Пуцін прайграе бітву за гісторыю – пад такім загалоўкам Rzeczpospolita друкуе на першай паласе тэкст пра рэакцыю заходніх дзяржаў на выказванні Ўладзіміра Пуціна, што быццам бы Польшча нясе частковую адказнасць за развязванне Другой сусветнай вайны. Выданне піша, што Захад не паверыў Пуціну, яго кампанія панясе паразу. Расійскі лідар апошнім часам пяць разоў згадаў Польшчу ў дадзеным кантэксце, разлічваючы, што ў перыяд калядных і навагодніх святаў дзяржаўныя адміністрацыі не адрэагуюць так хутка, як у іншым часе.
Аднак у панядзелак на выказванні Пуціна адказаў нямецкі пасол у Польшчы, згадваючы, што Германія разам з Савецкім Саюзам у выніку падпісання пакту Молатава-Рыбентропа ўдзельнічалі ў ганебным падзеле Польшчы. У сацсетках сваё меркаванне выразіла таксама пасол ЗША Джоржэт Масбахэр, якая нагадала, што Польшча была ахвярай Гітлера і Сталіна, якія спачатку былі саюзнікамі ў ваенным канфлікце.
Востра адрэагаваў таксама прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі, які напісаў у заяве, што без сыравіны, якую Сталін пастаўляў Гітлеру, нямецкая ваенная махіна не заваявала б Еўропы. Пуцін шмат разоў хлусіў на тэму Польшчы, заўсёды рабіў гэта свядома. Расійскі народ, самая вялікая ахвяра сталінізму, заслугоўвае, каб ведаць праўду.
Публіцыстка Эн Эплбаум, лаўрэатка Пулітцэраўскай прэміі за кнігу «ГУЛАГ», кажа: «Польшчы неабходна было выказаць сваю пазіцыю ў адказ на абвінавачанні Пуціна. Але свет ведае, што Пуцін хлусіць, што польская інтэрпрэтацыя гісторыі і ёсць тая ісціна, якую прызнаюць усюды».
Gazeta Wyborcza друкуе карту, на якой Гітлер і Сталін у верасні 1939 года дзялілі Польшчу. Чацвёрты падзел польскай дзяржавы і краін Прыбалтыкі быў вынікам тайных пагадненняў паміж савецкай Расіяй і гітлераўскай Германіяй.
Падзел адбыўся ў Крамлі. Саюзнікі вызначалі межы тонкім пяром, на канец Рыбентроп і Сталін падпісаліся. Сталін – сінім алоўкам, Рыбентроп – чырвоным. Гэтая карта паказвае, што на пачатку вайны Гітлер і Сталін былі поўнымі хаўруснікамі. Гэтая падзея мела вялізнае значэнне. Сталін паказаў свету, што Гітлер не адзінокі, што ён можа разлічваць на падтрымку Савецкага Саюзу.
На карце прыцягвае ўвагу невялікая тэрыторыя паміж Люблінам, Жэшавым і Львовам. На пачатку яна павінна была адысці Савецкаму Саюзу, але пазней была закрэслена чырвоным алоўкам. Што гэта азначае? Няма аднаго адказу. Меркаваннем нямецкага гісторыка Пэтэра Група, перад адпраўленнем Рыбентропа ў Маскву Герман Герынг, камандзір нямецкай авіяцыі і адзін з самых набліжаных людзей Гітлера, папрасіў аддаць гэты кавалак яму, паколькі там знаходзяцца выдатныя землі для палявання, а ён быў заядлым паляўнічым.
Карта падзелу Польшчы паміж Гітлерам і Сталіным – гэта адзін з доказаў таго, што словы Пуціна былі хлуснёй. Расійскі прэзідэнт заявіў, што палякі паклёпнічаюць на Сталіна, які «нічога ў іх не забраў». У выніку амбасадар РФ Сяргей Андрэеў быў выкліканы ў польскае МЗС, з вострай заявай выступіў прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Ён напісаў, што прэзідэнт Пуцін шмат разоў хлусіў на тэму Польшчы. Звычайна гэта адбываецца тады, калі расійскія ўлады адчуваюць міжнародны прэсінг, звязаны з іх дзейнасцю... Словы Пуціна – гэта спроба адцягнуць увагу ад дадзеных праблем.
Rzeczpospolita/Gazeta Wyborcza/нг