Беларуская Служба

Нямецкі дыпламат Маціас Лютэнберг: Меркель не прызнала Лукашэнку прэзідэнтам

19.11.2021 15:45
У Берліне праходзіць ХІХ Мінскі форум.
Аўдыё
  2021
Мінскі форум 2021 PrintScreen

Гэта прадстаўнічая сустрэча, у якой удзельнічаюць палітыкі, дыпламаты, эканамісты. Асноўныя тэмы, якія абмяркоўваюць, канфрантацыя дзяржавы і апазіцыі, што  абвастрылася падчас выбарчай кампаніі 2020 года. А таксама роля еўрапейскіх палітыкаў у вырашэнні гэтага канфлікту.

Супрацоўнік МЗС Нямеччыны Маціас Лютэнберг адзначыў, што ў Еўрасаюзе ёсць узгодненая пазіцыя: непрызнанне легітымнасці Лукашэнкі і не саступаць на яго шантаж.

Маціас Лютэнберг:

— Перад паездкай на гэтае мерапрыемства, я пагаварыў са сваім калегам у Варшаве. Яшчэ раз нагадаў, што мы адзіныя ў сваіх намерах, што б ні даводзілася чытаць, мы цесна ўзаемадзейнічаем. Сітуацыя на польска-беларускай, літоўскай і латвійскай мяжы вельмі сур’ёзная. Мы імкнёмся аказаць дапамогу праз ААН па справах бежанцаў. Мы вітаем, што пэўная колькасць людзей вярнуліся ў Ірак. Мы бачым першыя абнадзейваючыя сігналы, калі некаторыя авіякампаніі адмовіліся абслугоўваць пасажыраў, якія ехалі ў адзін канец.

Хачу выразна сказаць, што гэтыя людзі не выпадкова апынуліся на мяжы. Яны былі арганізаваныя і прывезеныя да мяжы рэжымам Лукашэнкі. Некаторыя змаглі, нягледзячы на жорсткі кантролі, патрапіць у ЕС. Было зафіксавана дзесяць тысяч нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў Германію праз Беларусь і Польшчу. Адказнасць за гэта нясе Лукашэнка, які выкарыстоўвае людзей з трэціх краін для дасягнення сваіх мэтаў.

Разам з тым Лукашэнка разумее, што не можа працягваць гэтыя дзеянні, бо гэтыя мігранты могуць застацца. Мы не можам дазволіць Лукашэнку ўбіваць клін паміж нашымі краінамі. І павінны праяўляць салідарнасць з краінамі, якія мяжуюць з Беларуссю. Мы не павінны саступаць пад ціскам Лукашэнкі. І Меркель не прызнала Лукашэнку прэзідэнтам, вынікі выбараў 2020 года. І наш адказ на інструменталізацыю міграцыі ясны і рашучы. Новыя крытэрыі незаконнасці міграцыі дазваляюць нам аб’яўляць санкцыі супраць турыстычных агенцтваў і авіякампаній. І новы пакет санкцый, пра які міністры замежных спраў аб’явілі ў панядзелак, ахоплівае ў тым ліку і авіякампанію «Белавія».

Дыпламат заўважыў, што ЕС яшчэ не пераадолеў гэты выклік, але ўжо ёсць прасвет. Таксама Маціас Лютэнберг заўважыў, што ў адказ на новы пакет Санкцый Лукашэнка можа прыняць нейкія новыя, больш жорсткія захады.

Павел Латушка, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання адзначыў, што перамовы Ангелы Меркель з Лукашэнкам мусяць успрымацца не як дыялог з дыктатарам.

Павел Латушка:

— Беларускаму грамадству важна пачуць, што ўрад Германіі не прызнае легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі, яго ў якасці прэзідэнта. Другое, што важна пачуць: урад Германіі не забывае пра пакуты мільёнаў беларусаў. Канешне, як людзі мы перажываем за нелегальных мігрантаў, якія знаходзяцца побач з межамі на тэрыторыі Беларусі, там цяпер сем тысяч чалавек. Але важна разумець, што гэтае пытанне не разглядаецца асобна, ад агульнай праблемы з парушэння правоў чалавека ў Беларусі, калі ў турмах знаходзяцца тысячы палітычных вязняў, калі ёсць забітыя і параненыя, і ніводнае злачынства не расследавана, калі сотні тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць краіну. Важна, каб людзі пачулі, што ўрад Германіі ўзмоцніць свае дзеянні ў падтрымку дэмакратычнага грамадства і пераўтварэнняў у Беларусі. Гэта тое, што важна пачуць цяпер.

Павел Латушка таксама пракаментаваў параду Пуціна да Лукашэнкі распачаць дыялог з апазіцыяй, агучаную падчас пашыранага паседжання калегіі міністэрства замежных спраў РФ у Маскве.

Павел Латушка:

— Калі гэта разглядаць як гульню, якая ўзгодненая з Лукашэнкам, версій шмат. Калі разглядаць гэта як сапраўды пасыл, то  выглядае як пагроза Пуціна. Прэзідэнт Расіі чамусьці робіць гэтую заяву на калегіі. Гэта дакладны сігнал усім афіцэрам, чыноўнікам, што Пуцін не з’яўляецца гарантам Лукашэнкі. Для іх гэта сігнал, каб яны разумелі, ці варта так верна служыць рэжыму. Можа быць, праз некалькі дзён мы даведаемся падрабязнасці і будуць іншыя ацэнкі. Немагчыма гаварыць з апазіцыяй, якая сядзіць у турмах. Гэта магчыма будзе толькі тады, калі на свабоду выйдуць палітзняволеныя, калі спыняцца масавыя рэпрэсіі, штодзённыя. Гэта базавыя ўмовы. У нашых турмах ёсць жахлівыя катаванні жанчын: па паўтара месяца няма зменнай бялізны, туалетнай паперы, зубных шчотак, вошы, лішай. І гэта ў 21 стагоддзі ў Еўропе.

Прэзідэнт Расіі гатовы выступіць гарантам гэтага? Добра. Хай зробіць. Канешне, мы хацелі б, каб гарантам гэтага працэсу выступілі нашыя партнёры ў Еўропе, гэта выклікала б больш даверу. Мы гатовыя прыняць дапамогу Усхода і Захада ў забеспячэнні транзіту ўлады ў Беларусі і прызначэння новых дэмакратычных выбараў. Таму пагроза Пуціна Лукашэнку зроблена. Варта гэта разумець. І быць гатовым да развіцця дальнейшых падзей.

Ёсць і эканамічны блок пытанняў. У адказ на рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць уласных грамадзян, а таксама ў сувязі з інцыдэнтам з прымусовай пасадкай рэйса Ryanair, ЕС увёў санкцыі супраць Беларусі. На падыходзе ўжо пяты пакет санкцый, які стаў рэакцыяй на «гібрыдную правакацыю» з удзелам мігрантаў на мяжы з Польшчай і Літвой.

У 2021 годзе Мінскі форум праходзіць 19-ы раз. Гэтую канферэнцыю шмат гадоў запар прымаў нямецкі адукацыйны цэнтр у Мінску. У 2020 годзе яна пераехала ў анлайн, а ў 2021 годзе працягваецца ў гібрыдным фармаце: анлайн і афлайн на тры гарады – Вільнюс, Варшаву і Берлін – з розніцай у тыдзень.

вх