Беларуская Служба

Польшча пачала гадавое старшынства ў АБСЕ

03.01.2022 12:43
Сярод прыярытэтаў – пытанне бяспекі. 
Аўдыё
  • Польшча пачала гадавое старшынства ў АБСЕ
      .
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.Fot.: Marcin Dławichowski/IAR

1 студзеня 2022 года Польшча афіцыйна пачала сваё гадавое старшынства ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ). Старшынёй арганізацыі на працягу года будзе міністр замежных спраў Збігнеў Раў. Якія прыярытэты ставіць перад сабой Варшава? 

Сярод прыярытэтаў – пытанне бяспекі. Пра гэта на хвалі Польскага радыё казаў віцэ-міністр замежных спраў Марцін Пшыдач.

Намеснік кіраўніка МЗС адзначыў, што некалькі дзясяткаў краін аказалі Польшчы давер. – АБСЕ – адзіная арганізацыя, якая звязвае Усход з Захадам. Гэта арганізацыя, якая аб'ядноўвае ўсе краіны ад Ванкувера ў Канадзе да Уладзівастока на Далёкім Усходзе, у тым ліку краіны Цэнтральнай Азіі, Каўказа і Расіі, – растлумачыў Марцін Пшыдач. – Усе гэтыя краіны аднагалосна выбралі Польшчу старшынёй у АБСЕ, – дадаў ён.

-Гэта паказвае сілу польскай пазіцыі і польскай дыпламатыі. Натуральным чынам нашым прыярытэтам будзе тэма бяспекі на ўсход ад нашых межаў. Роля старшыні ў АБСЕ – гэта пасярэдніцтва падчас дыскусіі паміж бакамі, якія часта знаходзяцца ў канфлікце. Нашыя прыярытэты ва ўсходняй палітыцы не змяняюцца, але роля ў АБСЕ будзе хутчэй пасрэдніцкая. Мы будзем дзяржавай, якая будзе спрабаваць прывесці да дыялогу. Натуральным чынам будзе дамінаваць тэматыка Украіны.

Марцін Пшыдач удакладніў, што гаворка пра Данбас. Польшча будзе таксама рабіць намаганні размаўляць пра Крым. Паводле віцэ-міністра, Расія стала падкрэслівае, што мае свае спадзяванні ў дачыненні да Захаду. Таксама і Захад мае такія чаканні.

-Напрыклад, яе агрэсіўная палітыка ці ў дачыненні да Украіны, ці ў дачыненні да Грузіі. Таму пытанне канфліктаў – гэта адзін з першых прыярытэтаў. Другое – выхад нашых эканомік з крызісу пасля кавіду. Гэта таксама мае ўплыў на тэму бяспекі, бо мы бачым напружанне на розных рынках, таксама на энергетычным. Гэтыя два пытанні будуць нашымі прыярытэтнымі. Ёсць яшчэ трэці – стварэнне платформы для дыскусіі для розных краін, часта сканфліктаваных.

Марцін Пшыдач адзначыў, што Польшча чакае паседжання НАТА-Расія, якое павінна адбыцца ў бліжэйшай перспектыве. Польшча лічыць, што размовы з Масквой павінны мець калектыўны характар. Між іншым для гэтага ў 1949 годзе было створана НАТА, каб члены альянсу адчувалі сябе мацнейшымі.

-Як калектыўны Захад мы павінны размаўляць менавіта з такой перспектывы. Для нас гэта будзе ключавая размова. Адначасова Расія дае сігналы аб гатоўнасці размаўляць і на ўзроўні АБСЕ, дзе Польшча цяпер мае сваю ролю для выканання. Трэцім важным элементам з’яўляецца двухбаковы дыялог паміж Вашынгтонам і Масквой. Для нас важна, каб Вашынгтон прыслухоўваўся да ўсходняга флангу, то бок Польшчы, Румыніі, балтыйскіх краін.

Да гэтага моманту гэта адбывалася па-рознаму. Не заўсёды Вашынгтон прыслухоўваўся да ўсходніх краін НАТА, зазначае міністр Пшыдач. Ён нагадвае, што ЗША вядуць сваю ўласную палітыку, на якую краіны ўсходняга флангу не маюць уплыву, але стараюцца прапанаваць змены, паказваць агульны інтарэс. -Гэта не так, што Польшча адным голасам можа пераканаць Злучаныя Штаты. Мы разам з гэтак званай бухарэсцкай дзявяткай стараемся выпраўляць небяспечныя для нас напрамкі заходняй палітыкі, у тым ліку палітыкі ЗША, – адзначыў міністр Пшыдач.

У Міністэрстве замежных спраў паведамілі, што 13 студзеня на пасяджэнні Пастаяннай рады АБСЕ ў Вене міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў афіцыйна адкрые старшынства Польшчы і прадставіць яго прыярытэты. Польшча будзе супрацоўнічаць у межах г.зв Тройкі АБСЕ са Швецыяй, якая ўзначальвала працу АБСЕ ў 2021 годзе, і Паўночнай Македоніяй, якая будзе старшынстваваць у 2023 годзе. Польшча будзе займаць гэтую пасаду другі раз у гісторыі. Упершыню Польшча ўзначаліла Арганізацыю ў 1998 годзе.

У сярэдзіне ліпеня ў Вене падчас пасяджэння Пастаяннай рады АБСЕ міністр Збігнеў Раў заявіў, што падчас старшынства Польшча хоча імкнуцца да стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне. Ён падкрэсліў, што адным з самых экстрэмальных і актуальных выклікаў у сферы еўрапейскай бяспекі зʼяўляецца ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне. Ён таксама звярнуў увагу на т.зв замарожаныя канфлікты, сярод якіх ён назваў, між іншым, сітуацыя ў Беларусі, Малдове, Грузіі і канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам.

На думку Раў, Польшча бярэ на сябе старшынства ў АБСЕ ў вельмі цяжкі час. Акрамя бяспекі і эканамічных пытанняў Польшча павінна звярнуць увагу на правы чалавека – сказаў кіраўнік польскай дыпламатыі ў Вене.

- Самае важнае для польскага старшынства ў АБСЕ зводзіцца да пошуку шляхоў, перш за ўсё, для палягчэння сітуацыі мірных жыхароў, якія пацярпелі ў выніку працяглых, нявырашаных канфліктаў. Асабліва мы заклапочаныя людзьмі, якія найбольш пацярпелі ад такіх канфліктаў – жанчыны, дзеці, пажылыя людзі, інваліды, – падкрэсліў кіраўнік польскага МЗС, - адзначыў Раў.

Паводле яго слоў, дагэтуль гэтыя пытанні былі ў дзейнасці АБСЕ, але ніколі не ставіліся ў якасці прыярытэтных. Польшча паспрабуе зрабіць іх кіруючым прынцыпам польскага старшынства.


ав