Беларуская Служба

Гісторык Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка гуляе сваю апошнюю гульню. І таму ўжо не да стратэгій

17.11.2021 20:34
Абмяркоўваем міграцыйны крызіс з даследчыкам гісторыі Еўропы Аляксандрам Фрыдманам
Аўдыё
Аляксандр Фрыдман Фота з прыватнага архіву

Учора на мяжы з Польшчай адбываліся надзвычайныя падзеі: вялікая група мігрантаў спрабавала сілавымі метадамі прарвацца на тэрыторыю Польшчы. Абмяркоўваем міграцыйны крызіс, які выглядае праблемай для Беларусі і ўвогуле патавай сітуацыяў, у якой не можа быць пераможцаў, з доктарам філасофіі, даследчыкам гісторыі Еўропы Аляксандрам Фрыдманам.

Слухайце размову ў далучаным файле.

Мой суразмоўца мяркуе, што задума першапачаткова магла быць іншай – прывозіць мігрантаў, каб яны пакрысе траплялі на тэрыторыю Еўрасаюза, тым самым можна было б доўга, як кажуць, матаць нервы на кулак, але атрымалася інакш.


– Польскі і літоўскі бакі перакрылі мяжу, не ўдавалася выкідваць людзей. Атрымалася, што ў Мінску сабралася шмат людзей. І, як мне падаецца, прыйшоў загад прыбраць гэтых людзей з Мінска. Накіравалі іх да мяжы.

Даследчык Аляксандр Фрыдман падкрэслівае, што сітуацыя, якую маем, не планавалася. Усё мусіла выглядаць інакш.

– Лукашэнка не разумее польскай пазіцыі, і цяпер ужо літоўскай – што нікога не пускаем, а скіроўваем назад. Ён чакаў, што ўсё будзе нармальна. Для іх (уладаў. – Рэд) польскія і літоўскія ўрады несамастойныя, яны быццам бы цалкам залежаць ад Брусэля. Вось і не ўлічылі. Думалі, што палякі пад ціскам пачнуць прапускаць і ў выніку з ім будуць перамовы. Але не, з ім перамовы ніхто не хоча весці.

Лукашэнка падвышае стаўкі. Кажа, вось я вам тры тысячы падагнаў на мяжу, але рэйсы працягваюцца. Хутка будзе пяць, дзесяць. Калі з гэтымі людзьмі нешта будзе, то яму ўсё роўна. Калі мы размаўляем пра Лукашэнку і яго атачэнне, то павінны разумець, што ён гуляе сваю апошнюю гульню. І таму ўжо не да стратэгій.

Што тычыцца перамоваў, то, на думку суразмоўцы, ад такіх ідэй ужо ўсе адмовіліся. Больш за тое, для еўрапейскіх палітыкаў весці перамовы з непрадказальным Лукашэнкам, гэта паставіць пляму на сваю кар’еру. Праўда, гэта можа дазволіць сабе Ангела Меркель, якая акурат такі сыходзіць з вялікай палітыкі.

– Каб увогуле было ўзнята пытанне, ці мае сэнс размаўляць з Лукашэнкам, ён мусіў прадэманстраваць дзеянні, што гатовы сам да гэтага. Але сітуацыя толькі пагаршаецца. Нават апошнія прыхільнікі перамоў з ім, калі такія і былі ў Еўропе, зразумелі, што размаўляць няма пра што з чалавекам, які так паводзіць сябе.

Беларусаў хвалюе пытанне, ці не закрые Польшча свае межы ўвогуле на фоне гэтых драматычных падзей. Аляксандр Фрыдман мяркуе, што гэта магчыма. Але ключавое рашэнне мусяць прыняць улады Польшчы.

– Тут шмат што залежыць ад жадання Польшчы, Літвы, Латвіі. Калі польскі ўрад вырашыць, што варта цалкам зачыніць мяжу, то Літва і Латвія, хутчэй за ўсё далучацца. Але, як ужо казалі, сітуацыя патавая. Калі б палякі кіравалася гуманітарнымі мэтамі, яны б пусцілі гэтых людзей. Але ў Польшчы дакладна ведаюць, што калі пусцяць гэтую групу ў тры тысячы, заўтра на мяжу прыйдзе шэсць тысяч. Але тыя краіны, якія больш за ўсё крытыкуюць Польшчу за дзеянні, баяцца, каб гэтыя мігранты не прыехалі да іх.

вх


Гісторык Аляксандр Фрыдман: Ёсць нянавісць і жаданне помсціць, людзі не перажылі гэтую траўму

21.09.2021 16:24
Размаўляем пра даносы, якія вярнуліся ў Беларусь, з гісторыкам, доктар філасофіі Аляксандрам Фрыдманам, даследчыкам гісторыі Еўропы.