Беларуская Служба

Былы кіраўнік нямецкай контрвыведкі: Зараз гэта Польшча абараняе інтарэсы ўсяго Еўрасаюза

17.11.2021 10:31
«Мы павінны быць удзячныя Польшчы за тое, што яна выконвае задачу, якая важна таксама для Германіі і ЕС», – кажа Ханс-Георг Маасен.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Абараняючы мяжу з Беларуссю, Польшча абараняе інтарэсы ўсяго Еўрасаюза, у тым ліку Германіі, за што Берлін павінен быць ёй удзячны, кажа былы кіраўнік Федэральнай службы абароны Канстытуцыі Германіі Ханс-Георг Маасен у інтэрв'ю Польскаму агенцтву друку.

«Вельмі добра, што Польшча сваёй рашучасцю дае зразумець, што польская мяжа, а значыць і знешняя мяжа ЕС, святая і трэба абараняцць яе ад нелегальных мігрантаў. Мы павінны быць удзячныя Польшчы за тое, што яна выконвае задачу, якая важна таксама для Германіі і ЕС. Я хацеў бы, каб федэральны ўрад аказаў Польшчы неабходную кадравую і фінансавую падтрымку ў гэтай галіне», – кажа Маасен, які ў 2012-2018 гадах узначальваў Федэральную службы абароны Канстытуцыі Германіі. Згаданая спецслужба займаецца ўнутранай бяспекай у Германіі. У яе задачы, акрамя контрвыведкі, уваходзіць таксама барацьба з тэрарызмам і экстрэмізмам.

« Германія, са свайго боку, таксама павінна даць зразумець, змяніўшы сваю міграцыйную палітыку, што яна не хоча ніякай нелегальнай міграцыі і не будзе на яе пагаджацца», – падкрэслівае Маасен.

На просьбу прааналізаваць сцэнар крызісу на мяжы эксперт звяртае ўвагу, што хаця галоўным вінаватым зʼяўляецца Аляксандр Лукашэнка, важную ролю адыгрываюць і іншыя фактары. «Лукашэнка хоча аказаць палітычны ціск на Еўропу, каб яна села з ім да перамоваў, у выніку якіх ён нешта б атрымаў. ЕС з 2015 года паказвае, што яго можна шантажаваць пагрозай масавай міграцыі. Безумоўна, ідэя далейшай дэстабілізацыі ЕС, у тым ліку асабліва Германіі, не без значэння. Іншы гулец – кантрабандысты, якія бачаць вялікую нагоду ў нелегальнай міграцыі праз Беларусь. Арганізаваныя злачынныя групоўкі не зарабляюць столькі ад кантрабандзе наркотыкаў і зброі», – кажа эксперт.

Паводле яго, нелегальная міграцыя таксама зʼяўляецца добрым бізнесам для краін паходжання мігрантаў, паколькі беспрацоўныя і палітычна праблемныя маладыя людзі зʼязджаюць і зʼяўляюцца крыніцай неабходнай валюты, якую яны дасылаюць з Еўропы. Нарэшце, для многіх маладых мігрантаў гэта жыццёвы шанец на будучыню ў лепшых эканамічных умовах.

Маасен з удзячнасцю выказваецца пра старшыню Еўрапейскага Савета Шарля Мішэля, які крызіс на польска-беларускай мяжы выразна назваў гібрыднай атакай.

«Таксама добра, што старшыня камісіі Урсула фон дэр Ляен заклікала да рэзкай рэакцыі супраць Беларусі. Але гэта не могуць быць толькі словы. З 2015 года мы ведаем, што абарона знешніх межаў ЕС не працуе. ЕС павінен дапамагчы Польшчы ахоўваць знешнюю мяжу, у тым ліку ў будаўніцтве неабходных абʼектаў. Мне здаецца, што Польшча цяпер засталася сама, як гэта было з Венгрыяй гады таму. Нам неабходны Еўрасаюз, але больш за ўсё нам неабходная поўная рэформа еўрапейскіх інстытутаў, каб яны зноў маглі служыць інтарэсам супольнасці і дзяржаў-членаў, а не ідэалагічным уяўленням брусельскай бюракратыі», – заявіў былы кіраўнік нямецкай спецслужбы.

«Мы бачым, што на польска-беларускай мяжы нелегальная міграцыя выкарыстоўваюцца як палітычная зброя супраць Польшчы і ЕС. За гэтыя незаконныя дзеянні адказвае дыктатура Лукашэнкі. Еўрапейскія краіны павінны зрабіць усё, што ў іх сілах, каб падтрымаць Польшчу ў прадухіленні нелегальнай міграцыі. Насуперак таго, што кажуць некаторыя заходнееўрапейскія палітыкі – гэта не бежанцы, а нелегальныя мігранты», – падкрэслівае Ханс-Геор Маасен у размове з Польскім агенцтвам друку.

PAP/аз