Свет з кляймом Трампа – піша Dziennik Gazeta Prawna пра падзеі ў 2019 годзе. Прэзідэнты ЗША заўсёды знаходзяцца на першых старонках газет, але Дональд Трамп у мінаючым годзе выключна моцна страсянуў светам. Праўда, ён ужо не лаяў сваіх еўрапейскіх саюзнікаў так моцна, як на пачатку тэрміну паўнамоцтваў, але і так рэха яго выказванняў і ўчынкаў чуваць было ад Блізкага па Далёкі Ўсход. У другой палове года ўвесь свет назіраў за тым, як мільярдэр стаў трэцім прэзідэнтам ЗША, супраць якога была пачатая працэдура імпічменту. У будучым годзе таксама слых аб ім не загіне, паколькі працэс будзе працягвацца ў Сенаце, акрамя таго, пройдуць чарговыя выбары.
У 2020 годзе будуць працягвацца таксама іншыя працэсы, якія пачаліся сёлета – як выхад Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюзу, а таксама рэкордная колькасць пратэстаў па ўсім свеце. Грамадскія пратэсты прыводзяць на думку перш за ўсё актыўнасць жыхароў Ганконгу, але масавыя пратэсты адбыліся сёлета ў як мінімум 20 дзяржавах свету. У некаторых краінах гэта давяло да змены ўлады, у іншых удалося затрымаць рэформы, якія выклікалі пратэсты. У Эквадоры не была адмененая датацыя на паліва, у Ганконгу ўлады адмянілі закон аб экстрадыцыі, у Калумбіі адмовіліся ад падатковай рэформы. Невядома, як закончацца пратэсты ў Францыі. Тым не менш, гэтыя поспехі не гарантуюць спакою ў будучым годзе, паколькі людзі перш за ўсё патрабуюць працы і сродкаў на жыццё, а гэтага ім не дасць адна толькі змена ўладных структур.
Dziennik Gazeta Prawna/нг