У Беларусі патрэбна правесці рэформы – кажа намеснік старшыні замежнай камісіі Нацыянальнага сходу РБ Алег Гайдукевіч у інтэрв'ю газеце «Rzeczpospolita» («Złe wybory lepsze od rewolucji». Rusłan Szoszyn). Гайдукевіч зʼяўляецца таксама лідарам лаяльнай да ўлады Ліберальна-дэмакртаычнай партыі Беларусі. Ён - падпалкоўнік міліцыі ў запасе. Гайдукевіч выступаў кандыдатам на сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, але зняўся і падтрымаў Лукашэнку.
Дэпутат мяркуе, што ў Беларусі ёсць людзі схільныя выклікаць рэвалюцыю, але ён спадзяецца, што беларускі народ не зробіць гэтай памылкі.
На пытанне пра арышт блогера Сяргея Ціханоўскага, суразмоўца польскай газеты сказаў: «Трэба было яго арыштаваць яшчэ раней. Ад самага пачатку ён казаў, што рэч не ў выбарах, а ў тым, каб выклікаць масавыя пратэсты і звяржэння ўлады».
Гайдукевіч пацвердзіў, што ў Беларусі ёсць чаканні рэформаў і што патрэбна іх пачаць пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх пераможа Аляксандр Лукашэнка.
На пытанне, ці гэта нармальна, што Лукашэнка шосты раз балатуецца на выбарах, Гайдукевіч адказаў пытаннем: «А колькі гадоў пры ўладзе Меркель і нікому гэта не перашкаджае».
А што вы скажаце тым, хто лічыць, што ў Беларусі няма сапраўдных выбараў і ніхто не лічыць галасоў? - запытала «Rzeczpospolita».
- У нас толькі два шляхі: выбары або рэвалюцыя, трэцяга няма. Рэвалюцыя нясе кроў і смерць. Ніхто гэтага не хоча. Дрэнныя выбары лепшыя, чым рэвалюцыя.
Польская штодзёнка запытала таксама чаму Гайдукевіч зняўся з выбараў. Палітык патлумачыў, што ён рыхтуецца да сурʼёзнай задачы ў палітычным жыцці Беларусі. «Адразу пасля выбараў нам трэба распачынаць рэформы і аддаць частку паўнамоцтваў прэзідэнта іншым ворганам улады. Найперш неабходна павялічыць ролю парламента і перайсці на партыйную сістэму».
Алег Гайдукевіч, лічыць, што ў Лукашэнкі няма іншага выйсця, як пагадзіцца на гэта, у іншым выпадку справы могуць пайсці па непажаданым сцэнары.
яс