Беларуская Служба

Польскі тыднёвік: Расія выкарыстоўвае супраць Польшчы гібрыдныя дзеянні

02.06.2020 15:52
За сітуацыяй у нашым рэгіёне Еўропы і дзеяннямі Крамля пільна сочаць амерыканцы, у прыватнасці, з арганізацыі New Generation Warfare.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneruskpp/Shutterstock

Права-каталіцкі тыднёвік Sieci паведамляе пра тое, што нібыта яго журналісты атрымалі доступ да планаў агрэсіі Расіі супраць Польшчы і бачылі сцэнарый мілітарнай аперацыі супраць Варшавы і Еўропы. Праўда, планаў тыднёвік не апублікаваў, а толькі меркаванні экспертаў, датычных магчымых сцэнарыяў. Паводле журналіста, за сітуацыяй у нашым рэгіёне Еўропы і дзеяннямі Крамля пільна сочаць амерыканцы, у прыватнасці, з арганізацыі New Generation Warfare, якая займаецца даследаваннямі ваеннай тэматыкі. Спецылісты інстытута звяртаюць увагу на тое, што ў апошні час Масква павялічыла колькасць вучэнняў, а выказванні расійскіх палітыкаў і вайскоўцаў маюць выразна мілітарысцкі характар.

Тыднёвік таксама публікуе інтэрв'ю з дырэктарам Дэпартамента нацыянальнай бяспекі Канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы Станіславам Жарынам. Паводле яго, польскія спецслужбы змагаюцца са зʼявай дэзінфармацыі, якую ў Польшчы распаўсюджваюць расійскія спецслужбы. «Цяпер у грамадстве распаўсюджваецца хаос, каб дэстабілізаваць дзяржаву, з мэтай спыніць працэсы і рашэнні, якія прымае польскі бок і якія небяспечныя для Масквы», – гаворыць Жарын.

Польскі чыноўнік зазначае, што інфармацыйныя акцыі Расіі, накіраваныя супраць Польшчы, можна назваць гібрыднымі дзеяннямі, і што часам у іх удзел прымаюць дыпламаты. Паводле яго, расіяне – добрыя спецыялісты ў такіх метадах, таму што гібрыдныя дзеянні зʼяўляюцца часткай іх афіцыйнай ваеннай дактрыны, паведамляе тыднёвік Sieci.

вс