Gazeta Wyborcza публікуе вялікі артыкул пра разгром руху анархістаў у Беларусі.
На мінулым тыдні былі вынесеныя жорсткія прысуды чатыром актывістам руху анархістаў: суддзя Вячэслаў Тулейка прысудзіў Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава да 20 гадоў калоніі, Дзмітрыя Рэзановіча да 19, Дзмітрыя Дубоўскага да 18 гадоў пазбаўлення волі.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме з прычыны «абароны персанальных дадзеных пацярпелых». Фігуранты ўключаны КДБ у спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
«Нягледзячы на тое, што судовы працэс быў закрытым, і адвакаты, якія прадстаўлялі інтарэсы абвінавачваных, падпісалі дакументы аб неразгалошванні, з самага пачатку было зразумела, што яны будуць прызнаныя вінаватымі», – піша Gazeta Wyborcza.
Анархістаў затрымалі ў кастрычніку 2020 года, аднак праваабаронцы прызнавалі іх палітвязнямі толькі пасля вынясення прысуду, 22 снежжня.
Адна з прычын у тым, што, у адрозненне ад іншых палітвязняў, анархісты звярталіся да супрацьпраўных дзеянняў у барацьбе з рэжымам.
Са спасылкай на беларускіх сілавікоў і праўладны Тэлеграм-канал выданне піша, што Аліневіч і Дубоўскі мелі мэту падпаліць будынкі міліцыі, пракуратуры, судоў і дзяржаўных арганізацый, якія звальнялі людзей за ўдзел у забастоўцы. Таксама іх абвінавацілі ў падпале аўтамабіляў супрацоўнікаў пракуратуры і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у Салігорску, а таксама некалькіх будынкаў дзяржадміністрацыі.
Ігар Аліневіч тлумачыў сваю пазіцыю тым, што з сілаю, маецца на ўвазе дзяржаўны апарат Беларусі, трэба размаўляць іх моваю.
Следчы камітэт таксама паведаміў, што завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць групы анархістаў «Рэвалюцыйнае дзеянне». Дзесяць чалавек затрыманыя, прынамсі чацвёра знаходзяцца за мяжой. Абвінавачанне тычыцца, у тым ліку, «стварэння або кіравання злачыннай арганізацыяй, стварэння экстрэмісцкага фармавання, арганізацыі масавых беспарадкаў, хуліганства, распальванне варожасці». 29-гадовы анархіст Раман Халілаў пакінуў Беларусь у 2019 годзе.
- Пасля аднаго з адміністрацыйных арыштаў два гады таму мяне папярэдзілі, што ў мяне пакуль няма крымінальнай справы, але яна можа з'явіцца ў бліжэйшы час, – кажа Халілаў. – Я разумеў, што мяне, верагодна, захочуць арыштаваць да пачатку прэзідэнцкай кампаніі ў 2020 годзе. У гэты час улады заўсёды імкнуліся ўзмацніць кантроль над анархістамі. Я зразумеў, што калі не пайду, то магу сесці за краты на доўгі час».
Гэтай восенню 57-гадовую Гаяне Ахтыян, маці анархіста Халілава гэтай восенню арыштавалі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, нібыта за непадпарадкаванне, а потым завялі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Халілаў называе гэтую справу помстай яму.
Месяц таму начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Андрэй Паршын паведаміў, што цяпер абвінавачанымі па крымінальных справах праходзяць не менш за 30 анархістаў. І што за сваю дзейнасць супраць уладаў ім пагражае жорсткае пакаранне. «З упэўненасцю можна сказаць, што анархісцкі рух у Рэспубліцы Беларусь цалкам ліквідаваны», – сказаў Паршын у інтэрвʼю дзяржаўнаму тэлебачанню.
вх