Беларуская Служба

«Першы раз сотням старшыняў стала няёмка падпісваць фальшывыя дакументы»

10.08.2020 15:34
Выбары і пратэсты ў Беларусі: высновы відавочцаў ды каментатараў.
Аўдыё
  • Беларусы не пагадзіліся з афіцыйнымі вынікамі выбараў
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/MARINA SEREBRYAKOVA Dostawca: PAP/EPA

Сёлета няма маўклівага прызнання вынікаў, згоды з тым, што Лукашэнка перамог. Такая сітуацыя ў Беларусі ўпершыню. Што яна азначае? Адзінага адказу няма. Адныя прагназуюць новыя рэпрэсіі ды пахаладанне ў адносінах Лукашэнкі з грамадствам. Іншыя перакананыя, што сёлета ўсё інакш, і людзі маюць шанцы дамагчыся перамен.

9 жніўня ў Беларусі завяршыліся выбары прэзідэнта. 10 жніўня раніцай ЦВК абвесціла афіцыйныя вынікі. Перамог дзейсны кіраўнік Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 80,2%,на другім месцы апанентка Святлана Ціханоўская – 10%. На гэтыя вынікі беларусы адказалі пратэстамі.

Далейшае развіццё падзей можа быць непрадказальным. Выбарчая кампанія ўжо паказала, што ў Беларусі адбыліся сур'ёзныя змены, перакананы штодзёнкі «Rzeczpospolita» Руслан Шошын.

- Кампанія паказала, што ў грамадстве пачалася вялікая мабілізацыя, чаго ніколі раней не было. Людзі мабілізуюцца, з’явілася вялізарная салідарнасць. Бачна, што актыўнасць людзей таксама множыцца на лакальным узроўні. Затое не змяніліся выбары. Сапраўдных выбараў няма, гэта падзея з вядомым заўчасна вынікам. Урэшце гэта прывяло да бунту людзей. Незадаволенасць вялізная. На некаторы час грамадства можна запужаць войскам, міліцыяй, але народнага руху ўладам не стрымаць.


У сваю чаргу палітолаг Павал Усаў мяркуе, што далей Беларусь і беларусаў чакае ўзмацненне ды пашырэнне рэпрэсіяў.

- У Беларусі адбылося сілавое ўтрыманне ўлады Лукашэнкам. Ад апанентаў не было прызыву выходзіць на плошчу. Беларусам патрэбна фігура, якая будзе кіраваць. Хаатычныя ды спантанныя акцыі рэжыму пагрозы не нясуць. Пры гэтым Лукашэнка страціў грамадскую падтрымку, яго ўлада будзе абапірацца выключна на сіле. Першую ролю будуць гуляць сілавікі. Рэпрэсіі ўжо запушчаны ды не спыняцца. Утрымаць уладу можна толькі праз пацыфікацыю грамадства. Улады зладзяць спачатку зачыстку блогерскай прасторы. Другім крокам будзе зачыстка ўсіх незалежных СМІ. Трэцім крокам стануць чысткі ў шэрагах наменклатуры.


Не ўсе згодныя з такім меркаваннем. Журналіст Януш Гаўрылюк, які быў нядаўна ў Беларусі, кажа, што неарганізаванасць і хаатычнасць пратэстаў можа пайсці на плюс.

- Пакуль не было ў гэтым патрэбы. Уся палітыка абʼяднанага штабу выглядала на рэгулярным ды законным ціску на ўлады. Сёлета нельга глядзець толькі на тройцу, трэба зірнуць шырэй – на беларускае грамадства. З’явіліся такія асобы – trickster-ы (штукары), яны цалкам ананімныя, у іх іншы спосаб дзеяння. Ніхто ня ведае, што яны могуць зрабіць, іх сіла ў хаатычнасці.

Таксама ў гэтым перакананыя відавочцы падзеяў. Журналістка Кацярына Барушка назірала за выбарамі ды пратэстамі і зазначае, што сёлета ўсё зусім інакш, няма пачуцця паразы ды страху.

- Паведамляецца пра сотні ўчасткаў, дзе падлік быў сумленным. Упершыню мы ўбачылі пратаколы з рэальнымі лічбамі. Ціханоўская перамагае ўсюды. Да таго ж сотні непадпісаных пратаколаў. Першы раз сотням старшыняў стала няёмка падпісваць фальшывыя дакументы. Усё такі, пяць гадоў турмы, а інтэрнэт усё памятае. Ніколі пратэсты не працягваліся так доўга і не ахоплівалі такой вялікай тэрыторыі. Раней як – сабраліся ля на Кастрычніцкай, ці каля Акадэміі Навук – стаім – нас разганяюць і ўсё. Ахвярная схема. Цяпер схемы няма. Пратэсты ператварыліся ў жывы арганізм, які дзейнічае ў залежнасці ад сітуацыі, і дыктуе правілы. Я сама ўчора чула перамовы сілавікоў, якія не ведалі, куды бегчы і што рабіць. Шмат пратэстоўцаў было ў рэгіёнах. Я не памятаю, каб раней мэр выходзіў на перамовы з прысутнымі, як гэтым разам у Пінску. Пачаў забастоўку Беларускі Металургічны Завод. Разам – гэта велізарны крок у станаўленні грамадзянскай супольнасці. Гэта працяглы працэс, куды больш верны, чым разавая рэвалюцыя.

Гэта знак часу, так званая «uber-ызацыя» пратэстаў, якая абапіраецца на сучаснай сеткавай мадэлі грамадзянскай самадзейнасці. Ідзецца не пра захоп улады, з чым змагаецца Лукашэнка, а пра змены ў грамадстве.

Юры Ліхтаровіч