Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» пачала акцыю па вызваленні ветэрана беларускай апазіцыі Паўла Севярынца, аднаго з заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты. На наступны дзень суд Фрунзенскага раёна Мінска арыштаваў яго на 15 сутак за ўдзел у адным з папярэдніх перадвыбарных пікетаў. Пазней Севярынцу былі прызначаныя адміністрацыйныя арышты за ўдзел у іншых акцыях. На волю апазіцыйны палітык выйдзе ўжо пасля выбараў прэзідэнта, якія адбудуцца 9 жніўня.
У звароце «Міжнароднай амністыі» ідзе гаворка пра жорсткія ўмовы ўтрымання Паўла, паколькі ён быў пасаджаны ў карцар. Па словах жонкі, Вольгі Севярынец, вязень доўгі час прабываў у карцары і невядома, ці далей там не знаходзіцца.
- Апошні раз мы бачылі Паўла дзесьці паўтара тыдня таму ў судзе. На дадзены момант з добрых навін тое, што пачалі прымаць перадачы, таму ёсць верагоднасць, што з карцара яго вызвалілі, бо ў карцар перадачы не прымаюць. Але гэта толькі нашы здагадкі.
У звароце АІ гаворыцца, што Севярынец быў прызнаны вязнем сумлення, дарэчы, не ўпершыню. Яго ўтрымліваюць у дрэнных умовах. Аўтары тэксту адзначаюць, што варта вызваліць Паўла без ніякіх умоў, а да таго часу гарантаваць яго бяспеку і недатыкальнасць. Раней палітык быў прызнаны палітычным вязнем у 2011 годзе, калі быў прыгавораны да трох гадоў папраўчых работ за ўдзел у масавых акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў.
На гэты раз Павел удзельнічаў у дазволеным пікеце. Нягледзячы на гэта, ён быў затрыманы і асуджаны. Гэта не навінка для Беларусі, – працягвае Вольга Севярынец.
- Той, хто ў Беларусі ўдзельнічае ў судах, ведае, што чалавека ў Беларусі можна без падставаў затрымаць і без падставаў асудзіць. Вельмі лёгка. Сведкі блыталіся ў паказаннях, адвакат яскрава даводзіла, што Павел удзельнічаў у дазволеным пікеце, у яго была дамоўленасць з кандыдатамі, што ён будзе стаяць побач, заклікаць падпісвацца за кандыдатаў, праяўляць салідарнасць. Так што справа адна з самых дзівосных.
Абаронца правоў зняволеных Васіль Завадзкі сумняецца, каб такія акцыі хутка прынеслі плён, але націск на беларускія ўлады вельмі патрэбны, паколькі яны часам прыслухоўваюцца да меркавання міжнародных арганізацый.
- Безумоўна, такія акцыі патрэбныя. І ў дачыненні да Паўла Севярынца, вельмі паважанага мной чалавека, і да іншых палітзняволеных, якія ўжо каля 30. А вось які яны плён дадуць, і наколькі хутка, гэта больш складанае пытанне. Наўрад ці рэжым на сёння відавочна хутка адступіць і вызваліць Паўла Севярынца, але з іншага боку, не ўлічваць такі рэзананс, міжнародны розгалас яны не могуць.
Таксама Вольга Севярынец згодная, што націск вельмі патрэбны, нават невялікі, кропкавы.
- Любы крок, нават самы маленькі, на штосьці ўплывае. Усё, што чалавек можа рабіць, ён павінен у дадзенай сітуацыі рабіць. Не ведаю, ці Паша хутчэй выйдзе, але можа тое, што пачалі прызнаваць вязнямі сумлення. Паўплывае на нейкія тэрміны па крымінальных справах. Я ўпэўнена, што паўплывае. Хаця нашы ўлады прадказаць цяжка. Можа дадуць палёгку гэтым людзям, калі міжнародная супольнасць націснула, а пазней зноў пасадзяць. У іх маса варыянтаў, як паступіць.
Меркаваннем Васіля Завадзкага, яшчэ большы ўплыў на беларускія ўлады аказаў бы націск з боку замежных урадаў, напрыклад, звароты кіраўнікоў МЗС іншых краін. Беларускай эканоміцы вельмі патрэбныя капіталаўкладанні, таму рэжым можа баяцца адпужаць інвестараў, калі ў дзяржаве будуць палітвязні.
- Звароты, напрыклад, кіраўнікоў ведамстваў замежных справаў, амбасадараў. Рэжым мае патрэбу ў грашах, у інвестыцыях. Калі будзе пагроза, што пры наяўнасці палітзняволеных на супрацоўніцтва ў гэтай сферы рэжым не зможа разлічваць, тады ён будзе прымушаны нешта зрабіць.
Праваабаронцы заклікаюць неабыякавых грамадзян далучыцца да акцыі «Міжнароднай амністыі» – накіроўваць на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з патрабаваннямі неадкладна вызваліць Паўла Севярынца.
нг