, які мог паказаць гаспадару ў Сочы, што беларусы не хочуць, каб «імі кіраваў Пуцін».

«Гэтым разам інтарэсы Лукашэнкі супадаюць з інтарэсамі беларускага народу. Лукашэнка хоча затрымаць уладу, а беларусы – суверэнітэт», – сказаў RZ адзін з завадатараў дэманстрацыяў Павал Севярынец. А DGP дадае, што міліцыя не затрымала Севярынца на несакцыянаванай акцыі, нягледзячы на тое, што ў чацвер палітыка судзілі за арганізацыю іншага нелегальнага пратэсту.

яс